Беларуская Служба

Святочная дабрачыннасць: банкі харчавання збіраюць дапамогу для малазабяспечаных асоб

31.03.2026 18:00
Сотні тысяч людзей па ўсёй Польшчы могуць атрымаць рэальную падтрымку.
Аўдыё
  • Дабрачыннасць на Велікодныя святы.
 . .
Велікодны стол. Ілюстрацыя. Фота: Shutterstock/Teresa Kasprzycka

Велікодныя святы – гэта не толькі рэлігійная і сямейная традыцыя, але і час багатага застолля, таму харчаванне ў гэты перыяд мае асаблівае значэнне. Па традыцыі, на стале паяўляецца шмат страў, нават небагатыя сем'і не шкадуюць у гэты перыяд сродкаў на прадукты харчавання. І, як штогод, прадстаўнікі Банкаў харчавання нагадваюць, каб старацца не купляць празмерную колькасць ежы. А таксама пра тое, што прадуктамі можна падзяліцца з іншымі людзьмі. 

На святы многія з нас купляюць занадта шмат ежы, гатуюць столькі, што ўсё немагчыма спажыць, таму частка гатовых страў застаецца. У Польшчы ёсць у некаторых гарадах спецыяльныя месцы, куды можна аддаць непатрэбную ежу, не чакаючы, калі яна сапсуецца. Але таксама неабходна памятаць, што ёсць група людзей, якім таксама перад святамі патрэбная дапамога. Перад святамі ўсе Банкі харчавання ў Польшчы стараюцца падтрымаць малазабяспечаных асоб, звяртаючыся да іх з такой дапамогай, якой банкі звычайна не аказваюць: перадаючы ім прадукты з працяглым тэрмінам захоўвання. Аб гэтым распавяла ў эфіры Польскага радыё Анна Вольска (Anna Wolska) з Банка харчавання SOS у Варшаве.

– У першую чаргу мы збіраем прадукты харчавання ў супермаркетах і заклікаем пакупнікоў дзяліцца прадуктамі з тымі, хто мае патрэбу. Многія банкі, у тым ліку наш, таксама праводзяць зборы ў кампаніях, офісах і школах. Вы можаце прыняць удзел у велікоднай акцыі па зборы пасылак для малазабяспечаных, дадаўшы што-небудзь у ваш кошык, што потым будзе размеркавана па святочных сталах. Таксама можна проста ахвяраваць сродкі на дабрачыннасць у Банк харчавання.

Пасха – гэта самае важнае хрысціянскае свята, але па традыцыі больш дабрачынных акцый адбываецца ў перыяд Калядных свят. Магчыма, перад Вялікаднем пра неабходнасць дапамогі менш згадваюць у СМІ. А хто часцей за ўсё карыстаецца дапамогай Банкаў харчавання?

– Часцей за ўсё нашымі кліентамі зʼяўляюцца асобы з камбінацыяй розных праблем. Напрыклад, гэта пажылыя людзі і пры гэтым пакутуюць ад сур’ёзных захворванняў. У іх узнікае пытанне, ці купляць дарагія лекі, ці проста траціць грошы на штодзённае харчаванне. Гэта вельмі распаўсюджаныя дылемы. Інваліднасць таксама зʼяўляецца фактарам, які часта прыводзіць да немагчымасці працаваць ці нават выходзіць з дому, што ўскладняе прыгатаванне ежы і атрыманне прадуктаў для годнага штодзённага існавання.

Дзякуючы велікоднаму збору прадуктаў, арганізаванаму Банкамі харчавання, сотні тысяч людзей па ўсёй Польшчы могуць атрымаць рэальную падтрымку. Пра гэта казаў Ян Шчэнснеўскі (Jan Szczęśniewski), старшыня Сілезскага банка харчавання ў інтэрв’ю «Радыё Катавіцэ».

– Велікодныя святы – гэта асаблівы час, калі мы думаем не толькі пра нашых самых блізкіх сваякоў, але павінны думаць і пра тых, хто знаходзіцца каля нас, нашых суседзяў. Трэба дзяліцца самымі рознымі рэчамі – у тым ліку можна дзяліцца харчаваннем. Гэта правільны і добры жэст у напрамку тых, каму дапамога патрэбная. І гэта вельмі важна для тых, хто атрымлівае дапамогу – яны тады ведаюць, што хтосьці пра іх памятае. Яны часта чакаюць пад дзвярыма, каб хтосьці ў іх пастукаў і прынёс пасылку з дапамогай.

У дабрачынных акцыях банкаў харчавання часта ўдзельнічаюць добраахвотнікі, у тым ліку вучні, – гаворыць Анна Вольска.

– Усё больш людзей пытаюцца пра магчымасць валанцёрыць, і ўсё больш людзей жадаюць далучыцца да розных ініцыятыў. Напрыклад, у Варшаве ў святочны час нам дапамагае каля трох тысяч валанцёраў. Гэта маладыя людзі, часта яшчэ вучні пачатковых школ, сярэдніх школ, студэнты, якія стаяць у супермаркетах, каардынуюць працу, а потым займаюцца лагістыкай, каб усё гэта даставіць на склады. Гэта велізарная колькасць ежы. Таму мы дзякуем усім, хто хоча далучыцца, і заклікаем іх звяртацца да нас.

Сабраныя Банкамі харчавання прадукты размяркоўваюцца праз сетку мясцовых гуманітарных арганізацый, якія супрацоўнічаюць з харчовымі банкамі. Варта дзяліцца харчаваннем з іншымі людзьмі, якія не могуць сабе дазволіць сабраць нават сціплае велікоднае застолле. Магчыма, такія ёсць каля нас, толькі яны самі стараюцца не кідацца ў вочы, а мы стараемся іх не заўважаць.

IAR/PR Pr. I/нг