Мая Хваліньска — новая зорка польскага тэніса, пра якую стала голасна ў бягучым сезоне. Яна заняла другое месца на прэстыжных спаборніцтвах «Ралан Гарос» у Францыі. Пасля поспеху ў Парыжы Мая Хваліньска цяпер займае 21-е месца ў рэйтынгу WTA.
На днях стала вядома, што польская тэнісістка атрымала «уайлд-кард» на Уімблдон. Гэтае спецыяльнае запрашэнне азначае, што ёй не трэба будзе ўдзельнічаць у кваліфікацыі да асноўнай сеткі турніру.
Уайлд-кард Маі Хваліньскай азначае, што спаборніцтвы на Уімблдоне могуць быць для яе крыху лягчэйшымі, падкрэслівае Мікалай Вжол, трэнер Бескідзкага тэніснага клуба. У інтэрвʼю Польскаму радыё тэнісіст з клуба Маі Хваліньскай гаворыць, што спартсмены задаволеныя поспехам польскай тэнісісткі, і што яна атрымала больш часу для падрыхтоўкі да лонданскага турніру.
— Уайлд-кард для Маі гэта вялікае адрозненне і нечаканасць для нас, паколькі да апошняга моманту не было такой упэўненасці. Пасля таго, як паявілася гэтая інфармацыя, Мая і цэлы клуб вельмі шчаслівыя. Цяпер неабходна змяніць цэлую падрыхтоўку, бо яна была арыентаваная на адбор. Дзякуючы спецыяльнаму запрашэнню яна мае на тыдзень часу больш, каб падрыхтавацца да гульні на траве.
Каміл Колсут з Польскай тэніснай асацыяцыі звяртае ўвагу, што Мая Хваліньска ўнесла свежы подых у жаночы тэніс.
— Пазітыўна быў успрыняты не толькі яе вынік, але і асоба Маі. Сваёй гульнёй, якая абапіраецца на камбініраваным тэнісе, яна ўнесла шмат свежага паветра ў жаночы тэніс. Яе гульня крыху іншая ў параўнанні з тым, што мы назіраем сёння ў жаночай гульні. Мая Хваліньска мае вельмі здаровы падыход да тэніса і не паддаецца ціску. Яна ўжо мае вопыт і на корце, і па-за ім. Вакол яе — група разумных і мудрых людзей. Мне здаецца, яны будуць рабіць усё, каб абараніць яе ад націскаў. Памятайма, ёй 25 гадоў. Яна ў вялікім тэнісе шмат гадоў, але не магла зрабіць крок у напрамку элітных лідараў, а была ў другой лізе.
Эксперт адзначыў, што пераход з грунту на траву, які адбудзецца на Уімблдоне, зʼяўляецца выпрабаваннем для любой тэнісісткі, і ў Маі Хваліньскай адносна мала часу на падрыхтоўку. Турнір у Лондане пачынаецца ў канцы чэрвеня.
Госць Польскага радыё 24, галоўны аналітык Xelion Investment House, эканаміст Пётр Кучынскі, сам быў былым тэнісістам, папярэджвае аб празмернай эйфарыі з нагоды поспеху польскай тэнісісткі:
— Я ўжо бачу цунамі захаплення, рост зацікаўленасці СМІ Маяй Хваліньскай. Але не здзіўляйцеся, калі акажацца, што гэты поспех не будзе сталым. Усё ж яе рост 164 см, Сабаленка — 182. 18 см — гэта шмат. Жанчыны, якія там граюць, сапраўды ад яе значна мацнейшыя фізічна. Падчас падачы яе мяч дасягае 160 на гадзіну, Сабаленкі — 200 на гадзіну.
Уімблдон — гэта самы стары і адзін з самых прэстыжных тэнісных турніраў у свеце. Ён праводзіцца з 1877 года ў Лондане і ўваходзіць у лік чатырох турніраў Вялікага шлема. Для тэнісістаў перамога на Уімблдоне лічыцца адным з найвышэйшых дасягненняў у карʼеры, бо гэты турнір мае багатую гісторыю, унікальныя традыцыі і велізарны міжнародны аўтарытэт.
Асаблівую славу Уімблдону надае тое, што матчы праходзяць на травяных кортах — гэта самая рэдкая паверхня ў сучасным прафесійным тэнісе. Турнір вядомы строгім дрэс-кодам, паводле якога ўдзельнікі павінны выступаць пераважна ў белай форме. За спаборніцтвамі штогод сочаць мільёны гледачоў па ўсім свеце, а пераможцы назаўсёды ўпісваюць свае імёны ў гісторыю спорту. Менавіта таму для многіх тэнісістаў Уімблдон зʼяўляецца не проста турнірам, а сапраўдным сімвалам майстэрства і прэстыжу.
ав