Беларуская Служба

Што рабіў Пілсудскі за 48 гадзін да абвяшчэння незалежнасці Польшчы ў 1918 годзе?

11.11.2025 10:09
Гісторык прафесар Рафал Габельскі распавядзе, што рабіў, чым займаўся Юзаф Пілсудскі 10 і 11 лістапада 1918 г. 
Аўдыё
  • Якімі былі 48 гадзін Пілсудскага да абвяшчэння незалежнасці Польшчы ў 1918 годзе?
Józef Piłsudski na tle obwieszczenia Rady Regencyjnej o przekazaniu mu władzy nad wojskiem 11 listopada 1918 r.
Józef Piłsudski na tle obwieszczenia Rady Regencyjnej o przekazaniu mu władzy nad wojskiem 11 listopada 1918 r.Polskie Radio/grafika na podstawie zasobów domeny publicznej (NAC/Polona)

Што адбывалася ў жыцці чалавека, які ўзначаліў адроджаную Польшчу пасля 123 гадоў паняволення, напярэдадні абвяшчэння незалежнасці краіны?

Паводле гістарычных крыніц Юзаф Пілсудскі прыехаў у Варшаву на цягніку ў нядзелю 10 лістапада а сёмай раніцы. На ўроках гісторыі ў польскіх школах навучаюць, што Пілсудскі ехаў з Магдэбурга. Аднак гэта не было дакладна так.

— Пілсудскі прыехаў з Берліна праз Познань у Варшаву. Разыходжанні ўзніклі з-за фота, якое часта перадрукоўвалася  з подпісам «Прыезд Юзафа Пілсудскага ў Варшаву». Гэтае фота, было зроблена на варшаўскім вакзале не ў 1918 а ў 1916 годзе. Колькасць людзей, якія віталі Пілсудскага ў 1918 г. і якія ведалі пра яго прыезд, была даволі невялікай  - некалькі чалавек з Польскай ваеннай арганізацыі.

Рашэнне аб прыездзе Пілсудскага ў Варшаву было прынята пасля таго, як нямецкія ўлады вызвалілі яго з Магдэбургскай крэпасці, дзе яго трымалі ў зняволенні 17 месяцаў з ліпеня 1917 г. за тое, што ён заклікаў польскіх салдат не прыносіць прысягі на вернасць нямецкаму імператару. Пілсудскі быў вызвалены 8 лістапада 1918 года.

—  Першыя спробы нямецкіх уладаў вызваліць Пілсудскага былі ў канцы кастрычніка. Яны прад'явілі яму палітычныя ўмовы, на якія Пілсудскі  не пагадзіўся. І не толькі таму, што ён быў вельмі палітычна паслядоўным чалавекам, які да таго ж не быў здольны пагадзіцца на прымус. Ён ведаў, што немцы прайграюць Першую сусветную вайну, і весці з імі перамовы было палітычна бессэнсоўна. Урэшце-рэшт яго выпусцілі 8 лістапада і 10 лістапада а 7-й раніцы Пілсудскі з'явіўся ў Варшаве на так званым Венскім вакзале, які стаяў у сённяшнім цэнтры горада, на скрыжаванні галоўных магістраляў горада — Алее Ерусалімске і вуліцы Маршалкоўская. Адтуль яго адвезлі на вуліцу Манюшкі ў пансіянат сясцёр Раманавых, які павінен быў служыць яго штаб-кватэрай.

Гістарычныя крыніцы паведамляюць, што Юзаф Пілсудскі выйшаў з цягніка вельмі стомленым, з бледным тварам, прастуджаны.

— Пілсудскі насамрэч марыў выспацца, адпачыць. Палітычная сцэна, якую ён перавярне неўзабаве, не ведала пра яго прыезд, ён сам таксама не ведаў, чаго чакаць у Варшаве. Варта нагадаць, што ў той час у Варшаве расклад палітычных сіл быў вельмі складаны. Гэта значыць, была Рэгенцкая рада — урад — фактычна прызначаны немцамі. Рэгенцкая рада была аслаблена, таму што Германія прайгравала вайну. Праўда, гэта быў час непасрэдна перад падпісаннем Германіяй капітуляцыі. За два-тры дні да прыезду Пілсудскага ў Варшаву 7 лістапада ў Любліне сфарміраваўся незалежны польскі ўрад.

Ад раніцы 10 лістапада ў штаб-кватэру Пілсудскага ў гасцявым доме сясцёр Раманавых прыязджаюць розныя дэлегацыі. Сустрэчы працягваюцца ўвесь дзень, але Пілсудскі знаходзіць яшчэ час наведаць маці свайго дзіцяці, будучую жонку Аляксандру Шчэрбінскую, якая жыве на вуліцы Мінскай, 25, на другім беразе Віслы — у раёне Прага. Яго першая дачка Ванда нарадзілася паўгода раней.

— Але ў Пілсудскага вельмі мала часу на асабістае жыццё. Ён вяртаецца на вуліцу Манюшкі ў такім стане, што хоча толькі аднаго — спаць. Просіць, не будзіць яго. Спіць дзве гадзіны, а 23:00 да яго прыходзяць прадстаўнікі нямецкіх Салдацкіх рад, кайзераўская армія ўжо ахоплена рэвалюцыйным вэрхалам.  Трэба вырашыць пытанне аб статусе намецкага войска на польскай тэрыторыі.  Што рабіць з гэтымі салдатамі? Ці павінны яны заставацца на сваіх месцах, ці вяртацца ў Германію, ці павінны яны пакінуць зброю тут? Пілсудскі дае слова, што ніякіх дзеянняў супраць іх не будзе ні з яго боку, ні з боку палітычных колаў, на якія ён можа мець уплыў. Палітык ведае, што ў такой складанай сітуацыі канфлікт з нямецкімі салдатамі палякам не патрэбны. Пілсудскі займае пазіцыю, што калідор для выезду былых кайзераўскіх войскаў для выезду з Польшчы павінен быць адкрыты.

Гістарычныя звесткі сведчаць аб тым, што перамовы з прадстаўнікамі Soldatenrat (Салдацкай рады) працягваліся да 2:00 ночы, а ў 8:00 раніцы наступнага дня, у панядзелак, 11 лістапада, Пілсудскі выступіў на мітынгу перад імі і даў гарантыі бяспекі. Аднак цалкам пазбегнуць кровапраліцця аказалася немагчыма. Крывавы інцыдэнт адбыўся падчас спробы раззброіць адно з нямецкіх падраздзяленняў, але гэта здарылася не ў Варшаве.

11 лістапада апоўдні Пілсудскі сустракаецца з прадстаўнікамі Люблінскага ўрада, аднак размова атрымалася даволі халоднай, бо Пілсудскі лічыць саму ідэю стварэння гэтага ўрада няправільнай. У яго ёсць свая ідэя наконт урада.

Апошні, самы важны, элемент 11 лістапада — гэта 17:00 і сустрэча з прадстаўнікамі Рэгенцкай рады.  Падручнікі па гісторыі кажуць, што гэта момант перадачы ваеннай улады і ўтварэння новай польскай дзяржавы.

— Такім чынам адбылася перадача ваеннай улады, але ў абмежаванай ступені, бо Пілсудскі становіцца чалавекам з ваеннай уладай, якая раней належала Рэгенцкай радзе. Рэгенцкая рада — гэта часовы марыянетачны ўрад Польскага каралеўства, створаны акупацыйнымі нямецкімі і аўстра-венгерскімі войскамі ў 1917 годзе. Перадача ўлады Пілсудскаму была праявай прызнання яго, як чалавека, які, хоць і  з-за зняволення быў цалкам выключаны з жыцця польскіх палітычных колаў, але дзякуючы сваім намаганням з 1914 года, узняўся ў ранг аднаго з лідараў палітычнага жыцця Польшчы, якая ўласна адраджалася з нябыту.

ПР/К.Кабылецка/яс