Беларуская Служба

«Белая кніга»: дапаможнік для аднаўлення і падтрымкі беларусаў

07.10.2025 07:00
Гэта кніга, якая дапамагае разабрацца з тым, што мы адчуваем, у якіх псіхалагічных станах знаходзімся і чаму так адбываецца.
Аўдыё
 .
«Белая кніга». Фота Паўла Залескага.

Што такое «Белая кніга», як яна ўзнікла і каму яна можа быць карыснай, наш карэспандэнт гутарыць з менеджарам праекта, спадарыняй Алінай.

— Спадарыня Аліна, як узнікла ідэя стварэння «Белай кнігі»? Нічога падобнага на беларускай мове, здаецца, раней не было.

— «Белая кніга» — гэта дапаможнік па псіхалагічным аднаўленні. Гэта кніга, якая дапамагае разабрацца з тым, што мы адчуваем, у якіх псіхалагічных станах знаходзімся і чаму так адбываецца. Яна напісана менавіта праз псіхалагічную прызму. Яе аўтаркамі з’яўляюцца тры псіхалагіні, якія знаходзяцца ў розных краінах і маюць багаты досвед. Яны працуюць і з тымі, хто застаецца ў Беларусі, і з тымі, хто апынуўся ў эміграцыі, а таксама з тымі, хто прайшоў праз катаванні.

— Наколькі мне вядома, ідэя напісання кнігі тым не менш належыць вам, хаця вы і не аўтарка.

— Падчас поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну я якраз знаходзілася там і была ўражана тым, як украінцы рэагуюць на запыт у людзей па псіхалагічнай дапамозе. На вітрынах кніжных крам, на самых бачных месцах, стаялі кнігі па псіхалагічнай падтрымцы, якія выдаюць тэрапеўты, псіхолагі. Адну з іх я тады набыла, каб разумець, што гэта такое. І я была здзіўлена ад таго эфекту, які сама атрымала. Было вельмі цікава чытаць, як людзі тлумачаць, што адбываецца і чаму. Пасля прачытання такой кнігі я зразумела, што гэта таксама пра нас, беларусаў, пра тое, як мы спраўляемся з наступствамі ад беларускага рэжыму. Як спраўляюцца нашы людзі ў эміграцыі, як даводзіцца тым, хто застаўся ў Беларусі. Спачатку мая мэта была проста прачытаць, а не ствараць, але потым я зразумела, што нешта падобнае нам абавязкова варта зрабіць. Пасля таго як я праглядзела даследаванні аб тым, якая літаратура ёсць на гэтую тэму, стала зразумела, што трэба брацца за працу.

— І як вам удалося сабраць гэтых трох псіхалагінь?

— Мы з некаторымі ўжо супрацоўнічалі ў іншых праектах. У іх ёсць досвед працы ў актывісцкім сектары, і яны ўжо зарэкамендавалі сябе як добрыя эксперты. Таму я адразу падумала пра іх. Нават калі б яны не захацелі за гэта ўзяцца, я б усё роўна звярнулася па параду, бо ім давяраюць. Але кожнай з іх ідэя падалася цікавай.

— А калі казаць непасрэдна пра кнігу — як яна збудавана?

— У ёй тры часткі. У першай — тры гісторыі аўтарак, каб людзі зразумелі, з кім маюць справу. У другой частцы дэталёва разглядаецца тое, што з намі адбываецца: якія станы і эмоцыі, як пазітыўныя, так і негатыўныя, мы перажываем. Усё гэта пададзена з пункту гледжання псіхалогіі. Таксама апісваюцца магчымыя наступствы, каб можна было падрыхтавацца да іх перажывання. І трэцяя частка — гэта комплекс практыкаванняў, якія дапамагаюць матываваць сябе, аднаўляць унутраныя рэсурсы, вяртацца да ранейшай дзейнасці, ужо крыху лепш разумеючы самога сябе.

— Мне неяк даводзілася рабіць інтэрв’ю з псіхолагам, і я пацікавіўся, ці многім людзям пасля падзей 2020 года патрэбная была псіхалагічная дапамога. І яна адказала: кожнаму, хто прайшоў праз 2020 год. Вы, калі рыхтавалі кнігу, напэўна таксама думалі, што яна патрэбна многім людзям?

— Так. Плюс мы яшчэ адштурхоўваліся ад даследавання, праведзенага ў 2022 годзе. Там была прыведзена жахлівая статыстыка: амаль кожны пяты ў Беларусі за 20 гадоў сутыкнуўся з рэпрэсіямі — асабіста або праз сваякоў, сяброў, знаёмых ці калег. У даследаванні якраз адзначалася, што патрэбна больш псіхалагічнага тлумачэння таго, што адбываецца, і больш псіхалагічнай дапамогі. Прычым не толькі ў фармаце кансультацый, але і праз стварэнне дапаможнікаў, лагічных структур, якія дазволяць рэабілітаваць сябе і асэнсоўваць перажытае. Гэта таксама паўплывала на рашэнне зрабіць такую кнігу.

— Пасля таго як кніга выйшла, вы адчулі нейкі эфект ад яе?

— Так. Людзі, якія чыталі, альбо прыходзяць да нас, альбо пішуць вялікія водгукі. Акрамя таго, пра кнігу даведваюцца і без нашай непасрэднай удзелу. Зразумела, што мы не можам дазволіць сабе вялікай інфармацыйнай кампаніі, бо няма рэсурсаў, але гэта не перашкаджае ёй разыходзіцца. Хтосьці прачытаў і перадаў іншым — такім чынам яна распаўсюджваецца.

— А дзе ўвогуле можна набыць вашу кнігу?

— Яе можна купіць у любой краме, якая супрацоўнічае з выдавецтвам «Гутэнберг». Гэта значыць, што і ў Вільні, і ў Варшаве, і ў Познані, і ў Празе — шмат дзе. Таксама яе можна замовіць анлайн у выдавецтве «Гутэнберг». А самае простае — прачытаць бясплатна анлайн: яна даступная праз нашы сацсеткі.

Дзякуй за гутарку.

Павел ЗАЛЕСКІ