Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

«Фатаграфія гаворыць замест мяне». Беларуская фатографка — пра творчасць, эміграцыю і памяць

02.08.2026 06:30
Фатографка Кацярына Ігнашэвіч расказала як фатаграфія дапамагае захаваць не толькі ўспаміны, але і тое, што часам немагчыма выказаць словамі. З ёй гутарыў Павел Залескі
Аўдыё
  • Размова з беларускай фатографкай Кацяй
 :  .
На здымку: Кацярына Ігнашэвіч.Беларуская рэдакцыя Польскага радыё/Фота Паўла Залескага

Каця, вы даўно займаецеся фатаграфіяй?

— Так, ужо даўно. Але насамрэч цяжка адказаць, з якога часу, бо спачатку гэта было хобі, а потым стала працай. Таму няма нейкай канкрэтнай даты, калі ўсё пачалося. Аднак яшчэ будучы студэнткай універсітэта я пачала зарабляць першыя грошы фатаграфіяй.

А чым канкрэтна займаецеся ў фатаграфіі?

— Здымаю рознае. Найчасцей — партрэты і рэпартажы. Таксама займаюся аўтарскай фатаграфіяй.

Што вы фатаграфуеце?

— Зараз я пераважна здымаю рэпартажы з розных мерапрыемстваў, асабістыя партрэты, сямейныя фотасесіі. Увогуле хачу рэалізоўвацца і як аўтар, бо гэта дае мне шмат натхнення. Люблю працаваць з людзьмі, бо яны прыходзяць з рознымі гісторыямі, і заўсёды хочацца перадаць гэтыя гісторыі праз фатаграфію, каб яны засталіся на памяць.

Вы бралі ўдзел у выставах, маеце такі досвед?

— Так, брала ўдзел, праўда, пакуль толькі ў групавых выставах. Яны праходзілі за мяжой, і мне гэта вельмі спадабалася.

Што вас прыцягвае ў фатаграфіі? Што вы атрымліваеце ад гэтага занятку?

— Мне фатаграфія падабаецца па розных прычынах. Па-першае, я працую з нечым рэальным, з тым, што знаходзіцца перад вачыма. У фатаграфіі ёсць канкрэтныя рэчы, якія я сама стварыла або дадала ў кадр.

Па-другое, тут часта прысутнічае камунікацыя з людзьмі. Калі, напрыклад, працую над партрэтам, паміж мной і чалавекам узнікае цесны, глыбокі кантакт. І заўсёды размова, якая адбываецца падчас здымкаў, потым адлюстроўваецца ў фатаграфіях.

Мне таксама падабаецца, што ў розных эмацыйных станах можна займацца рознымі відамі фатаграфіі. Калі ў мяне добры настрой і шмат энергіі, магу рабіць партрэты, слухаць чалавечыя гісторыі. Калі стамляюся, то здымаю рэпартажы з розных мерапрыемстваў. Тады я больш падобная да назіральніка, які нібы падглядае за тым, што робяць іншыя. А калі зусім стамляюся і нават не хачу ні з кім і ні пра што размаўляць, магу проста фатаграфаваць прадметы або прыроду.

Якая тэматыка ў фатаграфіі вас найбольш цікавіць?

— Калі паглядзець на мае здымкі, то здаецца, што гэта людзі і іх гісторыі. Часам мне цяжка нешта сказаць словамі, і тады за мяне гаворыць фатаграфія. Яна размаўляе мовай, якая зразумелая ў любой краіне.

Што вас натхняе фатаграфаваць?

— Розныя падзеі, розныя людзі, мастацтва, а таксама творчасць і крэатыўная праца іншых людзей.

Ці можна ў эміграцыі пражыць на заробкі фатографа?

— Так, можна. Людзям патрэбна фатаграфія. Я займаюся не толькі творчымі праектамі, але і фатаграфую людзей на дакументы, раблю вясельныя і сямейныя фотасесіі. Усё гэта запатрабавана.

Людзі хочуць захоўваць успаміны, асабліва калі збіраецца ўся сям'я. Гэта асабліва важна для эмігрантаў, бо мы часта жывём далёка адзін ад аднаго. Калі прыязджаюць бацькі, цёткі, а яшчэ і бабуля з дзядулям, гэта можа быць такі момант у жыцці, які больш ніколі не паўторыцца. Таму людзям вельмі важна захаваць такія сустрэчы на памяць.

Вы ўжо думалі пра тое, якую першую выставу зробіце на радзіме, калі вернецеся з эміграцыі?

— Не. Я нават не вельмі веру, што некалі вярнуся дадому. Не люблю загадваць. Стараюся жыць тым, што маю цяпер.

А творчыя планы?

— Хочацца зрабіць персанальную выставу, хочацца стварыць вялікі праект. Пакуль у мяне гатовая толькі яго частка. Мне хочацца перадаць праз фатаграфію тое пачуццё, якое засталося ўва мне ад Беларусі, тое, што я адчуваю як беларуска. Вось такую выставу мне хацелася б зрабіць. Але цяжка загадваць, што будзе далей, бо ўсё вельмі хутка змяняецца, і не хацелася б потым расчароўвацца.

У вас ужо ёсць здымак, які, на вашу думку, перадае сутнасць эміграцыі?

— Не, пакуль такога здымка ў мяне няма. Але ёсць праца, у якой я разважаю пра сваю ўласную эміграцыю і пра тое, як у эміграцыі спрабую зразумець, што робіць мяне беларускай. Калі я жыла ў Беларусі, то пра гэта амаль не задумвалася. А тут, у Польшчы, калі бачу вакол сябе іншую культуру, усё часцей задаю сабе гэтыя пытанні. І, канешне, хочацца знайсці на іх адказ.

Павел ЗАЛЕСКІ

Слухайце аўдыёфайл