Аляксандра па адукацыі фізік, пасля 2020 года апынулася ў эміграцыі і ў Польшчы пачала займацца мастацтвам, хаця, як сама падкрэслівае, не мае мастацкай адукацыі. Цяпер займаецца тым, што робіць мастацкія праекты, прысвечаныя тэматыцы Беларусі.
Прызнаюся перад суразмоўцай, што не хаваю свайго здзіўлення, як усё можа настолькі змяняцца ў жыцці чалавека, і прашу распавесці, як такое здарылася з ёй.
— Так, мой прыклад паказвае, што такое можа здарацца. Не ведаю, але ў мяне, калі я з’ехала ў эміграцыю, было вельмі шмат болю. І я не ведала, як яго сублімаваць. Я пастаянна цікавілася кінематографам, шмат чытала і спрабавала фатаграфаваць. І вось праз фатаграфію я паверыла ў сябе, і мае блізкія таксама ў мяне паверылі.
— З чаго вы пачыналі ваш першы праект?
— Мой першы мастацкі праект «Стан адмаўлення» прысвечаны прапагандзе і таму, як чалавек функцыянуе ў лічбавай прасторы, поўнай маніпуляцый з боку прапаганды. І тое, як я пачала яго рабіць, — гэта мой уласны досвед: як я зануралася ў беларускую прапаганду, як балюча мне было чытаць навіны з Беларусі і як я выдаляла каналы навін, як я адварочвалася ад гэтага ўсяго, а потым усвядоміла, што чым больш знаходжуся ў гэтым адмаўленні, тым прасцей прапагандзе замыльваць мае погляды і погляды іншых людзей і, уласна, тварыць злачынствы, а потым іх хаваць.
— І таму вы вырашылі нешта зрабіць…
— Так. Напэўна, я магу сябе назваць мастачкай, якая засноўваецца на даследаваннях. Гэта значыць, што я не раблю спачатку аб’екты, а потым дадумваю, што яны азначаюць, а шмат часу аддаю даследаванню сваёй тэмы, якая мяне цікавіць. А цікавіць мяне прапаганда, постпраўда, маніпуляцыі і траўмы. Я пачала збіраць гісторыі затрыманняў, загалоўкі навін, і потым усё склалася ў адно.
— Разумею, што даследаваць могуць многія, а вось як прыйсці да таго, каб паказаць гэта…
— У фатаграфіях мае асацыяцыі, мае метафары. Калі я чытала навіны аб затрыманнях людзей у Беларусі, яны самі сабою складваліся, бо я не хацела паказваць твары людзей, называць іх імёны, бо пра гэта шмат зроблена праектаў і надрукавана кніг, і яны былі небяспечныя для тых, хто хацеў вяртацца на радзіму, і, дарэчы, многія былі затрыманыя ў выніку. Таму я вырашыла выкарыстаць мову сучаснай фатаграфіі, каб нікога не падстаўляць, але пры гэтым даносіць свой пасыл завуалявана, як гэта робіць прапаганда, і каб чалавек не наўпрост мог суадносіць нейкія асацыяцыі.
— У вашым праекце не толькі здымкі?
— Праект складаецца з чатырох частак. Першая частка — гэта тэкст гісторыі затрымання. Другая частка — фатаграфіі, якія заснаваны на гэтых гісторыях, мае ўласныя асацыяцыі і метафары. Трэцяя частка — гэта загалоўкі, якія былі размешчаны ў СМІ прапагандай у канкрэтныя дні гэтых затрыманняў. Яны афіцыйныя, іх можна адшукаць у сеціве. І чацвёртая частка — гэта згенераванае выяўленне на падставе гэтых загалоўкаў навін, каб стварыць візуальнае смецце з навін.
Гэтыя навіны з боку прапаганды былі промптам для штучнага інтэлекту, і я па іх генеравала выяўленне, каб стварыць гэтае смецце, каб адцягнуць увагу. Паколькі прапаганда ў моманты крызісу прадукуе шмат візуальнага смецця з навін і адсякае гэтым самым нашу ўвагу, адводзіць яе на іншае. І мы, як бы, варымся ва ўсёй гэтай кучы.
— Як жанрава можна абазначыць ваш праект?
— Тут можна казаць, што гэта мультыдысцыплінарны праект, які складаецца з фатаграфіі, з генераванага мастацтва і тэкстаў.
— Вы сказалі, што па адукацыі фізік, а чым займаецеся ў Польшчы?
— Я працую мастачкай. Атрымліваю стыпендыю ад горада Варшавы, і мой праект быў выстаўлены ў Сінгапуры, Парыжы, Франкфурце, Берліне, Монпелье ды шмат іншых гарадах у свеце. І я проста працую мастачкай, у мяне ёсць майстэрня.
— Цікава, як гэта пасля фізікі стаць мастаком…
— Раней я была багатай і нешчаслівай, а цяпер — бедная і шчаслівая. Мне падабаецца тое, чым я займаюся. І я адчуваю сябе карыснай. У працы сфакусіравалася на беларускай тэматыцы, рыхтую кнігу па гэтым праекце.
— Вашы працы ўжо здолелі пабачыць свет. А як свет паставіўся да іх?
— Францыя любіць гэты праект. Яны наогул нацэленыя на праекты, звязаныя з маніпуляцыямі, абсурдам. І гэты праект выйграў конкурс сёлета на фестывалі ў Монпелье. І зараз мае працы знаходзяцца ў калекцыі горада Монпелье — муніцыпалітэт выкупіў іх. І ў цэлым еўрапейцы з большай цікавасцю рэагуюць на праект, чым беларусы.
Магчыма, беларусы проста менш ведаюць пра яго, а вось еўрапейцы захапляюцца шматслойнасцю, тым, як гэта ўсё прадумана. Кожнае дзеянне апраўдана, я магу адказаць на любое пытанне. Тут вельмі складаная структура, я над гэтым працую трэці год. І мне здаецца, што ён можа служыць для беларусаў як архівацыя па тых злачынствах, якія ў нас адбываюцца, а для еўрапейцаў — гэта той пласт інфармацыі, пра які яны наогул не ведаюць. І калі яны з ім сустракаюцца, то проста ў жаху ад таго, што ў нас могуць быць затрыманыя за малітву, альбо за колер шкарпэтак, за кветкі і г.д.
— Аляксандра, а як вам даецца эміграцыя?
— У мяне была вельмі цяжкая дэпрэсія, і зараз яна працягваецца. Праўда, я імкнуся жыць.
— А што вас турбуе найбольш?
— Тое, што не магу вярнуцца дамоў. Два гады таму памёр мой дзядуля, а я не магла з’ездзіць на пахаванне. Я вельмі сумую па родных, вельмі прывязана да свайго дома. Мне не хапае той любові, тых мясцін і проста чалавечага цяпла ад сваёй сям’і.
— Споўнілася пяць гадоў з часу тых падзей — што вам цяпер узгадваецца?
— Напэўна, той адрэналін, які я адчувала. Мне тады здавалася, што нешта можна змяніць. Зараз я таксама спадзяюся на гэта і веру, што рана ці позна ўсё гэта скончыцца. І тады, і цяпер мае эмоцыі знаходзяцца ў такой скрынцы, якую нельга адчыняць, бо інакш мне будзе вельмі дрэнна. Я імкнуся трохі абстрагавацца ад усяго і проста жыць, працаваць, рабіць праекты, каб дапамагаць сабе і беларусам.
Павел ЗАЛЕСКІ
Слухайце аўдыё!