60% брытанцаў ва ўзросце 18-28 гадоў прагаласавалі б за паўторнае ўступленне Вялікабрытаніі ў Еўрапейскі Саюз. Толькі 9% былі б супраць гэтага. Дадзеныя даследавання, праведзенага аналітычным цэнтрам «More in Common», у 10-ю гадавіну рэферэндуму па брэксіце публікуе газета «The Guardian».
Між тым, калі ўзяць пад увагу верагодныя асобы, то бок тых, хто сапраўды прыняў бы ўдзел у патэнцыйным рэферэндуме, то перавага рашуча павялічваецца: лагер прыхільнікаў ідэі паўторнага далучэння да ЕС склаў бы 81%. 19% падтрымалі б знаходжанне Вялікабрытаніі па-за ЕС.
Паводле апытання, 50% брытанцаў з пакалення «Z» (людзі, якія нарадзіліся ў 1995–2012 гадах — рэд.) лічаць брэксіт няўдачай, а 16% — поспехам.
— Хоць маладыя брытанцы пераважна падтрымліваюць паўторнае ўступленне ў ЕС, то яны асцерагаюцца вяртання да бясконцых дэбатаў пра брэксіт, якія яны памятаюць з маладосці, бо гэта пагражае адцягваннем увагі ад пытанняў, якія іх найбольш хвалююць: кошт жыцця, даступнасць жылля, працоўныя месцы і змены клімату, — кажа выканаўчы дырэктар «More in Common» Люк Трыль.
Апытанне праводзілася ў рамках больш шырокай нацыянальнай дыскусіі аб дэмаграфічнай трансфармацыі брытанскіх выбаршчыкаў. На рэферэндуме 2016 года 51,9% брытанцаў прагаласавалі за выхад з ЕС (48,1% было супраць). Брэксіт падтрымалі ў асноўным старэйшыя пакаленні.
Аднак ад часу рэферэндуму памерла больш за 6 мільёнаў старэйшых брытанцаў. Такім чынам шэрагі тых, хто падтрымліваў выхад з ЕС, значна аслабелі.
З другога боку столькі ж брытанцаў, якія ў час правядзення рэферэндуму не мелі выбарчых правоў, цяпер такія правы маюць. Гэты зрух пакаленняў прымусіў аналітыкаў меркаваць, што большасць, якая выступала за выхад Вялікабрытаніі з ЕС «знікла» па натуральных прычынах і была замененая большасцю, якая выступае супраць брэксіту.
Згодна з апытаннем, 62% маладых брытанцаў лічаць, што рэферэндум па паўторным далучэнні да ЕС павінен быць праведзены ў краіне на працягу бліжэйшых пяці гадоў. Толькі 11% тых, хто маладзейшы за 29 гадоў, супраць правядзення такога апытання.
PAP/аз