Вольга пераехала ў Польшчу пасля падзей 2020–2022 гадоў. Тут яна абараніла магістарскую працу, піша доктарскую дысертацыю і спрабуе збудаваць новае жыццё. Але нават праз гады ў эміграцыі працягвае адчуваць сябе «паміж двума дамамі».
З’ехала, бо зразумела, што не можа больш жыць у Беларусі
Вольга ў Польшчы з 2022 года. Па адукацыі яна лінгвіст: вучылася ў Беларусі, але магістарскую працу давялося абараняць ужо ў эміграцыі. Навуку не пакідае — піша доктарскую дысертацыю. Дарэчы, Польшча стала не першай краінай, дзе ёй давялося быць вымушанай мігранткай.
— Калі пачалася вайна, я зразумела, што так больш не магу жыць у Беларусі. Плаціць падаткі гэтай краіне я таксама не хацела. Да ўсяго, я ўдзельнічала ў пратэстах, таму сітуацыя накалялася і станавілася ўсё больш цяжкай. Мне ўжо трэба было з’язджаць: затрымалі тату, і мяне таксама шукалі, — дзяўчына распавядае пра гэта так, нібы падзеі былі толькі ўчора. — Напачатку мы жылі ў Арменіі, бо ў Беларусі не маглі атрымаць польскую візу — чэргі былі неімаверныя. Мы ўзялі з сабой толькі летнія рэчы, спадзеючыся, што хутка ўсё скончыцца і мы вернемся дамоў. Якая я тады была наіўная…
Мы не маглі набыць кватэру, але вострых праблем не мелі
У Польшчы Вольга бывала і раней — у дзяцінстве, але цяпер прыехала ўжо не ў вандроўку, а жыць разам з мужам, прычым невядома на які час. Жыццё давялося ўладкоўваць з нуля. І, як адзначае суразмоўца, пашанцавала, што муж адразу меў працу: кампанія, у якой ён працаваў, дала яму месца ў польскім офісе.
— А я магла ўладкавацца анлайн-настаўніцай англійскай мовы. Таму такой вострай матэрыяльнай праблемы, каб «зводзіць канцы з канцамі», не было. Канешне, мы не маглі сабе дазволіць купіць кватэру або зняць двухпакаёвую — і дагэтуль жывём у аднапакаёўцы, — дадае трохі задумліва. — Было цяжка з мовай. Я яе вучыла ў школе, гэта крыху дапамагло, але ўсё роўна быў моўны бар’ер, сацыяльная ізаляцыя, я б сказала. Праўда, была суполка беларусаў у Кракаве, але мы прыехалі ўжо пазней за іншых, і было складана шукаць кантакты з тымі, хто тут абжыўся, — прызнаецца дзяўчына.
У Польшчы мне ў цэлым усё зразумела
Цікаўлюся ў Вольгі, ці перакрочыла яна ўжо той этап, калі моўныя праблемы і адчуванне «чужога месца» знікаюць, а інтэграцыя ў польскае грамадства сапраўды адбываецца. Вольга ледзь усміхаецца, а потым сур’ёзна адказвае:
— Па большай ступені — так. Я яшчэ ў Беларусі хадзіла ў касцёл, бывала раней у Польшчы, таму мне ў цэлым зразумела, што і як у гэтым грамадстве адбываецца. Усе палякі, якія мне сустракаюцца, — ветлівыя; яны хочуць са мной сябраваць, і іх менталітэт блізкі да нашага. Я адчуваю, што ў нас шмат супольнага, — кажа яна ўпэўнена. — Таму не магу сказаць, што тут мне няўтульна. Хаця па-польску размаўляць мне не надта зручна — гэта ж не матчына мова. Насамрэч, калі мова бліжэй да нашай, яе, парадаксальна, кантраляваць часам цяжэй, чым тую, што далей. Напрыклад, з нямецкай у мяне такіх цяжкасцяў няма.
На беларускую мову перайшла, бо тата так зрабіў
Размова пра мовы працягваецца. Цікаўлюся, як цяпер у яе складаюцца адносіны з беларускай мовай. Вольга ізноў усміхаецца.
— Добрае пытанне. У 2022 годзе я разам з мужам вырашыла перайсці на беларускую мову, але найперш гэта было татава рашэнне. І я падумала: раз тата перайшоў, то і я павінна. І цяпер ніяк не магу зразумець, чаму не зрабіла гэтага раней.
Аднойчы ў падарожжы я сустрэлася з хлопцам з Чэхіі, і ён спытаў, як па-беларуску будзе «вежа» (Turm). Я зразумела, што не памятаю. Ён паглядзеў у інтэрнэце і кажа: «Таксама вежа — як і па-чэску». Мне стала сорамна, што я не ведаю сваю родную мову. Ён быў вельмі здзіўлены, што я не валодаю ёй, але размаўляю па-расійску і па-англійску, — задуменна ўспамінае Дзіяна.
Наша мова мае перспектывы
— А вы бачыце перспектыву для беларускай мовы ў Беларусі, - адразу аўтаматычна ўзнікае пытанне да прафесійнага лінгвіста?
— Так, бачу. У нас вельмі прыгожая мова, на ёй можна выказаць абсалютна ўсё. І я лічу, што будучыня ёсць, калі рабіць усё мякка, а не жорстка. Жорсткі прымус можа адштурхнуць людзей. Мова павінна стаць мовай прэстыжу: каб на ёй было прэстыжна размаўляць, каб вышэйшая адукацыя была на беларускай. Яна павінна стаць мовай дзяржаўных дакументаў. І калі людзі пабачаць, што гэта так, — яны будуць ёй карыстацца.
Як быццам я паміж двума дамамі
Мы вяртаемся да размовы пра штодзённыя справы і жыццё ў эміграцыі. Цікаўлюся, ці адчувае яна сябе тут упэўнена, ці не турбуюць яе трывожныя думкі. Вольга зноў задумваецца і ціха кажа:
— Я не ведаю… Як быццам я паміж двума дамамі. У мяне ёсць адзін дом у Беларусі і адзін — ужо тут. Але заўсёды думаеш, што, можа, нешта зменіцца ў Беларусі і захочацца вярнуцца. З іншага боку, я ўжо інтэгравалася: шмат размаўляю з палякамі, маю шмат сяброў тут і ў іншых краінах. Пачуццё дому яшчэ не цалкам сфармавалася…
— А чакаеце сустрэчы з домам?
— Канешне. Вельмі чакаю. Хачу пабачыць сям’ю. Найперш — сям’ю, дом. І маму вельмі хачу пабачыць…
Павел ЗАЛЕСКІ
слухайце аўдыё