Не думалі пакідаць Беларусь, але абставіны прымусілі
Сяргей разам з сям’ёй у Польшчы ўжо больш за чатыры гады. Прыехалі пасля падзей 2020-га. Кажа, што наогул з жонкай ніколі не задумваліся над тым, каб з’язджаць з Беларусі, але хацелі, каб у заходнія краіны перабраліся дзеці.
У час, калі адбываліся пратэсты, у іх сына здарыўся інцыдэнт з АМАПам, і гэта стала апошняй кропляй цярпення.
— Малодшы сын вучыўся ў адзіным беларускамоўным класе (там было ўсяго чатыры чалавекі), плюс хадзіў на заняткі па польскай мове. Калі былі гэтыя пратэсты, я сына і жонку прывёз у цэнтр горада, каб жонка завяла яго на заняткі. Мы пад’ехалі да ЦУМа, а там стаяла каля 15 аўтазакаў. Сын быў у спартыўнай кофце бела-чырвонага колеру. Яму тады было ўсяго 15 гадоў. І калі ён выйшаў ісці, то гэтыя паўдуркі ў масках з аўтазакаў накінуліся на яго… Пасля гэтага выпадку я адназначна сказаў, што з’язджаем.
Давялося пацярпець, пакуль жонка не ўладкавалася на працу
Паводле суразмоўцы, Польшча і раней была для яго не чужой краінай, паколькі ён часта там бываў. Да таго меў знаёмых, якія дапамаглі на першых парах. Ужо праз два тыдні пайшоў працаваць, а жонка вучылася на бухгалтара. Праўда, паколькі працу напачатку знайшоў выпадковую, то часам было няпроста.
— Тым не менш усё было нармальна, проста мой шэф меў такі гонар, што я ніяк не мог яго зразумець. Ён паляк, і я працаваў з палякамі. Усе астатнія хлопцы былі даволі зычлівыя да мяне. Ну вось так год працярпеў, бо трэба было плаціць за кватэру, утрымліваць сям’ю. Калі жонка скончыла вучобу і пайшла працаваць, тады і я пачаў думаць пра іншую працу.
Раблю мэблю амаль для ўсёй Еўропы
З польскай мовай, як згадвае Сяргей, асаблівых праблемаў не меў, хаця гаварыў напачатку не зусім добра, але па працы з усімі спраўляўся. Але галоўнае, што ў выніку знайшоў працу, якой займаўся раней у Беларусі — пачаў рабіць мэблю.
— Робім мэблю для офісаў, крамаў, кватэр, кухні — усю карпусную мэблю.
— А розніцца тут гэтая праца ад таго, што вы рабілі ў Беларусі?
— Тут заробкі большыя, чым у Беларусі. І, у прынцыпе, усё астатняе тое самае.
— А за кошт чаго адрозніваюцца заробкі — мэбля нібы тая самая, матэрыялы — таксама?
— Тут вялікі рынак. Мы працуем на Іспанію, Нідэрланды, Германію, Чэхію, ды практычна для ўсіх еўрапейскіх краін.
— А што датычыць умоў працы — па колькі гадзін працуеце?
— Працуем па восем гадзін, але часам можа шэф папрасіць, каб прыйшлі ў суботу, тады ўжо аплата двайная. У суботу таксама можам самі прыходзіць на працу, але ўжо працуем толькі шэсць гадзін і толькі калі сам маеш такое жаданне. Мне здаецца, што тут усё лепей функцыянуе, чым у Беларусі. Нават тыя самыя заробкі — у Беларусі схадзіў тры разы ў краму і глядзіш, што грошай няма. Тут жа можаш адкласці, паехаць недзе на мора. Мне падабаецца тут.
Усё змянілася, калі набылі кватэру
Жыццё, паводле суразмоўцы, наладзілася: яны прадалі сваю кватэру ў Беларусі і набылі тут. Праўда, Сяргей згадвае, што на самым пачатку нават былі думкі ці не вярнуцца дадому.
— Так, першыя паўгода было цяжка, калі жонка яшчэ вучылася, а я працаваў адзін. Было нават жаданне паехаць назад у Беларусь. Ды і ў сына быў такі настрой, бо там у яго дзяўчына засталася. На псіхіку моцна давіла.
— А што стала тым пераломным момантам, калі вы ўжо вырашылі не вяртацца?
— Напэўна, калі кватэру купілі. Бо было адчуванне: ну ўсё, дома…, стала лягчэй.
Без граніц лепш адчуваеш свабоду
З назірання за жыццём у Польшчы і за людзьмі Сяргей кажа, што палякі вельмі падобныя да беларусаў, але ў той самы час — іншыя. Маўляў, яны больш свабодныя, а мы ўсё ж — заціснутыя. Дарэчы, і краіна яму вельмі падабаецца.
— Мы за гэтыя чатыры гады дзе толькі не былі. І па Польшчы праехалі, і на Балтыцы былі, і ў Харватыі, у Італіі, у Аўстрыі, Германіі. То, што ты жывеш у Польшчы і няма гэтай граніцы, лепш адчуваецца свабода. Калі ты зарабіў грошы, можаш паехаць куды заўгодна і спакойна, без усякіх праблемаў.
Цягне, вядома, у Беларусь…
Цікаўлюся ў Сяргея, ці сумуе па радзіме, ці вярнуўся б туды, калі сітуацыя зменіцца? Ён вельмі сур’ёзна задумаўся, перш чым адказваць.
— Цягне, цягне, вядома цягне ў Беларусь. Не ведаю. Тут я бы ўжо раіўся з сям’ёй. Адзін бы, вядома, не паехаў, але жонка, думаю, не паедзе. Жонка ў мяне мае карані ўкраінскія, з Крыма, хаця грамадзянка Беларусі. Я думаю, яна б не паехала. А калі яна не паедзе, то і я не паеду. Але цягне, цягне, цягне. Там і дзяды, і магілы…
Яшчэ трохі падумаўшы, Сяргей кажа, што для жыцця і працы ў Польшчы больш магчымасцяў, і ён таксама задумваецца над тым, каб адкрыць сваю справу, а не працаваць у чужой фірме.
Павел ЗАЛЕСКІ