У польскім горадзе Мелец на Падкарпацці група маладых мужчын жорстка напала на шасцярых замежнікаў. Як паведамляе «Gazeta Wyborcza», напад адбыўся ў ноч на 20 чэрвеня пасля вячорак у клубе Tropicana.
Паводле запісаў камер назірання, каля дзесяці нападнікаў атакавалі замежнікаў, выкрыкваючы расісцкія абразы і патрабуючы, каб «чорныя зніклі з горада». Агрэсары білі сваіх ахвяр кулакамі, нагамі і бутэлькамі, а некаторыя з іх здымалі тое, што адбываецца, на тэлефоны і фатаграфаваліся на фоне збітых людзей.
Адзін з пацярпелых спрабаваў уцячы, але яго дагналі, ударылі бутэлькай па галаве і працягнулі збіваць. Паводле сведчанняў, мінакі і кіроўцы, якія праязджалі побач, не ўмешваліся ў тое, што адбывалася.
Паліцыю выклікалі жыхары навакольных дамоў. Калі праваахоўнікі прыехалі, бойка ўжо скончылася. На наступны дзень пацярпелыя звярнуліся ў паліцыю і падалі заяву.
Следства вядзецца паводле артыкула аб удзеле ў бойцы або збіцці. Паліцыя паведамляе, што збірае доказы і вывучае запісы відэакамер. Усе пацярпелыя легальна працуюць і пражываюць у Польшчы. Разам з тым выданне адзначае, што на відэа выразна чуваць нацыяналістычныя і расісцкія выкрыкі, аднак пакуль справа не кваліфікуецца як злачынства на глебе распальвання этнічнай або нацыянальнай варожасці.
эж