Тысячы палякаў былі забітыя на Валыні, Падоллі і ва ўсходняй Малапольшчы ў 1943-44 гадах. Пошукі парэшткаў ахвяр Валынскай разні працягваюцца і дагэтуль. Сёлетнія эксгумацыйныя працы ў Астроўках і Волі Астравецкай завершаны.
На працягу чатырох тыдняў спецыялісты Інстытута нацыянальнай памяці (IPN) эксгумавалі і дакументавалі парэшткі забітых жыхароў, у тым ліку дзяцей.
30 жніўня 1943 года жыхары гэтых вёсак былі забітыя байцамі УПА пад камандаваннем Івана Клімачка (псеўданім «Лысы»). Украінскія мірныя жыхары таксама ўдзельнічалі ў нападзе на Астроўкі і Волю Астравецкую. Паводле звестак польскіх уладаў, у Волі Астравецкай было забіта не менш за 568 палякаў, у тым ліку 161 мужчына, 185 жанчын і 222 дзіцяці. У Астроўках — не менш за 474 чалавекі (145 мужчын, 125 жанчын і 204 дзіцяці).
У выніку вышэйзгаданай экспедыцыі спецыялісты эксгумавалі парэшткі 55 ахвяр Валынскай разні, у тым ліку 26 дзяцей, а таксама знайшлі больш за 300 асабістых рэчаў.
Эксгумацыю праводзіў Інстытут нацыянальнай памяці сумесна з археалагічным прадпрыемствам «Валынскія старажытнасці» і Уроцлаўскім медыцынскім універсітэтам пры ўдзеле прадстаўнікоў Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны.
Томаш Тшаска з Бюро пошуку і ідэнтыфікацыі IPN, гаворачы пра супрацу з украінскім бокам, звяртае ўвагу на некалькі аспектаў.
— Па-першае, самае блізкае для нас — штодзённая праца, гэта значыць супрацоўніцтва з украінскімі спецыялістамі, у тым ліку з «Валынскіх старажытнасцяў». Гэтае супрацоўніцтва працягваецца ўжо шмат гадоў. Вельмі добрая адданасць украінскіх археолагаў і антраполагаў была сапраўды бачная. Другая рэч, вядома, гэта міжнародныя і міжінстытуцыйныя адносіны. Я маю на ўвазе, што мы бачым тут пэўныя вынікі, і я прызнаю, што гэта таксама ў пэўнай ступені прыкметна. Калі раней мы вельмі доўга чакалі дазволаў, напрыклад, сем гадоў чакалі дазволу на пошукі ў Гуце Пяняцкай, то дазвол на эксгумацыю ў Астроўках і Волі Астравецкай мы чакалі каля месяца. Цяжка не ўбачыць добрай волі і пэўнай прыхільнасці да польскага боку, таму гэта добры знак.
Томаш Тшаска расказвае, што выгляд парэшткаў складаны, асабліва цяжкім было разуменне таго, як гэтых людзей забівалі, бо было знойдзена нямала разбітых чэрапаў.
У Польшчы падкрэсліваюць жорсткасць, з якой былі забітыя ахвяры. Пра гэта сведчаць знойдзеныя чэрапы, разбітыя ад удараў у галаву, сляды ад куляў. Кіраўніца ўкраінскай групы спецыялістаў з «Валынскіх старажытнасцяў» Аліна Харламава, якая працавала з польскімі калегамі, так выказваецца на тэму жорсткасці катаў.
— Што да эксгумаваных парэшткаў у Астроўках і Волі Астравецкай, то на некаторых шкілетах сапраўды былі выяўленыя як механічныя пашкоджанні, так і агнястрэльныя раненні. Аднак я не магу ацаніць, наколькі гэта было зроблена з цынізмам ці жорсткасцю. Тым больш, што гэта былі зусім іншыя часы, страшныя часы. Напэўна, вы ведаеце, што ў той час польскі бок таксама забіваў украінцаў, і ўсё гэта патрабуе даследавання і эксгумацыі. Таму я б не сказала, што там мела месца нейкая асаблівая жорсткасць, улічваючы тую эпоху.
Аліна Харламава спадзяецца, што супольная праца польскіх і ўкраінскіх спецыялістаў дапаможа наладзіць суседскія адносіны паміж краінамі, прызнаць памылкі абодвух бакоў, каб у будучыні не было палітычных канфліктаў і крызісаў. На яе думку, пытанне эксгумацый празмерна палітызуецца.
— Адзінае, што я магу сказаць, гэта тое, што гэтае пытанне вельмі палітызаванае, і да яго занадта шмат цікавасці з боку тых жа СМІ і палітыкаў. Калі мы ўсё гэта прыбярэм, я думаю, што праца будзе праводзіцца даволі хутка і эфектыўна. Што тычыцца бюракратычных працэдур, я не бачу асабліва істотных цяжкасцей. І эксгумацыя, і пошук — гэта працэсы, якія самі па сабе не асабліва хуткія. Я таксама лічу, што немагчыма вызначыць колькасць ахвяр выключна па эксгумацыі, бо нават калі мы адразу нешта там знойдзем і адразу пачнем эксгумацыю, усё роўна спатрэбяцца дзесяцігоддзі, каб знайсці ўсіх ахвяр. Я думаю, што гэта задача гісторыкаў — падлічыць ахвяр, а потым прадставіць доказы і аргументы, якія пацвярджаюць гэтыя лічбы.
Дагэтуль эксгумацыі былі праведзены ў шасці вёсках, польскі бок гаворыць, што такіх месцаў — 200.
Пахаванне парэшткаў, знойдзеных падчас апошніх работ, адбудзецца 30 жніўня ў Астроўках, у 83-ю гадавіну злачынства.
ав
слухайце аўдыё