У Стакгольме заканчваецца Нобелеўскі тыдзень 2025 года. З панядзелка (6 кастрычніка) Камітэт Каралеўскай шведскай акадэміі навук называў чарговых лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі ў галіне медыцыны, фізікі, хіміі і літаратуры.
У сваю чаргу сёння (10 кастрычніка) у сядзібе Нарвежскага Нобелеўскага інстытута ў Осла быў абвешчаны лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру, якім стала апазіцыйная лідарка і дэмакратычная актывістка з Венесуэлы Марыя Карына Мачада.
Марыя Карына Мачада была ўганараваная за «нястомную працу дзеля дэмакратычных правоў венесуэльскага народа і за барацьбу за справядлівы і мірны пераход ад дыктатуры да дэмакратыі», паведаміў Нарвежскі Нобелеўскі камітэт.
Прафесар Шыман Маліноўскі (Szymon Malinowski) з Польскай акадэміі навук лічыць, што сёлетні выбар Нобелеўскага камітэта правільны, бо апазіцыянерка паслядоўная ў сваіх дзеяннях:
- Нягледзячы на пераслед з боку дзяржаўнай улады, нягледзячы на зняволенне і забарону на публічныя выступы, яна балатавалася на прэзідэнцкіх выбарах, атрымаўшы вялікую падтрымку. Яна непахісна прасоўвае пазіцыю, што дэмакратыя і супольныя дзеянні могуць давесці да зменаў.
У гэтым годзе на прэмію міру былі намінаваныя 338 асоб і арганізацый. Хто дакладна – гэта сакрэт, якога Нобелеўскі камітэт не можа выявіць на працягу бліжэйшых 50 гадоў. Аднак прозвішча кандыдата можа выявіць, той хто прапануе яго кандыдатуру і такім чынам стала вядома пра каля 50 прозвішчаў і арганізацый. Сярод іх палітыкі ўсіх рангаў, актывісты, мастакі і палітвязні іг.д.
Як кажа палітолаг з Варшаўскага ўніверсітэта Юстына Наканечна-Бартасевіч (Justyna Nakonieczna-Bartosiewicz), часта гэта асобы, пра якіх загадзя вядома, што яны Нобеля не атрымаюць, але іх намінацыя мае іншую мэту – прыцягнуць увагу да канкрэтнай праблемы:
- Стала вядома пра шмат кандыдатаў, звязаных з Палестынай, уключна з кандыдатурамі, пра якія загадзя было вядома, што іх разглядаць не будуць. Напрыклад, кандыдатура некалькігадовай дзяўчынкі, якая загінула падчас ізраільскіх нападаў. Між тым, як правіла, Нобеля не прысуджаюць памерлым.
З прысуджэннем Нобелеўскай прэміі, як з выбарам Папы рымскага, кажа палітолаг:
- Хутчэй за ўсё, нашыя меркаванні, не знаходзяць свайго адлюстравання ў рашэнні Нобелеўскага камітэта. Скажам так, хто ідзе на Канклаў, як Папа Рымскі, то бок меркаваны пераможца, той выходзіць з паседжання, як звычайны кардынал. Выбар звычайна нечаканы.
Несумненна адны з найбольш гучных кандыдатаў на мірнага Нобеля, пра якіх стала вядома, быў прэзідэнт ЗША Дональд Трамп, які неаднойчы выказваў жаданне быць удастоеным згаданай прэміяй, падобным чынам, як некалькі ягоных папярэднікаў – Барак Абама ( 2009 год), Джымі Картэр (2002 год), Вудра Вільсан (1919 год) і Тэадор Рузвельт ( 1906 год).
Сёння стала вядома, што не атрымалася, хоць кандыдатуру прэзідэнта ЗША падтрымалі, сярод іншых, лідары Арменіі, Азербайджана, Дэмакратычнай Рэспублікі Конга, Ізраіля, Камбоджы і Руанды, а таксама прадстаўнікі сем'яў ізраільскіх закладнікаў ХАМАС.
Ідэя прызнання мірнага Нобеля прэзідэнту ЗША ад пачатку ўзнікнення выклікала сумневы.
Былі аргументы «за», але і мноства «супраць», напрыклад, дзеянні Дональда Трампа адносна вайны ва Украіне, кажа дырэктар Інстытута палітычных навук Гданьскага ўніверсітэта прафесар Аркадыюш Маджэеўскі (Arkadiusz Modrzejewski):
- Пакуль я не бачу вынікаў заангажавання прэзідэнта ЗША ў мірны працэс паміж Украінай і Расіяй. Хутчэй за ўсё, мы маем справу з непрадказальнасцю ягоных заяваў. Яго паводзіны на Алясцы, як мінімум, былі тактычнай памылкай.
Яшчэ адзін аргумент супраць кандыдатуры Трампа, гэта, на думку эксперта, пазіцыя прэзідэнта ЗША адносна вайны ў Газе. Па-першае, цяжка зараз прадказаць вынік бягучых перамоваў паміж Ізраілем і арганізацыяй ХАМАС, а, па-другое, цяжка забыць ранейшыя заявы Дональда Трампа аб будаўніцтве там прыморскага курорта, што азначала б высяленне палестынцаў. Акрамя таго, лідар ЗША спрыяе сацыяльнай палярызацыі ў сваёй краіне, маргіналізацыі пэўных сацыяльных груп; ажыццяўляе меры, накіраваныя супраць імігрантаў, нагадвае прафесар Маджэеўскі:
- Я наогул скептычна стаўлюся да пытання ўзнагароджвання дзейных палітыкаў. Напрыклад прэм’ер Эфіопіі Абій Ахмед Алі, які спачатку прычыніўся да пэўнага мірнага пералому ў рэгіёне, а пазней выклікаў крывавую грамадзянскую вайну. Між тым, Нобелеўскую прэмію нельга адабраць.
Яшчэ адзін прыклад, згаданы экспертам, гэта прысуджэнне гэтай прэміі былому новаабранаму прэзідэнту ЗША Бараку Абаме, які канчаткова не апраўдаў ускладзеных на яго чаканняў.
Дарэчы на сённяшні дзень у гісторыі Амерыкі шэсць намінаваных прэзідэнтаў не былі ўзнагароджаны Нобелеўскай прэміяй. Чацвёра Нобеля атрымалі.
Нагадваем, Нобелеўскую прэмію ў галіне фізіялогіі і медыцыны за даследаванні ў галіне імуналогіі атрымалі трое навукоўцаў з ЗША і Японіі – Мэры Бранкаў, Фрэд Рэмсдэл і Сімон Сакагуці.
Таксама тры навукоўцы атрымалі прэмію ў галіне фізікі. Гэта Джон Кларк, Мішэль Дэварэ і Джон Мартыніс. Іх узнагародзілі «за адкрыццё макраскапічнага квантава-механічнага тунэлявання і квантавання энергіі ў электрычным ланцугу».
Прэмію па хіміі атрымалі трое навукоўцаў – Сусуму Кітагава, Рычард Робсан і Омар Ягі «за распрацоўку метала-арганічных каркасаў».
У сваю чаргу сёлетнім лаўрэатам Нобелеўскай прэміі па літаратуры стаў вугорскі празаік і сцэнарыст Ласла Краснагоркаі.
Нагадваем, шостай і апошняй галіной, у якой прысуджаецца Нобелеўская прэмія, зʼяўляецца эканоміка. Каралеўская шведская акадэмія навук абвесціць імя лаўрэата ў гэтай галіне ў панядзелак, 13 кастрычніка.
Прэміі будуць афіцыйна ўручаны лаўрэатам на цырымоніі 10 снежня, у гадавіну смерці шведскага вынаходніка і заснавальніка Нобелеўскага фонду Альфрэда Нобеля. Кожны лаўрэат атрымае залаты медаль, дыплом і 11 мільёнаў шведскіх крон (больш за 1 мільён долараў).
Беларусь мае двух нобелеўскіх лаўрэатаў – гэта Святлана Алексіевіч у галіне літаратуры і Алесь Бяляцкі, які атрымаў Нобелеўскую прэмію міру.
IAR/аз