Беларуская Служба

У Пузьніках адбудзецца ўрачыстае перапахаванне ахвяраў Валынскай трагедыі

05.09.2025 08:22
На Цярнопальшчыне адбудзецца пахаванне палякаў, забітых 80 гадоў таму падчас Валынскай трагедыі. Парэшткі 42 ахвяр будуць спачываць у асобных магілах.
   ,  2025 .
Эксгумацыйныя працы ў Пузьніках, лета 2025 г. Krystian Maj/KPRM;Twitter/PremierRP

У суботу, 6 верасня, ахвяры Валынскай трагедыі знойдуць спачын на могілках у Пузьніках ва Украіне. Палякі, забітыя нацыяналістамі з УПА і пахаваныя 80 гадоў таму ў масавай магіле, цяпер будуць перапахаваныя ў індывідуальных магілах. На іх можна будзе ўсталяваць крыжы і пазней — шыльды з імёнамі і прозвішчамі.

Да доўгачанай эксгумацыі ў Пузьніках каля Цярнопаля дайшло вясной гэтага года. Даследчыкі выявілі ў масавай магіле парэшткі польскіх жыхароў гэтай мясцовасці, забітых нацыяналістамі з УПА. Цяпер наступае чарговы надзвычай важны крок — годнае пахаванне ахвяр, — кажа Мацей Данцэвіч, віцэ-прэзідэнт Фонду «Свабода і дэмакратыя», які атрымаў дазвол на эксгумацыйныя працы ў Пузьніках і каардынаваў іх:

— Перад намі пахаванне эксгумаваных парэшткаў. Гэта адбываецца ўпершыню за амаль дзесяць гадоў прац у гэтым кінурнку. І гэты пахавальны абрад асаблівы тым, што, у адрозненне ад іншых, напрыклад у Аструбках ці Гаі, мы дамагліся таго, каб нашых забітых суайчыннікаў пахавалі ў індывідуальных магілах. Гэта будуць асобныя пахаванні з крыжамі, а не адна агульная магіла. У Паморскім медыцынскім універсітэце працягваюцца даследаванні ДНК, якія наблізяць нас да вызначэння асобаў. Таму хутка на крыжах, якія пакуль будуць безыменнымі, з’явяцца шыльды з прозвішчамі.

— Гэта вельмі важна для ўсіх палякаў, асабліва для сем’яў ахвяр.

— Сапраўды, гэта надзвычай важна. 80 гадоў мінула, і цяпер — гэта ўжо апошні момант, калі яшчэ можна пахаваць сваіх родных. На ўрачыстасць прыедзе больш за 50 чалавек, у большасці — гэта сваякі, якія ўжо не памятаюць саміх Пузьнікаў, бо мінула 80 гадоў. Але будуць і некалькі чалавек, што памятаюць вёску яшчэ з часоў вайны, яны перажылі саму трагедыю. Мы чакалі вельмі доўга. Гэта завяршэнне трох гадоў нашай працы: пошукаў, эксгумацыі і цяпер пахавання. Але сама тэма існуе значна даўжэй: яшчэ ў 2007 годзе Рада ўшанавання пакутнікаў спрабавала адшукаць гэтую магілу, калі ёй кіраваў Анджэй Пшэвозьнік. То-бок гаворка ідзе ўжо амаль пра два дзесяцігоддзі зацікаўленасці гэтай справай. Асабліва інтэнсіўна мы працавалі апошнія тры гады. У выніку ўдалося знайсці і эксгумаваць парэшткі 42 чалавек.

— Сама магіла была вельмі складаная, шматслаёвая. У ёй знаходзіліся парэшткі і жанчын, і мужчын, і дзяцей, хоць пераважна жанчын і дзяцей. Ці атрымалася ўжо атрымаць большасць генетычных профіляў?

— Не, пакуль не ўсе. Мы ведаем, што некаторыя парэшткі належаць да пэўных сем’яў, але канчатковых пацвярджэнняў пакуль няма. Працягваюцца навуковыя даследаванні. Паводле спецыялістаў са Шчэціна — антраполагаў і генетыкаў — глеба была такой, што генетычны матэрыял захаваўся добра. Таму ёсць вялікі шанец на поспех, то-бок вяртанне ідэнтычнасці ахвярам.

— Эксгумацыя — гэта першы этап, пахаванне — другі. А вяртанне імёнаў ахвярам стане завяршэннем усяго складанага працэсу. Калі, на вашу думку, гэта можа адбыцца?

— Не хацеў бы апярэджваць падзеі, гэта справа спецыялістаў. Але неафіцыйна ведаю, што да канца года могуць з’явіцца першыя персанальныя ідэнтыфікацыі. Гэта вельмі важна для сваякоў, многія з якіх прыедуць на пахаванне. Акцыя збору ДНК атрымала шырокі водгук, таму ёсць падставы чакаць, што да канца года частка асобаў будзе ідэнтыфікаваная.

— А хто, акрамя сваякоў, прыме ўдзел у жалобнай урачыстасці пахавання ў Пузьніках?

— Гэтая ўрачыстасць у першую чаргу для сем’яў, але яе значнасць падчас падрыхтоўкі пастаянна расла. Мы ведаем, што прысутнічаць будуць найвышэйшыя асобы польскай дзяржавы. Чакаем візіту старшыні Сената Малгажаты Кідавы-Блоньскай, будзе міністр культуры і нацыянальнай спадчыны Марта Ценькоўская, кіраўніцтва Інстытута нацыянальнай памяці Польшчы. Чакаецца і ліст ад прэзідэнта Караля Наўроцкага, які будзе зачытаны прысутным.З украінскага боку будуць прадстаўнікі ўлады, у тым ліку міністр культуры. Гэта сведчыць, што падзея важная не толькі для сем’яў, але і для ўсёй польскай дзяржавы.

Варта адзначыць, што супрацоўніцтва з украінскім бокам на мясцовым і цэнтральным узроўні адбываецца вельмі добра, без перашкод. На жаль, так было не заўжды. Магчыма, гэта адкрые шлях і для іншых эксгумацый, каб і ў іншых месцах ахвяры былі годна перапахаваныя.

— Гэта жалобная ўрачыстасць важная і для вас асабіста. Нагадаем, што значаць Пузьнікі для гістарычнай памяці палякаў, чаму  для грамадства так важныя былі эксгумацыі і цяпер  гэтае пахаванне?

— Гэта ахвяры Валынскага злачынства, якое пачалося ў 1943 годзе і працягвалася да 1945-га. Працэс вынішчэння польскага насельніцтва пераносіўся з Валыні на поўдзень, у былыя Цярнопальскае, Станіслаўскае, Львоўскае ваяводствы. Валынь з’яўляецца сімвалам, але трагедыя закранула значна шырэйшыя тэрыторыі. Таму ў Пузьніках мы таксама аддаём пашану ўсім ахвярам трагедыі, вяртаем памяць.

Мацей Данцэвіч, віцэ-прэзідэнт Фонду «Свабода і дэмакратыя», які атрымаў дазвол на эксгумацыйныя працы ў Пузьніках і каардынаваў іх, таксама паведаміў, што наперадзе — новы этап: пошук другой магілы ахвяр Валынскай трагедыі ў гэтай вёсцы. У Цярнопалі дазвол ужо атрыманы, цяпер чакаецца згода з Кіева. У лістападзе пачнуцца новыя пошукавыя працы  ў Пузьніках.

Галіна Остас/эж