Беларуская Служба

«Удар па польскіх медыях»: скарачэнне фінансавання ставіць пад пагрозу польскія СМІ на Усходзе

14.05.2026 10:44
У 2026 годзе Сенат урэзаў бюджэт праграмы «Палонія і палякі за мяжой» на 74 мільёны злотых (каля 17,4 мільёна еўра).
Ілюстрацыя pixabay.com

Рашэнне Сената Польшчы істотна скараціць фінансаванне праграмы падтрымкі палякаў за мяжой можа прывесці да закрыцця шэрагу польскіх медыяў у постсавецкіх краінах. Пра гэта піша «Rzeczpospolita».

У 2026 годзе Сенат скараціў бюджэт праграмы «Палонія і палякі за мяжой» на 74 мільёны злотых (каля 17,4 мільёна еўра). Частка гэтых сродкаў ішла на падтрымку польскіх рэдакцый, парталаў, радыёстанцый і часопісаў у Беларусі, Літве, Украіне, Латвіі і іншых краінах рэгіёна.

Прадстаўнікі польскіх арганізацый і журналісты б’юць трывогу. Яны сцвярджаюць, што для некаторых рэдакцый гэта азначае фактычны «прысуд смерці». Асабліва цяжкая сітуацыя склалася ў Беларусі, дзе незалежныя польскія медыя працуюць ва ўмовах рэпрэсій, якія рэжым Лукашэнкі ажыццяўляе ў дачыненні да польскай меншасці.

У матэрыяле згадваецца журналіст і актывіст Саюза палякаў Беларусі Анджэй Пачобут, які правёў некалькі гадоў у беларускай турме і нядаўна быў вывезены ў Польшчу. Выданне падкрэслівае, што польскія медыя на Усходзе выконваюць не толькі інфармацыйную, але і стратэгічную функцыю — супрацьстаяць расійскай прапагандзе і падтрымліваць сувязь польскіх супольнасцяў з Варшавай.

Прадстаўнікі дыяспары заклікаюць польскія ўлады перагледзець рашэнне, бо без падтрымкі многія выданні могуць знікнуць ужо ў найбліжэйшыя месяцы.

эж