Кожны, хто прыязджае ў польскую сталіцу на цягніку і выходзіць у цэнтры горада, пакідае вагон на вакзале «Варшава цэнтральная». Гэта галоўная чыгуначная станцыя краіны. Сёлета вакзал адзначае круглы юбілей – 50-годдзе: аб'ект быў адкрыты 5 снежня 1975 года. З гэтай нагоды мы раскажам гісторыю «Варшавы цэнтральнай», якая з’яўляецца цікавай і нават захапляльнай.
Да пачатку 1970-х гадоў у Варшаве не буйнога чыгуначнага вакзалу, які б спраўляўся з вялікім пасажырапатокам у сталіцы. Гэта быў вялікі мінус, тым больш, што чыгуначны транспарт у Польшчы заўсёды быў добра развіты.
Narodowe Archiwum Cyfrowe
Будаўніцтва станцыі пачалося ў 1972 годзе, а скончылася ў 1975-м. Вакзал быў пабудаваны падчас эканамічнага ўздыму 1970-х гадоў, калі Польская Народная Рэспубліка атрымала заходнія крэдыты, а стары вакзал «Варшава галоўная» быў вельмі малы як на патрэбы вялікага горада. У канцы будаўнічых работ працавалі вельмі хутка, бо з візітам у Варшаву збіраўся прыбыць на цягніку Леанід Брэжнеў, і ўлады ПНР хацелі прыняць высокага госця ў новым аб’екце. У будаўніцтве дапамагала войска.
Аўтарам праекту быў вядомы польскі архітэктар Арсеніюш Рамановіч, які сваю кар’еру пачынаў яшчэ ў даваеннай Польшчы. Ён – архітэктар шматлікіх варшаўскіх чыгуначных вакзалаў і станцый, пра што, дарэчы, ён згадваў у інтэрв’ю Польскаму радыё ў 1973 годзе, за два гады да адкрыцця «Варшавы цэнтральнай».
- Разам з маім калегам Пятром Шыманякам, які ўжо не жыве, мы пабудавалі ўсе станцыі на варшаўскай цэнтральнай чыгуначнай лініі. Гэта «Стадыён», «Павісле», «Ахота», найбуйнейшая прыгарадная станцыя «Варшава Сьрудмесце» і «Варшава ўсходняя». Цяпер я будую цэнтральны вакзал Варшавы.
Перад будаўніцтвам было чуваць пытанні, ці галоўны вакзал трэба будаваць у самым цэнтры горада. Але эксперты, у тым ліку з-за мяжы, выказалі меркаванне, што адной з найвялікшых пераваг станцыі зʼяўляецца яе цэнтральнае размяшчэнне. Гэта дазваляе пасажырам дабірацца непасрэдна ў цэнтр горада, у адрозненне ад аэрапорта, які размешчаны далей.
Вядома, могуць быць і негатыўныя моманты, бо, магчыма, узнікнуць заторы ля вакзала. Але праекты станцыі, грамадскага транспарту і гарадскога планавання распрацоўваліся адначасова, таму я лічу, што сімбіёз станцыі, чыгункі і горада будзе поўным, і, хутчэй за ўсё, не будзе ніякіх праблем з заторамі ў гэтым канкрэтным месцы.
Чакаецца, што штогод «Варшава цэнтральная» будзе прымаць 39 млн пасажыраў, а гэта азначае, што статыстычна паляку давядзецца падарожнічаць праз станцыю хаця б адзін раз.
А вось як перадаваў з урачыстага адкрыцця вакзала карэспандэнт Польскага радыё ў 1975 годзе.
- Яшчэ ўчора тут была мітусня, характэрная для вялікай будовы, і тысячы людзей задавалі пытанне: ці паспеюць? Паспелі! Будаўнікі стрымалі абяцанне, дадзенае партыі і народу ды здалі аб’ект на 33 месяцы раней за запланаваны тэрмін. Цэнтральны вакзал гатовы да прыняцця дэлегатаў і запрошаных гасцей ды з сённяшняга дня будзе служыць цэламу грамадству. У галоўным холе няма дзе яблыку ўпасці: тысячы людзей, прадстаўнікі розных фабрык і заводаў, працоўнага народу. А над імі – вялізны транспарант са словамі: «Працоўныя Варшавы на практыцы падтрымалі кіраўніцтва партыі! Няхай жыве кіраўніцтва партыі з таварышам Герэкам на чале!». А пасярэдзіне залы – карта Польшчы з напісам «7-ы з’езд Польскай аб’яднанай рабочай партыі».
Дарэчы, як і на іншых камуністычных будаўнічых пляцоўках вакзал узводзілі вельмі хутка, што не магло не адбіцца на якасці. На працягу 1980-х гадоў з’явіліся прыкметы пагаршэння стану аб’екта. Але нягледзячы на гэта, будынак лічыўся вельмі сучасным: ён быў абсталяваны эскалатарамі, рассоўнымі дзвярамі, быў функцыянальны і эстэтычны.
Шматлікія спецыялісты заяўлялі, што «Варшава цэнтральная» – найсучаснейшы чыгуначны вакзал у Еўропе на той момант. Што цікава, то некаторыя дэкарацыйныя элементы былі імпартаваныя са Швейцарыі, эскалатары – з Парыжа і Бруселя, а вакзальныя гадзіннікі – з Італіі. Пры будаўніцтве шырока выкарыстоўваліся дарагія матэрыялы, напрыклад, мармур і алюміній. А драўляна-мармуравыя лаўкі на перонах мелі аўтаномны абагрэў – такога не было ані на адным вакзале ў свеце! Упершыню на вакзале быў створаны салон для важных пасажыраў, а першым яго госцем стаў менавіта Брэжнеў.
На працягу першых месяцаў пасля адкрыцця Польская чыгунка працаўладкоўвала гастэсаў у прыгожых і эфектных формах, якія інфармавалі пасажыраў пра цягнікі, цэны на білеты і г.д. Вядомы швейцарскі крытык архітэктуры і гісторык мастацтва Вернэр Хубер назваў вакзал «Варшава цэнтральная» прыкладам выбітнай архітэктуры мадэрнізму і «чыгуначнай жамчужынай». Адным словам, будынку не пасаромілася б ані адна сталіца Заходняй Еўропы.
Галоўны хол вакзала, 1977 год. Narodowe Archiwum Cyfrowe
Пасля грамадска-палітычных пераменаў на пачатку 1990-х гадоў з’явіліся меркаванні наконт таго, што станцыю трэба знесці, а на яе месцы пабудаваць новую. Аднак, на шчасце, планы былі змененыя, а больш за 10 гадоў таму вакзал быў мадэрнізаваны і надалей спраўляецца са сваёй функцыяй.
Пару гадоў таму «Варшава цэнтральная» атрымала імя вядомейшага польскага кампазітара Станіслава Манюшкі. Штодзень вакзал абслугоўвае каля 60 тыс. пасажыраў, у маштабе года – каля 24 млн. Штодзённа з вакзала адпраўляецца каля 400 цягнікоў міжрэгіянальнага і міжнароднага спалучэння па амаль 120 маршрутах.
Валеры Саўко
слухайце аўдыёфайл