90 гадоў таму ў гісторыі Польшчы мела месца падзея, якая стала сімвалічнай для маладой дзяржавы. Згодна з пастановай Версальскай мірнай дамовы, Польшча атрымала каля 150 км узбярэжжа Балтыкі, прычым практычна без ніякай інфраструктуры. Усё прыходзілася будаваць і ствараць з нуля: марскія парты, а таксама флот – як ваенны, так і гандлёвы.
І вось, праз гады, восенню 1935 года ў свой першы рэйс з порту Гдыня адправілася пасажырскае судна «Пілсудскі». На той момант гэта быў найхутчэйшы на Балтыцы пасажырскі трансатлантычны лайнер, які стаў сімвалам адроджанай Польшчы.
15 верасня 1935 года ў свой першы рэйс з пасажырамі адправілася судна «Пілсудскі» – першы ў краіне трансатлантычны лайнер. Для маладой польскай краіны гэта быў сімвалічны крок, які сведчыў пра тое, што Польшчы – марская дзяржава.
«Пілсудскі» ля прычалу Гдыньскага марскога вакзалу. 1938 год. Крыніца: Muzeum Miasta Gdyni
Судна было спушчанае на ваду 19 снежня 1934 года. Пазней яшчэ сем месяцаў працягваліся аддзелачныя работы. У той час падзея была настолькі важнай, што ўрачысты спуск трансляваўся ў прамым эфіры Польскага радыё! Дызайн і інтэр'ер мелі выклікаць выразныя асацыяцыі з польскай культурай, таму гэтую задачу даверылі вядомым польскім мастакам і дызайнерам.
На сямі палубах у трохкласавай кампаноўцы трансатлантычнага лайнера маглі размясціцца 773 пасажыры і каля 300 членаў экіпажа. «Пілсудскі» рэкламаваўся як самае хуткае пасажырскае судна на Балтыйскім моры – яго сярэдняя хуткасць складала 18 вузлоў (33 км/г).
Пасля пабудовы порта ў Гдыні ў 1920-х гадах польскі гандлёвы флот па-ранейшаму не меў вялікіх суднаў, у тым ліку пасажырскіх, якія маглі здзяйсняць дальнія рэйсы. Памятайма, што тады авіяцыя не была вельмі развітой, таму, каб дабрацца, напрыклад, у Амерыку, трэба было плысці на лайнеры.
Гэта змянілася са стварэннем Польскага таварыства трансатлантычнага параходства. Кампанія набыла тры судны ў дацкага суднаўладальніка: «Палонія», «Пуласкі» і «Касцюшка». Але неўзабаве яны хутка перасталі закрываць патрэбы польскага суднаходства, таму фірма вырашыла заказаць сучасныя трансатлантычныя судны на італьянскай верфі. Былі пабудаваны два падобныя лайнеры: «Пілсудскі» і «Баторы». А паколькі ў Польшчы тады не было дастаткова фінансавых сродкаў, то судны часткова аплацілі пастаўкамі польскага вугалю ў памеры 1 млн 600 тон.
Гісторыю будаўніцтва пасажырскіх суднаў «Пілсудскі» і «Баторы», якія былі створаныя паводле аднаго праекту, расказаў у эфіры Польскага радыё Гжэгаж Рагоўскі – аўтар кнігі «Пад польскім сцягам праз Атлантыку».
- Да вайны эміграцыя з Еўропы ў цэлым была даволі вялікай, не толькі з Польшчы, але і з іншых краін. Суднаходныя кампаніі зараблялі вялізныя грошы на эмігрантах, і ў пэўны момант палякі вырашылі, а чаму б нам самім не зарабіць? Калі такая эміграцыя існуе, то яна магла б адбывацца пад польскім сцягам. Польшча купіла дацкае параходства – спачатку 50% акцый, а пазней – увесь кантрольны пакет. Але судны былі даволі старыя, і прыйшла неабходнасць абнаўлення флоту, каб можна было абслугоўваць не толькі эмігрантаў, але і турыстаў ды багатых пасажыраў. У той час у нас не было суднабудаўнічай прамысловасці як такой, і прыйшлося лайнеры будаваць за мяжой. Быў абвешчаны тэндар, які выйграла Італія, а судны пабудавалі ў невялікім горадзе Монфальконэ.
Памяшканне для курэння для пасажыраў турыстычнага класу. Крыніца: Narodowe Muzeum Morskie w Gdańsku
«Пілсудскі» адправіўся ў свой першы рэйс 27 жніўня 1935 года з верфі ў Гдыню. Ён прыбыў туды 12 верасня і быў з вялікім энтузіязмам сустрэты жыхарамі горада. Лайнер пачаў службу ў польскім грамадзянскім флоце, а яго капітанам стаў Мамерт Станкевіч – славуты польскі марак.
15 верасня 1935 года «Пілсудскі» адправіўся ў першы рэйс праз Атлантычны акіян. Да верасня 1939 года ён хадзіў у ЗША па маршруце Гдыня – Капенгаген – Галіфакс – Нью-Ёрк. Пазней ён здзейсніў круіз з Нью-Ёрка ў Карыбскі басейн. Дарэчы, амерыканцы былі захопленыя польскім лайнерам, бо ім падабалася чысціня на судне, польская кухня і культурны персанал.
«Пілсудскі» ў Нью-Ёрку. Крыніца: Narodowe Archiwum Cyfrowe
На пачатку Другой сусветнай вайны трансатлантычны лайнер вяртаўся з рэйсу з Нью-Ёрка. Карабель прычаліў у Вялікабрытаніі і быў прызначаны для ваеннага выкарыстання.
У ноч на 25 лістапада 1939 года ён адправіўся ў свой першы рэйс у складзе ваеннага канвою ў Аўстралію пад камандаваннем капітана Мамерта Станкевіча. На жаль, да месца прызначэння «Пілсудскі» не дайшоў.
Пасажыры і афіцэры судна на борце «Пілсудскага». Крыніца: Narodowe Archiwum Cyfrowe
26 лістапада раніцай прагрымелі два выбухі. Судна пачало набіраць ваду і затанула праз некалькі гадзін каля мыса Флэмбара ў Паўночным моры. Большасць са 170 членаў экіпажа выратавалася. Апошнім лайнер пакінуў капітан Мамерт Станкевіч. Перад гэтым ён знайшоў яшчэ двух перапужаных маладых матросаў і загадаў ім заскочыць у выратавальную шлюпку. Капітан таксама выратаваўся, але памёр ад пераахалоджвання арганізму альбо, паводле іншых крыніц, ад інфаркту. Ён пасівеў і настолькі змяніўся, што яго нават не пазнаў карабельны лекар. Паводле гісторыкаў, «Пілсудскі» хутчэй за ўсё падарваўся на нямецкіх мінах. Ён быў адкрыты на дне мора толькі ў 1980-х гадах.
А вось «Баторы» вайну вытрываў, падчас якой быў транспартным суднам на захадзе Еўропы. У 1947 годзе ён вярнуўся ў Гдыню на службу. Да 1969 года лайнер хадзіў пад польскім сцягам на трасах па ўсім свеце. У 1971 годзе спісаны на металалом.
Валеры Саўко
слухайце аўдыёфайл