Беларуская Служба

Вітольд Пілецкі – польскі афіцэр, які добраахвотна адправіўся ў Аўшвіц для выканання задачы (ФОТА/ВІДЭА)

19.09.2025 16:32
У 1920-30-х гадах сям’я Пілецкіх пражывала ў сваім маёнтку каля беларускай Ліды.
Аўдыё
  • Вітольд Пілецкі – польскі афіцэр, які добраахвотна адправіўся ў Аўшвіц для выканання задачы
Вітольд Пілецкі PAP/Alamy

85 гадоў таму польскі афіцэр Вітольд Пілецкі добраахвотна трапіў у аблаву немцаў у Варшаве. У яго была мэта – праз арышт прабрацца ў канцлагер Аўшвіц для рэалізацыі задання. Загад ён выканаў.

Варшава, 19 верасня 1940 год. Падчас вулічнай аблавы нямецкі патруль затрымлівае мужчыну. Яго збіваюць, кідаюць у турму, а потым адпраўляюць у лагер смерці. Прабрацца ў гэтае страшнае месца – частка яго планe. Вітольд Пілецкі – чалавек, які добраахвотна адправіўся ў Аўшвіц.

Біяграфія Вітольда Пілецкага – характэрная для многіх палякаў, якія нарадзіліся ў канцы 19-га, пачатку 20-га стагоддзяў. Ён прыйшоў на свет у 1901 годзе ў горадзе Алонец у расійскай Карэліі ў польскай сям’і. Перад Першай сусветнай вайной пераехаў з бацькамі ў Вільню, дзе ўступіў у шэрагі падпольнага польскага скаўцкага руху, які неаднаразова трапляў у поле зроку царскіх улад. Пазней Вітольд Пілецкі ўступіў у Войска Польскае, ваяваў у польска-савецкай вайне, удзельнічаў у Варшаўскай бітве 1920 года, абараняў Гродна ад бальшавікоў. Звольніўся са службы ў званні падпаручніка кавалерыі.

Маёнтак Вітольда Пілецкага ў вёсцы Сукурчы. 1920-1930 гады. Грамадскі набытак Маёнтак Вітольда Пілецкага ў вёсцы Сукурчы. 1920-1930 гады. Грамадскі набытак

Дарэчы, Пілецкі быў звязаны з Беларуссю, бо ў 1920-я гады сям’я афіцэра пасялілася ў маёнтку Сукурчы каля вёскі Крупава, што ў некалькіх кіламетрах ад Ліды на Гродзеншчыне. У 1931 годзе ён жаніўся з Марыяй Астроўскай. Шлюб адбыўся на радзіме Марыі, у гарадку Остраў-Мазавецкі, што ў 100 км на ўсход ад Варшавы. Цяпер тут працуе музей Пілецкага. Маладая сям’я жыла ў Сукурчах. Там нарадзіліся іх дзеці – сын Анджэй (1932 год) і дачка Зофія (1933 год).

1 верасня 1939 года на Польшчу напала нацысцкая Германія, а 17 верасня ўварваўся Савецкі Саюз. Айчына чарговы раз апынулася ў небяспецы, і Пілецкі быў ізноў прызваны на ваенную службу.

Афіцэр удзельнічаў у цяжкіх баях з немцамі, камандуючы кавалерыйскім узводам. Аднак польская армія была асуджаная. Пакт Молатава-Рыбентропа вырашыў лёс Польшчы яшчэ да пачатку вайны. Усё скончылася капітуляцыяй 6 кастрычніка 1939 года – Войска Польскае было распушчанае. Але большасць салдат і афіцэраў перабралася на Захад, каб змагацца ў шэрагах саюзных сіл, або перайшла на нелегальнае становішча. Пілецкі абраў другі варыянт. Ён быў адным з заснавальнікаў Тайнай польскай арміі. У выніку яе зліцця з іншымі падпольнымі арганізацыямі пазней узнікла Армія Краёвая.

Нямецкі рэгуліроўшчык на вуліцы Кракава, 1939 год. Narodowe Archiwum Cyfrowe Нямецкі рэгуліроўшчык на вуліцы Кракава, 1939 год. Narodowe Archiwum Cyfrowe

У 1940 годзе нацысцкая Германія ў польскім горадзе Асвенцім стварыла канцэнтрацыйны лагер, які стаў пазней сімвалам жахаў Другой сусветнай вайны, – Аўшвіц. Першапачаткова планавалася ўтрымліваць у ім польскіх палітычных зняволеных, але неўзабаве яго пераабсталявалі для канчатковага вырашэння яўрэйскага пытання – поўнага знішчэння яўрэйскага народу. Зразумела, рэальнае прызначэнне і канструкцыя газавых камер былі засакрэчаныя, аднак з лагера прасочваліся вельмі трывожныя чуткі і абрыўкі інфармацыі. І таму Тайная польская армія вырашылася на адну са сваіх самых рызыкоўных разведвальных аперацый і адправіла ў Аўшвіц аднаго са сваіх лепшых афіцэраў у якасці вязня.

Вітольд Пілецкі ў робе вязня Аўшвіц. Грамадскі набытак Вітольд Пілецкі ў робе вязня Аўшвіц. Грамадскі набытак

Вітольда Пілецкага абралі з групы добраахвотнікаў. Яму далі заданне пракрасціся ў лагер, сабраць інфармацыю, арганізаваць там рух супраціву і прадумаць план вызвалення.
Гэтая задача была вар'яцка небяспечнай! Адразу пасля прыбыцця ў Аўшвіц Пілецкі прыступіў да яе рэалізацыі. Ён стварыў Саюз вайсковай арганізацыі, перад якім стаяла першачарговая мэта абʼяднаць розныя рухі супраціву пад адзіным камандаваннем. Правёўшы некалькі тыдняў у Аўшвіц, Пілецкі адправіў начальству першы рапарт аб яго рэальным прызначаны.

У 1943 годзе нацысты арыштавалі і пакаралі смерцю некалькіх бліжэйшых паплечнікаў Пілецкага, і стала відавочным, што яго чакае падобная доля.

Вітольд Пілецкі ўцёк з лагера ў ноч з 26 на 27 красавіка 1943 года. Пра некалькі дзён дабраўся да штабу Арміі Краёвай у Варшаве. Наступныя месяцы ён правёў за складаннем справаздач аб сітуацыі ў Аўшвіц, якія ўключалі дэталёвую інфармацыю аб газавых камерах, смяротнасці ў лагеры, а таксама аб медыцынскіх эксперыментах, якія нацысцкія лекары праводзілі на зняволеных. Справаздача Пілецкага стала асновай так званых «Асвенцімскіх пратаколаў» – поўнага рапарту пра найбуйнейшы ў гісторыі лагер смерці. Версія справаздачы 1943 года была прадстаўленая камандаванню брытанскай арміі, але ў Лондане вырашылі, што аўтары перабольшваюць, і адмовіліся дапамагчы Арміі Краёвай вызваліць лагер.

На жаль, найвялікшая трагедыя жыцця Пілецкага была яшчэ наперадзе. У 1944 годзе пачалося Варшаўскае паўстанне, і, зразумела, Пілецкі прыняў у ім удзел.

Ротмістр Вітольд Пілецкі на судзе ў Варшаве. 1948 год. Narodowe Archiwum Cyfrowe Ротмістр Вітольд Пілецкі на судзе ў Варшаве. 1948 год. Narodowe Archiwum Cyfrowe

Пасля заканчэння вайны Вітольд Пілецкі далучыўся да антыкамуністычнага руху. За сваю дзейнасць быў арыштаваны. У турме яго катавалі. У выніку прысудзілі да смяротнага пакарання. Афіцэр быў забіты сталіністамі стрэлам у патыліцу 25 мая 1948 года. Да сённяшняга дня невядома, дзе пахаванае яго цела.

Варта зазначыць, што 85 гадоў таму падчас вулічнай аблавы немцаў у Варшаве быў таксама затрыманы Уладзіслаў Барташэўскі, які таксама трапіў у Аўшвіц. У часы ПНР ён быў апазіцыянера, пазней – грамадскім дзеячам і шматгадовым міністрам замежных спраў Польшчы.

У 1941 годзе Вітольду Пілецкаму быў прысвоены чын паручніка, у 1945-м – ротмістра.

У 1990 годзе ротмістра Пілецкага і яго паплечнікаў рэабілітавалі. У 2006 годзе афіцэр быў пасмяротна ўдастоены Ордэна Белага Арла – вышэйшай дзяржаўнай узнагароды Польшчы.

Валеры Саўко

слухайце аўдыёфайл

відэа: трэйлер мастацкага фільму «Рапарт Пілецкага», 2023 год

Больш на гэтую тэму: Машына часу