Мне таксама была патрэбная дапамога, але я не ведаў, куды звярнуцца.
Вікторыя і Ілля – былыя палітвязні. Яны на сабе паспыталі лукашэнкаўскія засценкі, пасля апынуліся ў чужой краіне, прайшлі праз легалізацыю, шукалі працу, інтэграваліся ў новае грамадства. Ілля згадвае, што, калі выйшаў на волю, яму самому патрэбна была дапамога, але ён не ведаў, куды звярнуцца.
Пра ініцыятыву «Вольныя» ён даведаўся, калі апынуўся ў Польшчы, і зразумеў, што гэта якраз тое, што патрэбна людзям, якія вызваляюцца з лукашэнкаўскіх вязніц.
Ілля: Асноўная задача нашай ініцыятывы – прадаставіць былому палітвязню ўсю неабходную дапамогу, калі ён толькі выйшаў на свабоду і апынуўся ў цяжкім становішчы. Каб падаць яму руку і дапамагчы інтэгравацца ў новае жыццё. Наша ініцыятыва валодае інфармацыяй аб усіх варыянтах такой дапамогі. Мы адразу можам скіраваць чалавека туды, дзе яму акажуць фінансавую і медыцынскую дапамогу, дапаможам з легалізацыяй дакументаў і з тым, каб знайсці працу. Дапамагаем знайсці жыллё, а каму патрэбна – і псіхалагічную дапамогу.
Вікторыя яшчэ дадае, што іх ініцыятыва дапамагае былым палітвязням не толькі тым, хто знаходзіцца за мяжой, але і тым, хто застаўся ў Беларусі.
Мы рыхтуемся, каб стаць валанцёрамі
Вікторыя звяртае ўвагу на тое, што валанцёры ініцыятывы, як правіла, людзі падрыхтаваныя: яны вывучаюць тэарэтычную частку, знаёмяцца з псіхалагічнымі асаблівасцямі працы.
Вікторыя: У нас ёсць пэўныя крокі, абавязковая інструкцыя, як сябе паводзіць у той ці іншай сітуацыі. Кожны праходзіць папярэднюю падрыхтоўку, суразмоўе з псіхолагам, адбываецца навучанне, па выніках якога здаецца тэст.
Разумею, што адчувае былы палітвязень, бо сам быў такім
І Вікторыя, і Ілля звяртаюць увагу на тое, што, маючы турэмны досвед, ім прасцей працаваць з былымі палітвязнямі. Лягчэй усталёўваецца кантакт, паразуменне, нават, як заўважае Вікторыя, праз турэмныя жартачкі і моўныя асаблівасці.
Ілля: Я разумею, што адчувае чалавек, які толькі выйшаў з турмы, і мне лягчэй наладзіць з ім сувязь. Я ўжо ведаю, што адбываецца ў яго галаве, як ён ставіцца да таго, што навокал. Разумею, як яму цяжка самому аб нечым прасіць. У мяне ўсё гэта ўжо было.
А чаму яму так цяжка аб нечым прасіць? І аб чым ён саромеецца запытацца?
Ілля: Пра ўсё саромеецца пытацца. І найперш пра фінансавую дапамогу. Чалавек думае, што не мае ніякага права нават запытацца пра нейкую падтрымку. У мяне зараз ёсць падапечны, які ўвесь час думае, што не мае ніякага права на нешта. Я яго пераконваю, кажу, каб напісаў у тую ці іншую фундацыю, тлумачу, што яны дзеля гэтага і створаныя – каб дапамагаць людзям, якія пацярпелі па палітычных прычынах.
Зняволенне ў лукашэнкаўскіх турмах – прыніжальная частка жыцця
Мы разважаем з Іллём і Вікторыяй пра тое, з чым наогул людзі вяртаюцца з лукашэнкаўскіх вязніц. Яны, нават маючы ўласны досвед, задумваюцца, і адчуваецца, як складана ім фармуляваць такія рэчы.
Ілля: Гэта вельмі цяжкае пытанне. Гэты досвед зняволення ў лукашэнкаўскіх турмах – настолькі прыніжальная частка жыцця, што людзі выходзяць у такім цяжкім стане, што потым доўгі час імкнуцца вярнуць павагу да самога сябе, даказаць, што яны не проста нейкая «дырка», а чалавек. На гэта патрабуецца шмат часу. І самому цяжка гэта зрабіць…, бо гэта сапраўды цяжка.
Мы не пакідаем чалавека, пакуль ён не стане на ногі
Карэспандэнт: Вы сказалі, што звычайна паўгода займаецеся з такімі людзьмі. А ці хапае гэтага тэрміну, каб чалавек адышоў ад перажытага?
Ілля: Мы не ўсё жыццё можам быць побач, але зрабіць першыя крокі – вырашыць праблему з легалізацыяй, паправіць здароўе, псіхалагічны стан, знайсці працу – гэта мы імкнёмся дапамагчы. І калі чалавек закрыў гэтыя праблемы, тады яму значна лягчэй, і мы можам выпускаць яго ў свабоднае плаванне.
Вікторыя: Хачу дадаць, што гэта не проста тэхнічная дапамога, але і чалавечая. І ў кожнага гэтыя шэсць месяцаў праходзяць па-рознаму. Адным гэтага часу хапае, каб наладзіць жыццё, іншым – не. Мы глядзім, на якім псіхалагічным узроўні чалавек знаходзіцца пасля гэтага тэрміну.
Ілля: Калі мы бачым, што чалавек яшчэ не гатовы да самастойнага жыцця, то няма такога, што праз шэсць месяцаў мы яго пакідаем. Не, мы працягваем працаваць.
Нам заўсёды цяжка развітвацца з людзьмі
Вікторыя кажа, што праз іх ініцыятыву прайшло каля 250 былых палітвязняў. Цікаўлюся ў валанцёраў, што яны адчуваюць, калі развітваюцца з людзьмі, з якімі правялі шэсць месяцаў, шчыльна кантактуючы і дапамагаючы ім.
Ілля: Я заўсёды адчуваю сябе лепш, калі дапамагаю людзям, асабліва тым, хто прайшоў праз лукашэнкаўскія турмы.
Вікторыя: Мне заўсёды цяжка развітвацца з людзьмі, не хочацца іх адпускаць, хочацца працягваць дапамогу, хаця разумею, што гэта немагчыма. Гэта падобна да таго, як не хочацца дзяцей адпускаць у дарослае жыццё…
Вікторыя і Ілля кажуць, што ўвесь час з’яўляюцца новыя палітзняволеныя, але ў той самы час да іх прыходзяць новыя і новыя людзі, каб дапамагаць былым палітвязням.
Павел ЗАЛЕСКІ
Ілюстрацыйны здымак: На Старым Рынку ў Познані. Фота Паўла Залескага