Хутка спаўняецца два гады, як беларускія эмігранты арганізавалі ў Познані беларускія традыцыйныя танцы. Збіраюцца раз на тыдзень, і заўсёды ёсць ахвотныя. Пра тое, як мінулі два гады для «Танцаў у Пазнаньцы», распавядае адна з арганізатарак ініцыятывы Наста Бякасава.
— І так, Наста, мінула два гады, як кожны панядзелак у Познані ладзяцца традыцыйныя беларускія народныя танцы…
— У нас сёлета, як і летась, будуць народзіны. Восьмага красавіка два гады таму мы арганізавалі нашы танцы, і, цяжка паверыць, але час хутка мінуў.
— Два гады – гэта для танцаў шмат ці мала?
— З аднаго боку падаецца, што гэта нямнога, нібыта мы толькі пачаткоўцы, а з іншага боку – за гэтыя два гады мы вельмі змяніліся, вялікі шлях прайшлі.
— А як наогул пачыналіся «Танцы ў Пазнаньцы», чыя гэта была ідэя?
— Ідэя ў прынцыпе нарадзілася ў мяне. Але, калі дакладней, то мая вучаніца, якая некалі хадзіла да мяне на заняткі па бальных танцах, пацікавілася, ці не хачу я тут нешта падобнае арганізаваць. Я задумалася над гэтым, год выношвала тую ідэю думала, а потым, калі ў Познань прыехала Святлана, падзялілася з ёй думкамі, і яна ахвотна падтрымала мяне, кажа: «Давай рабіць!».
— Вы пераважна танцуеце менавіта традыцыйныя беларускія танцы – чаму такі выбар?
— Таму што гэта такая ніша, якая вельмі нераспаўсюджаная, але вельмі важная для беларусаў, для таго каб быць бліжэй да сваёй культуры. Традыцыйная культура – самая натуральная, самая важная, каб праз яе адчуць, кім мы ёсць. У даўніну вяскоўцы пасля доўгага працоўнага дня збіраліся ў адной нейкай хатцы на вячоркі. Танцавалі, гралі і спявалі для душы, каб лягчэй жылося. Гэта тое, без чаго людзі не ўяўлялі свайго існавання.
Зразумела, што цяпер жыццё вельмі змянілася, у нас стала больш розных інтарэсаў, і пра традыцыйную культуру нямногія ведаюць. А калі і ведаюць, то з нейкіх канцэртаў па тэлебачанні, але гэта не зусім традыцыйная культура. Таму мне самой усё гэта было цікава.
Традыцыйныя танцы нарадзілася з цікаўнасці, паколькі я з пяці гадоў танцавала народныя танцы, але сцэнічныя, якія мы бачым па тэлебачанні. І потым, ўжо ў эміграцыі, пачала назіраць за традыцыйнымі суполкамі, праз якія пабачыла хараство сапраўднай беларускай культуры, і падумала, што змагу быць арганізатаркай падобных танцавальных вечарын. І зараз я ўжо не ўяўляю свайго жыцця без нашых сустрэч, людзей, нашай неймавернай супольнасці.
Хаця быў такі перыяд, калі я скончыла каледж і сказала, што больш народнымі танцамі ніколі займацца не буду. Але так склалася, што, па сутнасці, я вярнулася да вытокаў і зразумела, што гэта маё.
— А як беларусы падтрымалі тваю ідэю, ці шмат іх прыходзіць танцаваць?
— Я думаю, што любая ідэя, калі арганізатар шчыра любіць тое, што робіць, у прынцыпе, не важна што, заўсёды знойдзе свой водгук. Я вельмі ўдзячная ўсім людзям, якія да нас прыходзяць, а яны прыходзяць. На кожнай сустрэчы збіраецца не менш за 15 чалавек, а часам і больш. А на вечарыны з жывым гукам, калі яшчэ прыязджаюць нейкія музыкі, можа прыйсці і да пяцідзесяці чалавек. Гэта тое месца, дзе людзі сапраўды могуць адпачыць. І я рада, што гэтая задума збірае шмат беларусаў, і не толькі: да нас далучаюцца і палякі, і прадстаўнікі іншых культур.
— Акрамя таго, што вы праводзіце танцы ў Познані, вы яшчэ са сваім калектывам ездзіце ў іншыя польскія гарады. Распавядзіце пра гэта.
— Мы ездзім не столькі выступаць, проста нас могуць запрасіць у любы іншы горад, каб мы там правялі такую вечарыну. Цяпер мы амаль што можам сабе дазволіць жывое музычнае суправаджэнне дзякуючы нашаму музыку Іллю Сініцу. Летась мы так былі ў Зялёнай Гуры. Арганізатарам вельмі спадабалася, як мы ўсё зладзілі, і яны адразу запрасілі нас на наступны год. Сёлета ізноў туды паедзем.
— Наста, я разумею, што вы робіце няпростую працу і займаецеся справай, за якую вам ніхто не плаціць…
— Ад самага пачатку гэта не быў камерцыйны праект. Вядома, людзі пры жаданні могуць нас падтрымаць. А па-другое, не хочацца пераўтвараць такія сустрэчы ў нейкую камерцыю, хаця людзі нашы ўдзячныя і пры патрэбе заўсёды падтрымаюць чым змогуць.
Павел Залескі