Беларуская Служба

Падлеткі і пажылыя людзі могуць удзельнічаць у праекце, прысвечаным свядомай модзе

16.09.2025 16:44
«Мода злучае пакаленні, а таксама можа быць платформай для цікавых размоў і ўзаемнага пазнавання».
Аўдыё
.
Ілюстрацыя. Фота: Pixabay.com/jarmoluk

Цэнтр думкі Яна Паўла II у Варшаве арганізуе праект, прысвечаны свядомай модзе. Праграма мерапрыемстваў разлічана на некалькі тыдняў. Яна ўключае лекцыі, абмен ужываным адзеннем, майстар-класы аб тым, як самастойна рамантаваць вопратку, а нават візіты ў краўцоў, якія пакажуць сваю працу.  

Новы праект Цэнтра думкі Яна паўла ІІ пад назваю #VintageVibes імкнецца павысіць свядомасць маладога пакалення аб адказнай модзе, аб тым, як рабіць этычны выбар, купляючы адзенне. У праекце могуць удзельнічаць як падлеткі ад 13 да 18 гадоў, так і пажылыя асобы. «Мода злучае пакаленні, а таксама можа быць платформай для цікавых размоў і ўзаемнага пазнавання», — адзначае каардынатар праекту Яанна Мрук.

 Мы вырашылі, што мода выдатна аб’ядноўвае пакаленні. Таму ў гэты праект уцягнутыя як пажылыя людзі, так і моладзь. Тэма, якая вельмі часта ўздымаецца – што рабіць з лішкам адзення. Вельмі шмат рэчаў трапляе ў смецце, шмат рэчаў не выкарыстоўваецца. І з-за гэтага марнуюцца і рэсурсы, і забруджваецца навакольнае асяроддзе. Думаю, што палякі ўсё лепш разумеюць,  наколькі гэта сур'ёзная праблема. З’яўляецца шмат допісаў у Instagram, напрыклад, прысвечаных таму, як можна перарабляць адзенне, як прыгожа і модна апранацца ў крамах сэканд-хэнд. Таму трэба прызнаць, што ўсё больш людзей заўважаюць праблему. Наш праект звяртаецца да той групы людзей, якія ўжо заўважылі, што такая праблема існуе, якія хочуць нешта змяніць у сваіх пакупніцкіх звычках, але яшчэ не зусім ведаюць, як гэта зрабіць. І менавіта дзякуючы нашаму праекту, яны могуць пра гэта даведацца.

Вялікая частка старога тэкстылю трапляе ў смецце, хаця, згодна з новымі правіламі, вопратку нельга выкідваць у смецце; яе трэба здаваць у спецыяльныя пункты збору. Пры гэтым, мала каму хочацца шукаць такія пункты, многія жыхары выкідваюць адзенне ў кантэйнеры, прызначаныя на тэкстыль у добрым стане. І таму ўласнікі пачалі прыбіраць гэтыя кантэйнеры з вуліц. Ваша серыя мерапрыемстваў, запланаваная на верасень і кастрычнік, разлічана перш за ўсё на падлеткаў і пажылых людзей. Чаму менавіта на іх, а не на людзей сярэдняга ўзросту, якія купляюць найбольш адзення?

 Мы выбралі моладзь і пажылых людзей, таму што вырашылі, што мода — гэта якраз тое, што выдатна можа аб’яднаць гэтыя два пакаленні. Амаль кожны чалавек ў нейкім перыядзе свайго жыцця пачынае цікавіцца модай. Мода — гэта тое, што можа фармаваць нашу ідэнтычнасць. Наш выгляд уплывае на тое, як нас успрымаюць іншыя асобы. І яна вельмі важная як для маладых людзей, так і для пажылых, якія могуць падзяліцца з моладдзю сваім досведам пра тое, як, напрыклад, рамантаваць адзенне, як раней даглядалі за гардэробам, якая была мода ў мінулым, чым яна адрознівалася ад сучаснай і г.д. А падлеткі могуць падзяліцца сваім свежым поглядам на тое, як апранацца, як сёння ўспрымаецца мода, што яны шукаюць у крамах і не толькі.

У канцы праекту адбудзецца абмен адзеннем, падчас якога ўдзельнікі змогуць даведацца, як рамантаваць і перарабляць тэкстыль. Гэта ўменне, якое, здаецца, паступова знікае. У многіх дамах няма нават іголкі з ніткамі, не кажучы ўжо пра швейную машынку. А вы намераны паказаць гэтае майстэрства моладзі.

 Сапраўды, можна будзе навучыцца, як аднавіць зношаны світар або перашыць старую вопратку. Магчыма, гэтае ўменне яшчэ жыве ў пакаленні пажылых, паколькі практычна ўсе яны вучыліся ў дзяцінстве цыраваць або прышыць латку. Аднак сёння, калі мы хутчэй выкідваем вопратку, а не рамантуем, людзі пра гэта забылі. А я думаю, што варта падумаць пра гэта і спрабаваць адрамантаваць што-небудзь самастойна, замест таго, каб выкідваць.

Тэкстыльная прамысловасць шкодзіць навакольнаму асяроддзю. Але ў рознай ступені, таму важна ведаць, як выбіраць адзенне, каб гэтая шкода была як мага меншай. Падчас лекцый, зладжаных у рамках праекту, пойдзе пра гэта гаворка. Таксама ўдзельнікі даведаюцца аб тым, як адзенне можа ўплываць на наша здароўе, як фарбавальнікі і хімічныя рэчывы ў валокнах уздзейнічаюць на наш арганізм. Удзельнікі таксама пачуюць, як правільна выбіраць тканіны, як выглядае вытворчасць адзення і сертыфікаты, якія суправаджаюць працэс стварэння новай вопраткі. І змогуць пераканацца, ці яны – свядомыя спажыўцы, а іх выбар у краме не аказвае дрэннага ўплыву як на іхняе здароўе, так і навакольнае асяроддзе.

нг