25 лістапада адзначаецца Міжнародны дзень барацьбы з гвалтам у адносінах жанчын, устаноўлены Арганізацыяй Аб'яднаных Нацый. Яго асноўныя мэты – павысіць свядомасць грамадства аб праблеме гвалту ў адносінах жанчын і дзяўчынак, мабілізаваць урады шукаць магчымасці зменшыць маштаб гэтай зʼявы, прыняць меры па прадухіленні гвалту, а таксама падтрымаць ахвяр і прасоўваць палітыку і праграмы, якія абараняюць правы жанчын.
Міжнародны дзень барацьбы за ліквідацыю гвалту ў адносінах жанчын распачынае 16-дзённую кампанію супраць гвалту. ААН папярэджвае, што гвалт працягвае закранаць жанчын ва ўсім свеце, незалежна ад паходжання, адукацыі, рэлігіі, сацыяльнага ці фінансавага статусу. Інфармацыю сабрала карэспандэнтка Польскага радыё Агата Круль (Agata Król).
– Што мы можам зрабіць? Узмацняць салідарнасць людзей па ўсім свеце, якія аб’ядноўваюцца, каб супрацьдзейнічаць гвалту, удзельнічаць у мерапрыемствах, прысвечаных праблематыцы гвалту, і рэагаваць на яго, калі мы становімся яго сведкамі, – кажуць арганізатары акцыі. Гэтыя крокі павінны нагадваць, што агрэсія і дыскрымінацыя па-ранейшаму з’яўляюцца сур’ёзнымі глабальнымі праблемамі. Даты кампаніі невыпадковыя. Пачатак – Міжнародны дзень ліквідацыі гвалту ў адносінах жанчын, а фінал – 10 снежня, Міжнародны дзень правоў чалавека. У гэты час таксама будуць адзначацца Сусветны дзень барацьбы са СНІДам і Міжнародны дзень людзей з інваліднасцю. На думку актывістаў, пра гвалт у дачыненні да жанчын гаворыцца ўсё больш, але ўсё яшчэ недастаткова. Паліцэйская статыстыка застаецца трывожнай. Летась больш за 50,5 тысячы жанчын пацярпелі ад хатняга гвалту.
Дзеячы, якія змагаюцца за легальныя аборты ў Польшчы, таксама кажуць пра гвалт у адносінах жанчын, якія становяцца ахвярамі забароны перарывання цяжарнасці. Меркаваннем журналісткі і грамадскай актывісткі Наталлі Саўкі (Natalia Sawka), цяжарныя жанчыны, асабліва вельмі маладыя дзеўчыны, якія не хочуць нарадзіць дзіця, застаюцца самі са сваёй праблемай.
– Калі мы размаўляем пра сексуальны гвалт, мы разважаем пра сітуацыю жанчын, а рэдка згадваем пра мужчыну. Рэдка мы гаворым, якая гэта вялікая крыўда для жанчыны, якая псіхалагічная траўма. Асабліва калі гэта маладая дзяўчына, падлетак. Калі яна спазнае такі гвалт, яна часта застаецца з гэтым у адзіноце. Як правіла яны не прызнаюцца, магчыма, некаторыя прызнаюцца маці і атрымаюць падтрымку, але большасць саромеецца. І калі мы гаворым пра аборты, мяне здзіўляе адсутнасць разважанняў, наколькі гэта цяжка для жанчыны, нельга прадстаўляць гэта як лёгкае рашэнне. У Польшчы няма легальных абортаў, якія можна зрабіць у шпітальных умовах. Дзяўчына заказвае таблеткі, якія выклікаюць выкідыш, і застаецца адна са сваім болем. Добра, калі ёсць нейкая падтрымка з боку іншай жанчыны. Але ў 21-ым стагоддзі такія працэдуры трэба рабіць у шпіталі, а не самому.
Гвалт у адносінах жанчын бывае вельмі розны. Гэта не толькі сексуальны гвалт, згвалтаванне, але таксама фізічны. Мільёны жанчын на свеце сутыкаюцца з фізічным насіллем з боку сваіх блізкіх, больш моцных у розных планах членаў сям’і. Але можа быць таксама гвалт, так сказаць, у «белых пальчатках», які не пакідае слядоў на целе жанчыны, але пакідае глыбокія рубцы на яе псіхіцы. Гэта псіхалагічны гвалт. Часта жанчыну пытаюць, чаму яна не кінула чалавека, які яе біў, прыніжаў, забіраў грошы? Адказ на гэтае пытанне вельмі складаны. Не ўсе жанчыны маюць магчымасць знайсці працу, каб утрымліваць сябе і дзяцей, некаторыя застаюцца, таму што шкадуюць асобу, якая чыніць дамашні гвалт.
З нагоды Міжнароднага дня барацьбы з гвалтам бясплатная платформа VOD ARTE.tv дае голас жанчынам, якія зведалі гвалт, вытрымалі пекла маўчання і цяпер змагаюцца за змены. Яна прадставіла дакументальны фільм пад назваю «Я цябе заб’ю», у якім паказала паседжанне ў французскім судзе, дзе адбывалася судовае разбіральніцтва асуджаных мужчын, якія чынілі псіхалагічны гвалт у сям’і. Жанчыны адважыліся паказаць свой твар, перамагаючы сорам, каб змагацца за змены. Вось як адна з іх апісвала сваё «пекла на зямлі».
- Калі я сустрэла яго, для мяне гэта было каханне з першага погляду. А калі ён быў жорсткім, ён казаў мне, што гэта мая віна, таму што я зрабіла нешта не так, апранулася не так. Называў мяне распусніцай, таму што я хацела дагадзіць камусьці іншаму, або таму, што я хацела прыцягнуць увагу ўсіх, акрамя яго.
Кожныя 10 хвілін у свеце ад рук блізкага чалавека гіне жанчына. Пашырэнне маштабу дзеяння інтэрнэту і сацсетак пагаршае сітуацыю. Пастаянным элементам гвалту ў адносінах да жанчын і дзяўчат з'яўляецца адпраўка і публікацыя фатаграфій без іх згоды, публікацыя канфідэнцыйных дадзеных, у тым ліку персанальных, і стварэнне малюнкаў і відэа, апрацаваных з дапамогай штучнага інтэлекту.
IAR/нг