Беларуская Служба

Польшча апынулася сярод краін, якія секулярызуюцца найбольш хутка

11.09.2025 13:57
Польшча аказалася краінай, дзе міжпакаленчыя адрозненні ў рэлігійнасці найбольшыя.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Ri_Ya/pixabay.com/CC0 Public Domain

Польшча секулярызуецца найхутчэй у свеце, а рэлігія губляе сваё значэнне, асабліва сярод моладзі – гэта высновы даследавання прафесара Ёрга Штольца з Лазанскага ўніверсітэта, апублікаванаha ў Nature Communications. Паводле сацыёлага рэлігіі, прафесар Катажыны Зялінскай з Ягелонскага ўніверсітэта, з якой размаўляла агенцтва PAP, гэта звязана, сярод іншага, з палітызацыяй Каталіцкага касцёла, яго падыходам да вернікаў і пандэміяй.

Маладыя людзі менш рэлігійныя, чым старэйшыя

Даследаванне прааналізавала, між іншым, як змяняецца стаўленне да рэлігіі ў розных узроставых групах. Аказваецца, што маладыя людзі ва ўсім свеце цяпер менш рэлігійныя, чым старэйшыя. Аднак Польшча аказалася краінай, дзе міжпакаленчыя адрозненні ў рэлігійнасці найбольшыя (як з пункту гледжання ўдзелу ў рэлігійных практыках, так і важнасці рэлігіі ў жыцці і пачуцця прыналежнасці).

На думку прафесара Штольца, гэта звязана з тым, што краіна вельмі хутка мадэрнізуецца і перажывае значнае эканамічнае і тэхналагічнае развіццё.

«Прыкладна з 2016 года мы назіраем змену папярэдніх тэндэнцый, зніжэнне колькасці людзей, якія абвяшчаюць сябе вернікамі і ўдзельнічаюць у рэлігійных практыках. Мы таксама назіраем павелічэнне колькасці людзей, якія абвяшчаюць сябе няверуючымі», – адзначыла прафесар Зяліньска. Між іншым, паводле апытанняў CBOS, у апошнія гады працэнт людзей, якія называюць сябе няверуючымі, павялічыўся з некалькіх да 14 працэнтаў.

Чаму секулярызацыя ў Польшчы адбываецца менавіта цяпер?

Прафесар Зялінская патлумачыла, што высокая пазіцыя Касцёла звязана з гісторыяй краіны. На працягу сотняў гадоў ён быў носьбітам нацыянальнай ідэнтычнасці і прадстаўніком нацыі ў адносінах з рэжымам, асабліва падчас падзелаў і камунізму.

Аднак, на яе думку, успрыманне ролі Каталіцкага касцёла ў Польшчы значна змянілася за апошняе дзесяцігоддзе, асабліва падчас улады Аб'яднаных правых сілаў(2015–2023). У той час касцёл стаў моцна палітычна актыўным, падтрымаўшы кіруючую партыю.

«Касцёл заўсёды быў палітычна заангажаваны, але ў згаданы перыяд (2015–2023 гады) гэты ўдзел перастаў падтрымлівацца ў некаторых каталіцкіх колах. Былі папярэджанні, што такія цесныя сувязі паміж Касцёлам і адной палітычнай партыяй могуць негатыўна паўплываць на яго рэпутацыю», – падсумавала сацыёлаг.

Да гэтай пары ў Польшчы не было ціску на рэформу Касцёла

Яшчэ адным фактарам стала пандэмія COVID-19, якая парушыла звычку рэгулярнага ўдзелу ў рэлігійных практыках, таксама большая колькасць людзей пачала адчуваць неабходнасць змены ў тым, як Касцёл камунікуе са сваімі вернікамі і грамадствам. У камуністычную эпоху, калі іншыя еўрапейскія краіны секулярызаваліся і навязвалі змены сваім Касцёлам, у Польшчы не было ціску на рэформы.

«У выніку ў нас усё яшчэ ёсць традыцыйны Касцёл, дзе святар – найважнейшая фігура, а свецкія толькі дапамагаюць», – сказала прафесар Зяліньска.

Яна дадала, што маладыя людзі пачынаюць расчароўвацца ў гэтай установе, бо лічаць, што Касцёл не рэагуе на іх патрэбы. Людзі таксама абураюцца яго рэакцыяй на скандалы з сексуальным гвалтам.

Спрыяюць секулярызацыі таксама змяненне гендарных роляў і павелічэнне ўдзелу жанчын на рынку працы.

Яшчэ адзін фактар – разбурэнне традыцыйнай рэлігійнай сацыялізацыі: усё менш бацькоў, асабліва ў буйных гарадах, адпраўляюць сваіх дзяцей на ўрокі рэлігійнай адукацыі ў школе, што аслабляе перадачу рэлігійных практык.

Міжнародная сітуацыя таксама мае значэнне

Прафесар Зяліньска лічыць, што цяжка прадказаць, ці секулярызацыя ў Польшчы будзе пашырацца. «Шмат што залежыць ад таго, як Каталіцкі касцёл адрэагуе на працэсы, якія адбываюцца ў грамадстве. Міжнародная сітуацыя таксама мае значэнне – у тым ліку і вайна за ўсходняй мяжой. Гісторыя паказвае, што ў крызісных сітуацыях, калі няма экзістэнцыяльнай бяспекі, рэлігія часта становіцца прывабным рашэннем», – падсумавала эксперкта.

аз