Беларуская Служба

Адзін з наратываў антыўкраінскай дэзінфармацыі ў Польшчы — што ўкраінкі прыязджаюць, каб выйсці замуж за паляка

24.11.2025 18:18
На польскае грамадства вельмі моцна ўздзейнічае дэзінфармацыя, накіраваная супраць грамадзян Украіны і Беларусі.
Аўдыё
  • Эксперт разважае пра антыўкраінскія і антыбеларускія наратывы ў сацсетках.
.
Ілюстрацыя.Фота: Shutterstock/Mego studio

У польскіх сацсетках ёсць велізарная колькасць інфармацыі, звязанай з Украінай. І вельмі шмат маніпуляцыі ды прамой хлусні. Каля 90% дэзінфармацыі, датычнай украінцаў ці беларусаў, якія жывуць у Польшчы, паходзіць з тэрыторыі Беларусі і Расіі, – гаворыць госць нашай перадачы, які прафесійна займаецца адсочваннем такіх наратываў. 

У Польшчы жывуць сотні тысяч беларусаў, мільёны ўкраінцаў, якім прыйшлося пакінуць сваю краіну. І менавіта іх, асабліва ўкраінцаў, часцей за ўсё датычаць акцыі, звязаныя з дэзінфармацыяй, многія з якіх кіруюцца з-за ўсходняй мяжы. На жаль, з кожнай такой акцыяй антыўкраінскія наратывы распаўсюджваюцца ў Польшчы ўсё хутчэй, - адзначае юрыст, даследчык рынку мас-медыя і дэзінфармацыі, дырэктар Інстытуту Заменгофа Павел Прус (Paweł Prus).  

— На польскае грамадства вельмі моцна ўздзейнічае дэзінфармацыя, накіраваная супраць грамадзян Украіны і Беларусі, і такія сітуацыі не з'яўляюцца вынікам аднаразовай кампаніі ці аднаразовай акцыі. Яны з'яўляюцца вынікам актыўных дзеянняў на працягу некалькіх гадоў, якія прывялі да пэўных змен у грамадстве адносна агульнага ўспрымання ўкраінцаў і беларусаў. У мяне склалася ўражанне, што з кожнай наступнай сітуацыяй ці нападам усё лягчэй знайсці групу людзей у Польшчы, якія падхопяць гэтыя наратывы і перададуць іх далей. Таму гэтая дэзінфармацыя з Усходу, дэзінфармацыя з Расіі, вельмі небяспечная, і я адчуваю, што Польшча недастаткова рэагуе на гэтую пагрозу.

— Напрыклад, нядаўні гучны выпадак смерці пацыента ва Уроцлаве, які памёр быццам бы таму, што лекары з Беларусі і Украіны не ведалі польскай мовы. Аказалася, што віной быў зусім не моўны бар'ер, але інфармацыя пайшла ў свет. Яе пачалі распаўсюджваць палякі, а акаўнты, звязаныя з рэжымам Лукашэнкі ды Пуціна, ахвотна падхапілі тэму. І не было хуткай рэакцыі з боку польскай службы аховы здароўя, якая б растлумачыла, што здарылася на самой справе.

— Сітуацыя ва Уроцлаве з'яўляецца вынікам таго, што палякаў ужо некалькі гадоў інтэнсіўна насычаюць антыўкраінскім і антыбеларускім кантэнтам. Гэта не выпадковасць, і гэта не першая такая сітуацыя. З пачатку 2022 года, з пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне, гэтыя наратывы, асабліва антыўкраінскія, актыўна распаўсюджваюць. Ніводная іншая тэма ў дэзінфармацыі не выкарыстоўваецца так актыўна, як антыўкраінскія наратывы. І такіх асноўных наратыўных ліній было некалькі. Адна з першых сцвярджала, што ўкраінцы маюць прывілеі за кошт палякаў. У ёй падкрэслівалася, што яны атрымліваюць сацыяльныя выплаты, карыстаюцца праграмай «500+». Аднак гэтая дэзінфармацыя адразу ўключала непраўдзівыя тэзісы, што быццам бы тыя, хто прыехаў з Украіны, атрымліваюць нават больш, чым палякі. Гэта антаганізавала палякаў і ўкраінцаў.

— А якія яшчэ вы маглі б прывесці прыклады непраўдзівых наратываў, звязаных з украінцамі ці беларусамі ў Польшчы?

— Яшчэ адзін наратыў, які ў гэтым выпадку тычыцца як украінцаў, так і беларусаў, заключаецца ў тым, што яны не паважаюць польскага заканадаўства і культуры. Гэты наратыў альбо прыводзіць выдуманыя злачынствы, учыненыя іншаземцамі, альбо перабольшвае значэнне рэальных злачынстваў ці правапарушэнняў. Іншымі словамі, гэтыя асобныя сітуацыі паўтараюцца так часта, што ствараецца ўражанне, быццам украінцы і беларусы насамрэч з'яўляюцца віноўнікамі шматлікіх правапарушэнняў ці злачынстваў. Іншы, вельмі характэрны наратыў, які з'явіўся ў 2022 годзе, калі значная частка бежанцаў з Украіны прыбыла ў Польшчу, заключаўся ў тым, што маладыя ўкраінкі прыязджаюць у Польшчу, каб знайсці мужа, выйсці замуж за паляка і камфортна тут жыць. І мэта гэтых маніпуляцый — пераканаць маладых полек, што ўкраінкі ўяўляюць нейкую пагрозу. Цікава, што праз некалькі гадоў высветлілася, што ў даследаваннях, якія вымяраюць гатоўнасць палякаў дапамагаць Украіне, гатоўнасць дапамагаць знізілася, што зя'ўляецца нратуральным працэсам. Але група, у якой найбольш знізілася гатоўнасць дапамагчы Украіне, — гэта маладыя жанчыны. Гэта выразна паказвае, што наратыў, паўтораны тысячы разоў, проста пераканаў маладых польскіх жанчын, што гэта можа быць праўдай. Журналісты даследавалі гэтыя сітуацыі, і аказалася, што аргументы, якія з'явіліся ў інфармацыйнай сферы, былі ілжывымі.

— Як вы ацэньваеце гэтыя акцыі – ці яны ладзяцца мэтанакіравана? І хто за імі стаіць? Ці можна гэта прасачыць?

— Калі гаворка ідзе пра даследаванне дэзінфармацыі або вызначэнне яе крыніц, гэта вельмі складаная задача, і вельмі рэдка можна быць на 100% упэўненым у паходжанні гэтых наратываў. Але дзяржаўныя беларускія ці расійскія структуры, якія займаюцца дэзінфармацыяй, накіраванай супраць палякаў, таксама робяць памылкі. Часам здараліся асобныя выпадкі, калі можна было прасачыць, што анлайн-акаўнты, напрыклад, у Твітэры, якія распаўсюджвалі значную колькасць антыўкраінскага кантэнту, былі створаныя або дзейнічалі ў Беларусі ці Расіі. Я думаю, што можна смела заявіць, што пераважная большасць, верагодна, больш за 90%, дэзінфармацыі паступае з Расіі і Беларусі. Таму што Беларусь, у пэўным сэнсе, з'яўляецца выканаўцам загадаў Крамля. Напрыклад, у Гродне ёсць вядомая група, якая праводзіць вельмі інтэнсіўныя дэзінфармацыйныя кампаніі. Такім чынам, большая частка наратываў, накіраваных супраць грамадзян Украіны ў Польшчы, ці дэзінфармацыі, якая выклікае хаос у польскай палітыцы, — гэта дэзінфармацыя, якая паходзіць з Расіі ці Беларусі.

Размаўляла Наталля Грышкевіч