Здавалася б, добрае надвор’е, калі свеціць сонца, а паветра цёплае, гэта ідэальныя ўмовы на планаванне падарожжа, якое павінна быць адносна бяспечна. Аднак, як паказвае статыстыка дарожна-транспартных здарэнняў, якраз летам у гарачае сонечнае надвор’е здараецца шмат аварый.
15 жніўня ў Польшчы быў свабодны ад працы дзень. Тысячы жыхароў краіны скарысталіся працоўным перапынкам і выдатным надвор’ем, каб выехаць на прыроду ці адправіцца на экскурсію ў іншы горад, наведаць сваякоў або сяброў. Пры гэтым, дарожная паліцыя працавала, не пакладаючы рук. Гэта былі адны з самых трагічных доўгіх выходных на польскіх дарогах на працягу апошніх гадоў. За тры дні здарыліся 360 дарожна-транспартных здарэнняў, у выніку якіх загінуў 41 чалавек, а 431 атрымаў траўмы.
Гэтая трагічная колькасць ахвяр была абумоўлена масавым турыстычным рухам, значным перавышэннем хуткасці, а таксама няўвагай, ігнараваннем дарожных знакаў, - адзначыў інспектар Марыюш Сакалоўскі (Mariusz Sokołowski), былы прэс-сакратар галоўнага каменданта паліцыі.
— На жаль, усё яшчэ піжонства, спешка, адсутнасць развагі многіх удзельнікаў дарожнага руху прыводзіць да трагічных здарэнняў. Заўсёды ў часы так званых доўгіх выходных рух на польскіх дарогах значна павялічваецца. Адпаведна, неабходна браць пад увагу тое, што мы правядзём у дарозе больш часу, чым звычайна і пазней прыбудзем на месца прызначэння. Многія кіроўцы робяць усё магчымае, каб прыехаць як мага хутчэй, пры гэтым, яны рызыкуюць жыццём і здароўем – уласным і сваіх блізкіх, а таксама іншых кіроўцаў і пасажыраў.
Галоўны інспектар паліцыі Малапольскага ваяводства Яанна Бель-Радваньска (Joanna Biel-Radwańska) кажа, што алкаголь не заўсёды з'яўляецца фактарам аварый падчас доўгіх выхадных. Як ні парадаксальна, віной магло быць добрае надвор'е.
— Пры добрых атмасферных умовах, на прамым адрэзку дарогі, кіроўцам здаецца, што зусім не абавязкова прытрымлівацца правіл дарожнага руху. І яны гэтыя правілы парушаюць, што прыводзіць да дарожна-транспартных здарэнняў. Можна прывесці шмат прыкладаў такіх ДТЗ, калі кіруючы аўтамабілем на прамым адрэзку дарогі не справіўся з кіраваннем і або разбіўся на абочыне, або сутыкнуўся з машынай, якая рухалася па супрацьлеглай паласе руху.
Паводле слоў Марыюша Сакалоўскага, праблемай польскай дарожнай паліцыі таксама з'яўляецца вялікі недахоп супрацоўнікаў, якія сочаць за парадкам на дарогах.
— Паліцэйскіх на службе павінна быць каля 7,5 тысячы. Але калі падзяліць гэтую колькасць на некалькі змен, па восем гадзін, тады акажацца, што іх значна менш. Калі ўзяць таксама пад увагу адсутнасць некаторых паліцэйскіх, якія знаходзяцца на бальнічным або ў водпуску, дык атрымаецца, што супрацоўнікаў зусім няшмат – каля адной тысячы, максімальна дзвюх тысячы чалавек. Цяпер, калі паліцыі востра не хапае супрацоўнікаў, многія кіроўцы мяркуюць, што, нават калі яны і парушаць правілы дарожнага руху, іх ніхто не затрымае.
Эксперт па бяспецы дарожнага руху Марэк Канкалеўскі (Marek Konkolewski) дадае, што летам шмат людзей адпраўляецца на поўдзень або поўнач Польшчы - у горы або на мора. А чым больш інтэнсіўны рух, тым большая верагоднасць аварыі. Таксама часта людзі спяшаюцца, а празмерная хуткасць з'яўляецца самай частай прычынай аварый. Пры гэтым, гарачыня выклікае стомленасць.
— Для летніх ДТЗ характэрная высокая смяротнасць, таксама шмат людзей атрымлівае траўмы. Прычына ў тым, што ў машынах едуць цэлыя сем’і. Мы не разумеем, наколькі небяспечнай можа быць празмерная хуткасць. Мы сядзім унутры камфортнай машыны. Калі мы рухаемся з хуткасць 100 кіламетраў у гадзіну і ўдарым у дрэва або слуп, дык гэты ўдар можна параўнаць па сіле з той сілай, калі б мы скінулі аўтамабіль з 10 паверха (11 па-беларуску – рэд.) на зямлю. Акрамя таго, летам мы як правіла ездзім на больш доўгія дыстанцыі, чым восенню і зімой, калі водзім асцярожней у дрэннае надвор’е. Ну, і засынаем за стырном. І, канешне, алкаголь, псіхатропныя рэчывы, адсутнасць уважлівасці, карыстанне мабільнікам.
Пешаходы таксама выклікаюць ДТЗ, калі ідуць па няправільным баку дарогі, выходзяць непасрэдна на шлях аўтамабіля, нават на пешаходны пераход, забываючы, што пешаходны пераход не гарантуе бяспекі.
Самым трагічным днём доўгіх выходных стала пятніца, 15 жніўня, калі ў 88 ДТЗ загінуў 21 чалавек. Падчас праверак паліцыя затрымала 377 кіроўцаў за значнае перавышэнне хуткасці ў населеных пунктах (больш чым на 50 кіламетраў у гадзіну). Супрацоўнікі паліцыі таксама зафіксавалі амаль 1500 кіроўцаў у стане алкагольнага ап'янення.
IAR/нг