Беларуская Служба

Трыумф правасуддзя. Суд палічыў, што дапамога нелегальным мігрантам без асабістай карысці — гэта не злачынства

09.09.2025 15:50
Суд усіх пяцярых чалавек апраўдаў.
Аўдыё
  • Суд апраўдаў актывістаў, які дапамагалі мігрантам.
   .
Абвінавачаныя актывісты на судзе. Фота: PAP/Artur Reszko

Як мы ўжо паведамлялі, у панядзелак, 8 верасня Раённы суд у Гайнаўцы (паседжанне прайшло ў Беластоку) вынес прысуд у адносінах пяцярых актывістаў, якія займаліся гуманітарнай дапамогай на мяжы з Беларуссю. Гэтых людзей Польская пракуратура абвінавачвала ў садзейнічанні нелегальнаму знаходжанню мігрантаў у Польшчы.

Суд усіх пяцярых чалавек апраўдаў. Суддзя адзначаў, што ў дзеяннях падсудных не было складу злачынства. У сваю чаргу, пракуратура патрабавала пакарання — год і чатыры месяцы пазбаўлення волі для кожнага. Абвінаваўца будаваў абгрунтаванне на больш жорсткай юрыдычнай кваліфікацыі, сцвярджаючы, што яны ўдзельнічалі ў незаконным перасячэнні мяжы. Абарона і самі абвінавачаныя настойвалі на апраўданні.

Чатырох з іх затрымалі, калі яны перавозілі мігрантаў. Следчыя абвінавацілі іх у дапамозе мігрантам незаконна перасякаць польска-беларускую мяжу. Следства ішло два гады. За гэты час пракуратура змяніла абвінавачанне на “садзейнічанне незаконнаму знаходжанню мігрантаў у Польшчы”, і ў такой форме абвінаваўчы акт трапіў у суд. Адна асоба была абвінавачаная ў тым, што дастаўляла мігрантам ежу і вопратку, калі яны знаходзіліся ў лесе. Яна таксама перадавала ім інфармацыю, карысную ў выпадку затрымання, давала прытулак і забяспечвала адпачынак. Астатніх чатырох абвінавацілі ў тым, што яны перавозілі гэтых замежнікаў у глыб краіны.

Абвінавачанне пракуратуры было заснавана на тым, што падсудныя атрымалі асабістую карысць ад сваіх дзеянняў. Суддзя Адам Радакоўскі (Adam Rodakowski) адзначыў, што гэта памылковая інтэрпрэтацыя.

— Вінаватым у такім правапарушэнні можа быць толькі той, хто робіць нешта ў мэтах атрымання маёмаснай або асабістай карысці. Канструкцыя гэтага абвінаваўчага акта грунтуецца на тым, што абвінавачаныя здзейснілі інкрымінаваныя ім дзеянні. Гэта значыць — садзейнічалі знаходжанню замежнікаў, каб даць ім асабістую карысць, але гэта прынесла асабістую карысць не ім, а гэтым замежным грамадзянам, якія незаконна перасеклі мяжу. Калі прыняць такую інтэрпрэтацыю, што для здзяйснення гэтага злачынства асабістая карысць не можа тычыцца толькі іншаземца, яе павінен атрымаць таксама той, хто аказвае дапамагу, або павінна быць маёмаснай карысцю — каб рэалізаваць прыкметы дадзенай прававой нормы, — то ў гэтай справе такой карысці, ні маёмаснай, ні асабістай, па баку абвінавачаных не было.

На думку пракурора Магдалены Рутыны, мэтаю абвінавачаных было садзейнічанне праходу мігрантаў у Заходнюю Еўропу. Яна сцвярджала, што яны дзейнічалі ў межах арганізаванай структуры, мелі падзел роляў і ведалі сапраўдную мэту паездкі замежнікаў.

Адвакат абвінавачаных Радаслаў Башук (Radosław Baszuk), якога цытуе TVN24, паставіў пад сумнеў пазіцыю пракуратуры адносна змены кваліфікацыі правапарушэння. Ён адзначыў, што закон стаіць па баку падсудных. І прысуд гэта пацвердзіў.

— Я ведаў, што закон на баку маіх кліентаў, што факты таксама на іх баку. І я спадзяваўся, што некаторы сацыяльны, а таксама палітычны ціск, якая ўзнікла ў сувязі з гуманітарным крызісам на беларуска-польскай мяжы, не зменіць ацэнкі права і фактаў.

Актывісты, апраўданыя судом, падзякавалі ўсім, хто прыйшоў іх падтрымаць. Гавораць Эва Мароз-Качыньска (Ewa Moroz-Kаczyńska) і Марыюш Хыжыньскі (Mariusz Chyżyński).

Эва Мароз-Качыньска: Гэта было для мяне асабіста вельмі цяжка, працэс быў доўгі, але мяне вельмі цешыць, што ў гэтым судзе мы пачулі справядлівы прысуд. Я паўтарала з самага пачатку: дапамога - гэта не злачынства, мы нікога не крыўдзілі. Як бачыце, і суд згодны: дапамога — гэта не гвалт. І яшчэ раз усім вялікі дзякуй.

Марыюш Хыжыньскі: Я хачу таксама сказаць, што ні адну секунду ні тут, ні на мяжы я не сумняваўся, што паступаю правільна. У мяне не было б такіх сумневаў нават пры асуджальным прысудзе. Але тым больш я цаню, што нават у вачах польскай дзяржавы мы невінаватыя, не крымінальнікі, а людзі, якія хочуць дапамагчы іншым у патрэбе. Сярод плыні дрэнных навін з усяго свету ёсць і такія, якія нясуць надзею. І гэты прысуд для мяне, і, на маю думку, для многіх іншыцх, стаў такой навіной, якая нясе надзею.

Прысуд расчараваў Барташа Малеўскага (Bartosz Malewski), прадстаўніка арганізацыі правага напрамку Ordo Iuris і асацыяцыі «Марш Незалежнасці».

— Суд вырашыў, што артыкул 164а трэба трактаваць такім чынам, што маёмасная або асабістая карысць, пра якую там гаворыцца, не можа быць карысцю для саміх замежнікаў — яна павінна быць атрымана непасрэдна выканаўцамі. А такога не здарылася. Гэта і вырашыла, што абвінавачаныя апраўданыя. Суд разам з тым пацвердзіў факт, што дапамога асобам, якія нелегальна знаходзяцца ў Польшчы, сапраўды аказвалася, і прама пра гэта паказаў у абгрунтаванні прысуду.

Рашэнне суда, які апраўдаў актывістаў, пакуль што не ўступіла ў законную сілу.

IAR/TVN24/нг