Паводле дадзеных Галоўнага ўпраўлення паліцыі, у Польшчы працягваецца рэзкі рост колькасці выдадзеных дазволаў на валоданне агнястрэльнай зброяй, пішуць на старонках Dziennik Gazeta Prawna.
Калі ў 2020 годзе іх было выдадзена 10,2 тысячы, то ў 2022-м — ужо 34,4 тысячы, а мінулы, 2024 год, стаў рэкордным — 43,4 тысячы дазволаў. У руках палякаў цяпер знаходзіцца каля 1 мільёна адзінак зброі і 367 тысяч дзеючых дазволаў.
Эксперт па зброі, адвакат і кіраўнік Гданьскай школы стральбы Кшыштаф Куціньскі адзначае, што Польшча застаецца найбольш «раззброенай» краінай Еўропы. Паводле выданне Portal Strzelecki, на 100 тысяч жыхароў у Польшчы прыпадае толькі 2,5 адзінкі зброі — апошняе месца ў Еўрасаюзе. Для параўнання, у Фінляндыі гэты паказчык складае 32,4, у Аўстрыі — 30, на Кіпры — 29,1, а на Мальце — 28,3. У Германіі — 19,6 адзінкі на 100 тысяч чалавек.
Рост цікавасці да ўзбраенняў пачаўся ў 2022 годзе, пасля поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну. Дадатковым фактарам стаў прыняты ў 2023 годзе закон аб скасаванні «лішніх адміністрацыйных і прававых бар’ераў». Закон, у прыватнасці, дазволіў супрацоўнікам сілавых структур атрымліваць дазвол на зброю для асабістай абароны.
У выніку колькасць такіх дазволаў павялічылася з 154 у 2022 годзе да 6,2 тысячы ў 2023-м і 9,5 тысячы ў 2024-м. Эксперты мяркуюць, што тэндэнцыя на рост будзе працягвацца, бо грамадская цікавасць да стралковай падрыхтоўкі і асабістай бяспекі ў Польшчы застаецца высокай.
эж