Таццяна — псіхолаг. Мы пазнаёміліся на адной з беларускіх вечарын, дзе яна чытала свае вершы. Цікаўлюся ў яе — чаму яна апынулася ў Польшчы.
— Трэба было шукаць сабе новы дом. Цяпер гэта Польшча. Як доўга тут прабуду — невядома, але пакуль што я тут.
— Вы — псіхолаг і спецыялізуецеся…
— Так, псіхолаг. Спецыялізуюся на працы з траўмамі, гвалтам, збіццём, вайной і іншым.
— Вы тут працуеце па спецыяльнасці?
— Так, гэта мая асноўная праца. Працую больш за 15 гадоў псіхолагам і больш за 10 гадоў маю ўласную практыку.
— З чым у вашай практыцы даводзіцца сутыкацца?
— Я працую з беларусамі, якія цяпер жывуць у розных краінах свету. І, зразумела, людзі звяртаюцца да мяне з траўмамі. Прычым гэта неабавязкова траўмы, што здарыліся ў 2020 годзе, але і такія людзі таксама ёсць. Даводзіцца працаваць з рознымі сімптомамі: бяссоннем, трывогамі, страхамі, фобіямі, цяжкімі ўспамінамі і іншым.
— Праца з эмігрантамі — наколькі яна адрозніваецца? Ці многім эмігрантам патрэбна псіхалагічная дапамога?
— Наогул, эміграцыя ў псіхалогіі — гэта як смерць, як перажыванне страты чагосьці вельмі важнага. Людзі сутыкаюцца з тым, што ў іх зніклі асновы жыцця. Таму, безумоўна, псіхалагічная дапамога патрэбная большасці эмігрантаў, асабліва тым, хто не рыхтаваўся да гэтага і быў негатовы да таго, што сустрэне. Але шмат залежыць і ад таго, наколькі шчаслівым было жыццё чалавека да эміграцыі. Калі людзі ўжо прыйшлі траўмаваныя са сваіх сем’яў, а тут на іх звалілася яшчэ і эміграцыя, то некалькі пластоў праблем робяць карціну значна больш складанай. Гэта патрабуе большай працы, каб выправіць сітуацыю.
Праўда, псіхіка і ў эмігранта, і ў іншых людзей працуе аднолькава. Усе перажываюць этапы гаравання, і, як правіла, існуе адна мадэль, каб спраўляцца з горам.
— Наколькі псіхалагічна складана людзям інтэгравацца ў новае грамадства — новая мова, праца, атачэнне…
— Мае кліенты не кажуць, што ў іх праблемы інтэграцыі. Часцей за ўсё сустракаюцца цяжкасці з мовай — чалавек, не валодаючы ёй, адчувае сябе няўпэўнена: “Я не такі, я горшы за іншых”. У некаторых моцная самота, бо няма побач сяброў і родных; узнікае страх памерці ў адзіноце, страх, што больш ніколі не будзеш любімым. Але наўпрост людзі не фармулююць гэта як “праблему інтэграцыі”. Тым не менш, гэта ўсё роўна праяўляецца ў размовах і працы. Шмат залежыць ад таго, хоча чалавек інтэгравацца ці не. Некаторым важна “растварыцца” ў новым грамадстве і стаць, напрыклад, палякам ці літоўцам. А для іншых галоўнае — захаваць сваю ідэнтычнасць, і тады інтэграцыя ўспрымаецца як пагроза беларускаму “я”. Таму мы шукаем шлях, каб чалавек мог заставацца самім сабой і адначасова адкрывацца новаму: краіне, людзям, вопыту.
— З якімі праблемамі вашых пацыентаў найчасцей даводзіцца сутыкацца?
— Я — траўматэрапеўт, таму часцей за ўсё гэта траўмы: згвалтаванні, трывога (людзі часта не разумеюць яе прычыну), страхі, фобіі, а таксама — гнеў. Напрыклад, тыя, хто перажыў ціск ці гвалт, часта стрымлівалі гнеў, бо не маглі адказаць у той сітуацыі. Потым яны жывуць гадамі з раздражненнем, лёгка “ўспыхваюць” нават праз дробязі. Прыходзяць і пытаюцца: “Што са мной? Я не злы чалавек, але чаму я выбухаю?”
Па сутнасці, гэта ўсё эмоцыі: сорам, гнеў, трывога, страх, гора. Вось гэтыя пяць — асноўныя запыты, з якімі да мяне звяртаюцца.
— Я так разумею, што ў эміграцыі чалавеку асабліва важна знайсці псіхолага, які гаворыць на яго мове?
— Так. У мяне няма праблем з кліентамі, бо людзі часта прыходзяць у доўгатэрміновую тэрапію. Некаторыя могуць хадзіць некалькі гадоў. Максімум у мяне было 30 кліентаў на тыдзень — але тады я сама пачала выгараць, таму цяпер прымаю каля 20 чалавек і часам праводжу групавыя тэрапіі.
Патрэба ў псіхалагічнай дапамозе вельмі вялікая. Шкада, што многія звяртаюцца занадта позна — калі “ўжо прыпякло”. Чалавек тады перажывае значна больш, а мог бы хутчэй справіцца з праблемай пры падтрымцы спецыяліста.
— Ці даводзіцца вам працаваць з былымі палітвязнямі?
— Так, ёсць і такія людзі. Я працую з імі, як з усімі астатнімі, але большы акцэнт робім на працу з гневам — гэта галоўнае наступства, якое, на жаль, застаецца. Таксама з моцнымі страхамі. Мы аднаўляем псіхалагічныя рэсурсы, бо чалавек пасля такога досведу вельмі знясілены.
— Таццяна, а вершы ў вас адкуль бяруцца?
— З душы. Я не ведаю, як яны пішуцца. Звычайна — у нейкім эмацыйным стане, вельмі добрым або вельмі цяжкім. Яны самі прыходзяць. Першыя пісала па-руску, але з 13 гадоў — толькі па-беларуску. Я вучылася ў гуманітарным ліцэі імя Якуба Коласа, які закрылі. Мой першы год быў падпольным — я трапіла туды якраз у год закрыцця. І з таго часу беларуская мова са мной, і інакш мне ўжо не пішацца.
Павел ЗАЛЕСКІ