Двое беларусаў былі затрыманыя ў сувязі з учорашнім (15 чэрвеня) забойствам расіяніна ў горадзе Бяла Падляска (польск.: Biała Podlaska) у Люблінскім ваяводстве, паблізу мяжы з Рэспублікай Беларусь, паведаміла мясцовая пракуратура.
Ахвярай з'яўляецца мастак, музыка, блогер і крытык Пуціна, вядомы пад псеўданімам Сямён Скрапецкі, які даўно жыў за мяжой Расіі. Частка крытыкаў выказвае здагадку, што забойства было, насамрэч, выкананнем смяротнага прысуду, выдадзенага Крамлём. Гэта не першы выпадак, калі расійскі рэжым абвінавачваюць у забойствах сваіх крытыкаў.
Марцін Козак(Marcin Kozak) з Акруговай пракуратуры ў Любліне паведаміў, што затрыманым — 33-гадоваму і 37-гадоваму мужчынам пакуль не прадʼяўленыя абвінавачванні па гэтай справе.
— Двое грамадзян Рэспублікі Беларусь былі затрыманыя. Затрыманне адбылося каля беларускага консульства ў горадзе Бяла Падляска. Удзел гэтых двух мужчын і іх сувязь з інцыдэнтам зʼяўляюцца прадметам інтэнсіўнага расследавання. На дадзены момант па гэтай справе абвінавачванняў не прадʼяўлена. Інтэнсіўнае расследаванне працягваецца, — кажа Козак.
Нагадаем, забойства 44-гадовага расіяніна адбылося 15 чэрвеня каля 10-й раніцы на вуліцы Каралевы Ядвігі, недалёка ад скрыжавання з вуліцай Тэрэбэльскай. Інцыдэнт нагадваў пакаранне смерцю, кажа Марцін Козак.
— Да ахвяры падышоў мужчына, асоба якога пакуль не ўстаноўлена, і зрабіў тры стрэлы з пісталета. Калі пацярпелы ўпаў на зямлю, мужчына падышоў да яго і зрабіў яшчэ два стрэлы з блізкай адлегласці. Агляд цела выявіў пяць агнястрэьных ран і дзве выходныя раны, размешчаныя ў верхняй частцы грудзей і галаве, — заявіў Марцін Козак.
Нягледзячы на намаганні супрацоўнікаў хуткай дапамогі, мужчыну выратаваць не ўдалося. Забойства расследуе спецыяльная следчая група. Заўтра (17 чэрвеня) будзе праведзена аўтапсія цела забітага мастака.
Справай аб забойстве расіяніна ў горадзе Бяла Падляска займаецца таксама Агенцтва ўнутранай бяспекі Польшчы. Пра гэта паведаміў прэс-сакратар міністра-каардынатара спецслужбаў Яцэк Дабжыньскі(Jacek Dobrzyński).
— Як гэта звычайна бывае, у такіх сітуацыях вядучай службай заўсёды зʼяўляецца паліцыя. Супрацоўнікі збіраюць і забяспечваюць доказы, выяўляюць сведкаў інцыдэнту. Мы вельмі сурʼёзна ставімся да гэтай справы, таму супрацоўнікі Агенцтва ўнутранай бяспекі таксама былі задзейнічаны і цесна супрацоўнічаюць з паліцыяй, — заявіў Дабжыньскі.
Паліцыя атрымала шматлікія запісы з камер відэаназірання і апытала сведкаў. Прэс-сакратар акруговай пракуратуры ў Любліне кажа, што разглядаюцца розныя версіі і гіпотэзы, у тым ліку ці гэта была выпадковая падзея, ці спланаваны напад.
Забойства 44-гадовага мастака адпавядае дзеянням расійскіх і беларускіх спецслужбаў супраць крытыкаў сваіх рэжымаў, лічыць палітолаг і эксперт па міжнародных справах з Універсітэта WSB Merito Рафал Маеўскі(Rafał Majewski). Ён падкрэслівае, што гэта вельмі жорсткая рэакцыя расійскага рэжыму.
— Гэта не першы падобны выпадак, калі любая спроба крытыкаваць ці нават няправільна інтэрпрэтаваць дзеянні Уладзіміра Пуціна, рэалізацыю яго палітыкі, мэты гэтай палітыкі і сам спосаб яе рэалізацыі сутыкаецца з вельмі крывавай і жорсткай рэакцыяй. З аднаго боку, гэта надзвычай рэзкая падзея, але з іншага боку, яна цалкам упісваецца ў агульную палітычную лінію Крамля ў гэтым плане, — кажа эксперт.
Сямён Скрапецкі стаў вядомы, як жывапісец, скульптар і аўтар інтэрнэт-публікацый, у якіх ён рэзка крытыкаваў сучасную Расію і яе палітычныя эліты. У сваіх працах ён закранаў тэмы, звязаныя з аўтарытарызмам, карупцыяй і сацыяльнай сітуацыяй у краіне.
З часам гэтая дзейнасць стварыла яму сурʼёзныя праблемы і прымусіла жыць за межамі Расіі. У апошнія гады ён жыў у выгнанні, удзельнічаючы ў ініцыятывах у падтрымку расійскай апазіцыі.
Нядаўна Сямён Скрапецкі прыняў удзел у дэманстрацыі перад расійскай амбасадай у Берліне, на якую прыйшоў у хатніх тапачках, з расійскім сцягам, прывязаным да штаноў. Ён нёс карціну, на якой быў намаляваны Іосіф Сталін, які «корміць» Уладзіміра Пуціна.
Сенатар ад «Грамадзянскай кааліцыі» Гжэгаж Схэтына(Grzegorz Schetyna) заяўляе, што трэба зрабіць усё магчымае, каб высветліць гэтую справу і пакараць вінаватых.
— Справа мае свой кантэкст, у тым ліку таксама гістарычны, бо расійскія службы часта такім чынам ліквідавалі апазіцыю. Таму трэба зрабіць усё магчымае, каб высветліць гэтую справу і зрабіць высновы, — кажа палітык.
Збігнеў Кузьмюк (Zbigniew Kuźmiuk) з апазіцыйнай партыі «Права і справядлівасць» лічыць, што гэта магла быць спланаваная акцыя расійскіх спецслужбаў.
— Калі акажацца, што згаданае забойства здзейснілі расійскія службы, то пасля ранейшага ўзарвання рэек, гэта будзе доказам сур’ёзнага ўмяшальніцтва ў нашыя ўнутраныя справы, — заявіў палітык.
Расійскія незалежныя СМІ называюць смерць крытыка рэжыму Уладзіміра Пуціна «палітычным забойствам». Паводле звестак незалежнага сайта «Meduza», Сямён Скрапецкі маляваў карыкатуры на Уладзіміра Пуціна, Рамзана Кадырава і Аляксандра Лукашэнку.
Рускамоўны блогер Алекс Мур успомніў, што мастак атрымліваў пагрозы з колаў, звязаных з чачэнскім лідарам Рамзанам Кадыравым.
— Самае важнае, што ён у асноўным маляваў карыкатуры на Кадырава і яго атачэнне. Няма сумневаў, што гэта было палітычнае забойства, забойства на заказ, хутчэй за ўсё, замоўленае Кадыравым. Яму паставілі ўльтыматум: альбо памерці, альбо прасіць прабачэння, — заявіў блогер.
Гэта не першы выпадак, калі расійскі рэжым абвінавачваюць у забойствах крытыкаў Крамля. Сярод найбольш гучных справаў — забойствы былога агента ФСБ і крытыка Пуціна Аляксандра Літвіненкі, крытычнай аглядальніцы Ганны Паліткоўскай, лідара апазіцыі Барыса Нямцова і лідара апазіцыі Аляксея Навальнага.
Супрацоўнікі паліцыі ў Польшчы просяць сведкаў паведамляць любую інфармацыю па гэтай справе па нумары экстранай дапамогі 112 або ў дзяжурную службу паліцыі ў горадзе Бяла Падляска па тэлефоне 47 814-12-10. Інфармацыя можа быць прадастаўлена ананімна.
Адначасова паліцыя запэўнівае, што жыхарам горада пагрозы няма і адначасова звяртаецца па інфармацыю аб усіх падазроных асобах і сітуацыях. Паліцыя таксама заклікае грамадскасць спасылацца на правераную інфармацыю і не распаўсюджваць фэйкавыя навіны.
IAR/аз