У кастрычніку польскі фонд пад назваю «Твары дэпрэсіі» ладзіць ужо 21-ы выпуск сваёй сацыяльнай кампаніі «Твары дэпрэсіі. Я не асуджаю. Я прымаю». Лозунг кампаніі - «Дэпрэсія і спорт».
Кожны год падчас кампаніі яе ініцыятары і арганізатары нагадваюць людзям, што спалучэнне фармакатэрапіі і псіхатэрапіі з'яўляецца найбольш эфектыўным спосабам лячэння дэпрэсіі, а фізічная актыўнасць з'яўляецца надзвычай важным элементам падтрымкі нашага псіхічнага здароўя. Спецыялісты фонду «Твары дэпрэсіі» лічаць, што яна павінна быць абавязковым кампанентам тэрапіі дэпрэсіўных станаў.
Надоечы адбыўся Чацвёрты дабрачынны забег пад Варшавай, які адкрыў 21-ю кампанію «Твары дэпрэсіі. Я не асуджаю. Я прымаю», на гэты раз пад лозунгам «Дэпрэсія і спорт». У забегу ўдзельнічалі каля 500 удзельнікаў. Фізічная актыўнасць выдатна ўплывае на псіхічнае здароўе, кажа Анна Мараўска-Баровец (Anna Morawska-Borowiec), старшыня фонду «Твары дэпрэсіі».
— Мы, наш фонд, мяркуем, што яна павінна быць абавязковым элементам тэрапіі. Справа ў тым, што падчас фізічнай актыўнасці наш арганізм вырабляе эндарфіны. А мы ж імкнёмся да таго, каб людзі, якія пакутуюць ад дэпрэсіі, мелі гэтых эндарфін у крыві як мага болей.
Любы від фізічнай актыўнасці можа падтрымліваць наша псіхічнае здароўе. Лепш за ўсё прывіваць любоў да спорту з ранняга ўзросту — і гэта не абавязкова павінен быць бег, - адзначае Катажына Вайцехоўска (Katarzyna Wojciechowska), рэгіянальны кансультант па дзіцячай і падлеткавай псіхіятрыі ў Куяўска-Паморскім ваяводстве.
— Мы можам ісці на прагулку. Ісці з пункту А ў пункт Б, каб выцягнуць з дому чалавека, які ўжо хварэе дэпрэсіяй. Калі нам удасца выпрацаваць у маладым чалавеку прывычку і патрэбнасць займацца фізічнай актыўнасцю, нам не прыйдзецца практычна нічога рабіць і яго прымушаць. У яго сістэме каштоўнасцяў будзе неабходнасць займацца фізічнай актыўнасцю, ён будзе разумець, што гэта для яго карысна.
Як стала даўно вядома з праведзеных навуковых назіранняў, прабыванне на прыродзе, у акружэнні зялёных дрэў, таксама спрыяе псіхічнаму здароўю. І таму лепш за ўсё займацца фізічнай актыўнасцю ў зялёных зонах, аб чым гаворыць Анна Хошч-Сендроўска (Anna Choszcz-Sendrowska), прэс-сакратар Дзяржаўных лясоў Польшчы.
— Прагулка па лесе паніжае ўзровень картызолу, які называюць гармонам стрэсу. Пры гэтым, расце ўзровень эндарфінаў – гармонаў шчасця і задавальнення. І таму лес – гэта выдатнае месца, дзе можна паправіць свой псіхалагічны стан і здароўе. І яшчэ, што цікава, паводле праведзеных даследаванняў, калі мы праводзім трэніроўку ў лесе, то ў нас высокая матывіроўка, каб пазней паўтараць падобныя трэніроўкі.
Дэпрэсія не перашкаджае актыўнасці. Нягледзячы на тое, што фізічная актыўнасць не можа замяніць лячэнне, яна з'яўляецца важным элементам у працэсе выздараўлення. Амбасадары кампаніі — публічныя асобы, якія адкрыта выказваюцца на тэму псіхічнага здароўя і наколькі моцна яно звязана з фізічным рухам. Сярод гэтых вядомых у Польшчы асоб – між іншым Юстына Свенты-Эрсэціц (Justyna Święty-Ersetic) — чэмпіёнка Еўропы па бегу на 400 метраў, Павел Кажанёўскі (Paweł Korzeniowski) — чэмпіён свету па плаванні, Агнешка Кобус-Завойска (Agnieszka Kobus-Zawojska) — веслярка, алімпійская прызёрка, Крыс Цугоўскі (Chris Cugowski) — спявачка, якая адкрыта гаворыць пра дэпрэсію і прадстаўляе Фонд на 47-м Варшаўскім марафоне, Барбара Тукендорф (Barbara Tukendorf), актрыса, якая таксама сутыкнулася з гэтым захворваннем і вельмі актыўна займаецца спортам — напрыклад, яна ўдзельнічае ў забегах, якія прадугледжваюць бег па лесвіцах высокіх будынкаў.
Паводле ацэнак спецыялістаў, у Польшчы да 1,5 мільёна чалавек могуць змагацца з дэпрэсіяй.
IAR/нг