Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Тэатр, які змяшчаецца ў кішэні

14.07.2026 06:30
Беларускі эмігрант стварыў незвычайны тэатр, які можна паказаць у парку, на вуліцы або проста для адной сям’і. Яго спектакль доўжыцца ўсяго паўгадзіны, але часам гэтага хапае, каб чалавек зноў адчуў смак жыцця.
Рэжысёр і актор Алесь АўсяннікаўФота: Беларуская служба Польскага радыё/Павел Залескі

 

— Алесь Аўсяннікаў — кіроўца цяжкагруза, але гэта далёка не ўсё. Ён вельмі любіць тэатр і сам выступае ў ролі рэжысёра і акцёра: паказвае спектаклі без усялякай сцэны для выключна камернай аўдыторыі, напрыклад, для адной сям’і ці нават для аднаго чалавека. У яго рэпертуары пакуль толькі адзін спектакль — паводле п’есы Светы Бень «Самы маленькі самалёцік у свеце». Алесь проста выходзіць са сваімі рэквізітамі, якія змяшчаюцца ў кішэні, у парк, а гледачы знаходзяцца заўсёды.

Мы гутарым з Алесем у яго майстэрні. Ён рыхтуецца да чарговага паказу. Цікаўлюся, што яго так цягне да тэатра.

— Ведаеце, я самавучка, такі тэатральны хуліган. А тэатр усё жыццё ідзе са мной паралельна. Я яго кідаў, аддаваў, ён ляжаў у пыле, а потым зноў бярэш, змятаеш пыл і працягваеш. Я ўжо недзе гадоў восем з ім нашуся.

— Я, наколькі правільна разумею, тэатр з вамі заўсёды побач у жыцці?

— Больш-менш. Бо нейкі час я працую кіроўцам цяжкагруза. Клоўн-дальнабойшчык.

— І якія задумкі цяпер плануеце ажыццявіць?

— З самага пачатку я ўсё гэта задумваў зрабіць для дзяцей ад пяці гадоў. Света Бень напісала п’есу «Самы маленькі самалёцік у свеце» менавіта для дзяцей, для лялечнага тэатра. Але я заўважыў, што дзецям тэатр як форма творчасці не вельмі цікавы, а вось іх бацькам — татам і мамам… Шчыра кажучы, дзяўчаты плачуць. І праз гэта я зразумеў… Гэта стала ўжо маім своеасаблівым кайдзенам. У Японіі гэта азначае «маленькія крокі».

На чарговым спектаклі мы пайшлі ў парк, заварылі там каву, і да нас падышла жанчына, пачала цікавіцца тым, што мы робім. Мы прапанавалі ёй паглядзець спектакль. Яна была з Украіны. Твар у яе быў вельмі сумны, задуменны, а вочы — проста ледзяныя. Пасля прагляду яна дастала з сумкі новую сукенку, апранула яе, і твар стаў зусім іншым — яна ажыла. І я зразумеў, што буду гэта рабіць дзеля таго, каб людзі хоць на паўгадзінкі адчувалі сябе інакш і жылі, нягледзячы на гэтую праклятую эміграцыю. Па твары гэтай жанчыны я атрымаў адказы на ўсе пытанні і ўбачыў у гэтым сэнс. І справа не ў грошах ці славе, а ў тым, каб выйсці, паказаць, і калі хоць адзін чалавек скажа, што яго пасля гэтага праняло, — значыць, мэта дасягнута.

— Алесь, а што ў гэтым творы так чапляе людзей?

— Адзін акцёр-лялечнік і шэсць-сем лялек пад летнімі зоркамі распавядаюць самую маленькую гісторыю пра самы маленькі самалёцік і яго самую важную справу. П’еса вельмі сучасная, і ў ёй сабраны такія персанажы, якія сустракаюцца нам штодзённа. Гэта гісторыя датычыцца кожнага. Гісторыя пра маленькага самалёціка, які і ў прамым, і ва ўскосным сэнсе маленькі. Ён нібыта нічога не можа зрабіць, але яму вельмі хочацца зрабіць нешта добрае для іншых. Не знаходзячы водгуку ў грамадстве, ён адлятае кудысьці далёка. І там сустракае іншага персанажа, які таксама нікому не патрэбны. Гэта сабачка, які піша лісты і шукае сабе гаспадара, але яго лісты ніхто не прымае. Вось так яны і знаходзяць адзін аднаго. І гэта вельмі сучасная гісторыя.

— Так, гісторыя пра сучаснага чалавека. Але вы яшчэ зрабілі акцэнт на тым, каб «гэтыя эмігранты парадаваліся». Што гэта значыць?

— Усё проста. Мы тут, у чужой краіне, вакол чужыя людзі. Мы тут, па сутнасці, без дома. Нават калі нехта і адчувае сябе нармальна, усё роўна мы тут чужыя. Так, мы прыжываемся, асімілюемся, вучым мову, аддаём дзяцей у школу, але ўсё адно чужыя. І гэтая думка пастаянна фонам прысутнічае ў жыцці. Выходзіш на вуліцу — усё чужое. Ідзеш у лес — нібыта як у нас, але нават сасна чужая…

— Вы лічыце, што гэты спектакль можа хоць трохі расслабіць эмігранта?

— Не толькі расслабіць — ён іх расчапляе. Тут нават дарослыя мужчыны плакалі падчас прагляду. Яго можна паказаць дзе заўгодна: ён жа ў мяне такі маленькі, змяшчаецца ў кішэні. Я даўно зразумеў, што варта рабіць нешта вельмі камернае. І менавіта ў гэтай форме я знайшоў вялікі сэнс. Мне не патрэбныя вялікія залы і шмат гледачоў. Усе мае рэквізіты зроблены з паламаных сувеніраў.

— Усю вашу атрыбутыку можна ў кішэні перанесці…

— Так. Гэта ўсё прадугледжана для трох-чатырох гледачоў, для сям’і, каб шчочка да шчочкі, каб незнаёмыя людзі сядзелі ў сантыметрах адзін ад аднаго. І гэта мне вельмі падабаецца. Галоўнае — даць чалавеку адчуць, што ён жыве.

— Цікава, што ў жыцці вы займаецеся самымі рознымі рэчамі: кіроўца цяжкагруза, тэатр… А як гэта ўсё суадносіцца паміж сабой?

— У мяне ёсць чырвоны нос, як у клоўна. Калі я прывожу груз недзе ў Галандыю ці Бельгію, то найперш іду ў офіс з паперамі і надзяваю гэты нос. Вітаешся, дастаеш патрэбную паперку, ставяць пячатку, усё сур’ёзна, а ў гэты момант усе ў офісе ўжо ляжаць пад сталамі ад смеху. Вось так гэта і суадносіцца.

— А як вы самі пачуваецеся ў эміграцыі?

— А я па-сапраўднаму жыву толькі ў тыя моманты, калі паказваю спектакль. Увесь астатні час даводзіцца проста змагацца: спачатку з сабой, потым — з сістэмай. А там, у спектаклі, усё па-сапраўднаму. Там ты жывеш.

— Вы акцёр аднаго тэатра…

— Псіх-адзіночка… (смяецца).

— А данаты ад гледачоў атрымліваеце?

— Шчыра кажучы, кідаюць людзі. Кідаюць нават тыя, хто не планаваў гэтага рабіць. Але гэта не мэта. Мэта — на паўгадзінкі даць жыцця людзям і самому сабе.

Павел ЗАЛЕСКІ

Слухайце аўдыёфайл

«Гліна вучыць цярплівасці»: майстрыца Галіна — пра творчасць, веру і працу з дзецьмі

06.07.2026 15:12
Працоўныя будні ў сферы інфармацыйных тэхналогій яна сумяшчае з любімай справай — керамікай. Майстрыца Галіна ўжо сем гадоў працуе з глінай, стварае посуд і ўпрыгожанні, а таксама праводзіць варштаты для дзяцей.

Эміграцыя — не канец, а новы пачатак: размова з Андрэем Эзерыным пра жыццё пасля пераезду

07.07.2026 06:30
З Андрэем Эзерыным — беларускім даследчыкам, выкладчыкам, спецыялістам у галіне камунікацый і аўтарам кнігі «Ген мігранта. Пачатак» — гутарыць Павел Залескі.

Гэта след мыслення. Руфіна Базлава — пра праект Vita Contemplativa, сузіранне і ўнутраную карту чалавека

12.07.2026 06:07
Праект даследуе стомленасць, адзіноту і эмацыйнае выгаранне. Адказваючы на простыя пытанні, чалавек стварае ўнікальны ўзор — візуальную карту свайго ўнутранага стану, якую можна вышыць і параўнаць з працамі іншых удзельнікаў.