Дзякуючы развіццю тэхналогіі, штучнаму інтэлекту, на рынку працы адбываюцца імклівыя змены. Шмат гаворыцца пра тое, што людзей паступова будуць замяняць робаты ў вытворчасці, пад пагрозай таксама творчыя прафесіі. Чалавека заўсёды непакоіць тое, што прынясе будучыня. А сёння прафесійная будучыня тысяч людзей туманная, як ніколі.
Кніга «Малацьба. Рэпартажы пра працу будучыні» („Młócka. Reportaże o pracy przyszłości”) — гэта гутаркі пра тое, як тэхналогіі змяняюць рынак працы. Яе аўтар Марэк Шыманяк (Marek Szymaniak) казаў у эфіры Польскага радыё, што пісаць пра будучыню нялёгка, бо свет тэхналогій змяняецца вельмі хутка. Аўтар адзначае: страх перад тым, што робаты забяруць у людзей працу, існуе здаўна. Але гісторыя паказвае — змены азначаюць не канец працы, а хутчэй яе трансфармацыю.
— Працэс вельмі павольны. Мы бачым гэта на прыкладзе штучнага інтэлекту. Нядаўна казалі, што праз пару гадоў штучны інтэлект забярэ ў нас працу. На самой справе змены расцягнутыя на дзесяцігоддзі. Таксама было і раней, з прамысловай рэвалюцыяй. Гэтая змена была велізарнай, раптоўнай для свайго часу, але дэ-факта яна працягвалася дзясяткі гадоў. Тое ж было з інтэрнэтам, які таксама быў рэвалюцыяй. Гэтыя змены павольныя, але трэба назіраць за імі і аналізаваць, што яны робяць з нашай працай. Акрамя дабра, якое тэхналогіі могуць прыўнесці на рынак працы, ёсць і шмат цёмных бакоў. Змяншэнне пачуцця бяспекі, павышаная нявызначанасць і аслабленне правоў работнікаў. Многія з гэтых пытанняў неабходна разглядаць, асабліва таму, што мы ўжо бачым, як у некаторых аспектах гэта адбываецца.
Калі казаць пра штучны інтэлект, дык з аднаго боку, ён значна аблягчае працу, але ёсць таксама і адмоўныя элементы.
— Штучны інтэлект сапраўды можа паскорыць працу. Напрыклад, калі я раней запісваў інтэрв'ю, мне прыходзілася самому перапісваць размову. Сёння гэта робіць адмысловая праграма, эканоміць шмат часу, але з іншага боку, некаторыя мадэлі ШІ схільныя нешта дадумваць, яны проста хлусяць. І патрэбныя экспертныя веды і час, каб праверыць, ці сапраўды тое, што яны нам падказваюць, праўда. Мы бачым, як некаторыя задачы аўтаматызуюцца, але патрэбныя веды, каб праверыць тое, што машына нам прапануе. Гэта бачаць праграмісты, бухгалтары. Ёсць шмат такіх прыкладаў, што ўплыў штучнага інтэлекту можа быць іншы, чым мы ўяўлялі, што будзе больш працы.
Аўтар шмат піша пра эфектыўнасць – рухавік сучаснай працы. Зразумела, час – гэта грошы, але празмерная аптымізацыя і кантроль, асабліва з дапамогай тэхналогій і платформаў, могуць выглядаць амаль як сцэнарый навуковай фантастыкі, калі імкненне да максімальнага прыбытку важней, чым чалавек.
— Дрэнна, калі аптымізацыя становіцца адзінай мэтай. Прыклад – праца кур'ераў. Мы бачым, што кліент атрымлівае хуткасць паслугі, кампанія — прыбытак, але мы не заўважаем страт, якія нясуць супрацоўнікі. Мы бачым гэтых людзей кожны дзень, калі яны праязджаюць міма на роварах з каляровымі заплечнікамі - дастаўляюць ежу з рэстаранаў або пакупкі з крам. Для нас гэта зручна, але яны губляюць элементарную бяспеку працы, веды аб тым, колькі заробяць, калі яны могуць працаваць, магчымасць узяць бальнічны, платны водпуск. Гэта новая форма занятасці, дзякуючы тэхналогіям, таму што платформа выступае ў якасці пасрэдніка, але няма нікога, хто адказвае за супрацоўнікаў. Я наўмысна пішу пра гэта ў першым раздзеле, бо гэта папярэджанне на будучыню: што будзе з іншымі тэхналогіямі, калі мы нічога не зробім, альбо зробім мала. Праблема працы пры пасрэдніцтве электронных платформаў ужо апісана, ЕС нават рыхтуе юрыдычныя нормы. Пры гэтым, пройдзе яшчэ нямала часу, перш чым сітуацыя будзе вырашана ў юрыдычным плане, калі агулам гэта ўдасца.
Раней, каб заказаць ежу, трэба было пазваніць або пайсці асабіста ў рэстаран, цяпер прыязджае кур'ер. Але такая эластычная праца датычыць не толькі кур'ераў. У кнізе ёсць прыклад жанчын, якія працуюць фізічна ў краме, на фабрыцы ці складзе, у іх няма пастаяннай працы. Ёсць платформы, якія з'яўляюцца пасрэднікам не толькі для кур'ераў і таксістаў, але і для графічных дызайнераў ці капірайтараў. Можа, такая гнуткая мадэль працы мае свае перавагі?
— Гнуткасць працы часта падаецца як перавага — маўляў, вы самі вырашаеце, як працаваць. Але ёсць і іншы бок: супрацоўнікі шмат губляюць, а іх праца застаецца нябачнай. Мы замаўляем ежу ці таксі праз прыкладанне і рэдка задумваемся, у якіх умовах працуюць гэтыя людзі. Нізкая цана часта азначае рызыку — у тым ліку для бяспекі пасажыраў таксі. Праверкі паказваюць парушэнні: кіроўцы без правоў, без дазволаў, часам пад уздзеяннем недазволеных рэчываў. Узнікае пытанне: ці варта эканоміць некалькі злотых цаной уласнай бяспекі? Калі мы, спажыўцы, адмовімся карыстацца такім прыкладаннем, будзе лягчэй прымусіць гэтыя кампаніі змяніцца. Мы бачылі гэта ў кантэксце нападаў на жанчын у таксі, калі кампаніі прынялі адпаведныя меры. Калі кліенты выказваюць незадаволенасць і адмаўляюцца ад паслуг, кампаніі вымушаныя рэагаваць, а калі пратэстуюць кіроўцы і кур'еры, на гэта мала хто звяртае ўвагу.
Праблема ўзнікае, калі дзяржава ці адпаведныя ўстановы здымаюць з сябе адказнасць за нейкую галіну рынку працы.
— Дзяржава дэманструе сваю слабасць, існуючыя законы вельмі ліберальныя, таму я з нецярпеннем чакаю ўкаранення дырэктывы аб працы пры дапамозе прыкладання ў польскую прававую сістэму. Застаецца пытанне, ці яна будзе эфектыўнай, паколькі ў нас шмат лазеек у заканадаўстве. Пры гэтым, я бачу шмат месцаў, дзе сучасная тэхналогія прыносіць шмат карысці. Напрыклад, VR-рашэнні, якія дазваляюць лепш і больш эфектыўна вучыцца. Мы бачым, як хірургі праводзяць аперацыі пры дапамозе робатаў, дзякуючы чаму пацыент пераносіць хірургічнае ўмяшанне лепш, праводзіць менш часу на бальнічным. Калі б мы выкарыстоўвалі тэхналогіі толькі такім чынам, я, безумоўна, нічога не маю супраць.
Марэк Шыманяк адзначае, што тэхналагічнае развіццё — гэта не толькі пагрозы, але і магчымасці. Аўтаматызацыя і штучны інтэлект могуць браць на сябе простыя задачы, напрыклад, у дзяржаўных установах, што дазваляе супрацоўнікам займацца больш складанай працай і непасрэдным абслугоўваннем людзей. Эксперыменты са скарочаным працоўным днём або тыднем таксама паказваюць добрыя вынікі: супрацоўнікі больш прадуктыўныя, крэатыўныя і лаяльныя. Праз некалькі гадоў можа ўзнікнуць востры дэфіцыт работнікаў, таму ўкладанняў у аўтаматызацыю працы немагчыма пазбегнуць.
II Праграма ПР/нг