Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў у Беларусі прадставіў другую частку інфармацыйна-аналітычнага агляду, у якім працягвае дакументаваць факты гібелі грамадзян, адказнасць за якія ляжыць на беларускай дзяржаве. У першым даследаванні расказвалася пра смерці 16 чалавек, у другім — яшчэ 21 чалавека.
Аўтары аналізуюць механізмы рэпрэсіўнай сістэмы, якія прыводзяць да смяротных зыходаў як у месцах пазбаўлення волі, так і па-за іх межамі. Гаворка пра практыку наўмыснага неаказання медыцынскай дапамогі цяжкахворым палітвязням, катавальныя ўмовы ўтрымання і сістэмны ціск, які разбурае здароўе людзей.
У новым аглядзе асаблівая ўвага нададзена так званай «адкладзенай смяротнасці» — калі найцяжэйшая шкода, нанесеная арганізму ў калоніях і СІЗА, прыводзіць да гібелі чалавека неўзабаве пасля выхаду на волю. Таксама задакументаваныя выпадкі давядзення да самагубства пад уздзеяннем бесперапыннага пераследу, гібель ад рук сілавікоў і падазроныя смерці пры нявысветленых абставінах.
Расказвае аўтар агляду, член Міжнароднага камітэта па расследаванні катаванняў у Беларусі.
— Неаказанне медыцынскай дапамогі, яно было заўжды ў месцах зняволення ў Беларусі. І проста ў 2020 годзе яно пагоршылася, стала больш карным у адносінах да палітычных зняволеных. І таму ім мэтанакіравана не аказваецца належная медыцынская дапамога. Мала таго, што яна і так дрэнная, але яна яшчэ мэтанакіравана не аказваецца. І вядома, калі чалавеку не аказваецца дастойная медыцынская дапамога, тады здароўе падрываецца настолькі, што ў нейкі момант, ён проста ў такім стане, што яго трэба шпіталізаваць. Сілавікі гэта рабіць не любяць, не любяць выклікаць хуткую дапамогу і шпіталізаваць людзей, таму яны імкнуцца на лакальным узроўні вырашыць гэтыя пытанні, але не заўсёды атрымліваецца. Таму мы бачым смерць у месцах несвабоды ці смерць людзей, якіх давялі настолькі, іх стан здароўя настолькі пагоршыўся, што яны выйшлі і праз нейкі час памерлі ўжо на волі.
Людзей з інваліднасцю або з пэўнымі захворваннямі ўвогуле нельга саджаць у турму, паколькі яны не ўчынялі якіх-небудзь гвалтоўных злачынстваў, яны не забівалі людзей, яны не рабавалі, не прычынялі здароўю людзей нейкую шкоду. Таму іх увогуле не варта саджаць. А калі ўжо і казаць пра тое, што яны хворыя, то іх увогуле не трэба абмяжоўваць свабодай.
Калі чалавека пасадзілі, а яшчэ пагоршылі ягоны стан здароўя настолькі, што ён памёр у месцах несвабоды ці потым вызваліўся і праз нейкі час памёр, то мы гэта звязваем непасрэдна з тым, што яго забіў рэжым.
Ёсць некалькі чалавек, якія скончылі жыццё самагубствам, і мы адносім гэта да таго, што іх пераследавалі менавіта па палітычных матывах, і калі б іх не пераследавалі, яны б не ўчынялі суіцыд. Іх трое ў нашым аналітычным аглядзе.
Выявіць вінаватых у большасці выпадкаў немагчыма. Разам з тым, аналіз задакументаваных абставінаў дазваляе вызначыць кола асобаў і структур, на якіх, праўдападобна, ляжыць адказнасць за смерць людзей, гаворыць прадстаўнік камітэту.
— Мы праваабаронцы, якія дакументуем, якія вядзем грамадскія расследаванні, не маем механізмаў расследавання на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. У нас няма механізмаў допытаў, аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў. Гэта ўсё павінны рабіць следчыя. Але паколькі следству невыгодна, каб гэтыя смерці расследаваліся, я маю на ўвазе рэжымнаму следству, таму гэтыя справы не расследуюцца. У многіх выпадках адмаўляюцца ад узбуджэння крымінальных спраў, у некаторых выпадках яны ўзбуджаюцца, і потым спыняюцца за адсутнасцю складу злачынства або па розных нейкіх прычынах. На жаль, мы, праваабаронцы, можам толькі прааналізаваць, можам толькі паказаць рэжыму на тое, што мы лічым гэтых людзей, што вы іх забілі, рэжым іх забіў, таму расследуйце. Калі вы не расследуеце, вы патэнцыйна пацвярджаеце той факт, што вы датычныя да гэтых смерцяў і да гэтых забойстваў.
Рэжым максімальна затойвае інфармацыю пра смерці. Нельга з поўнай упэўненасцю сказаць, што 16 чалавек з папярэдняга аналізу і 21 выпадак з новага — гэта ўсе смяротныя ахвяры рэжыму.
Наш суразмоўца кажа, што Камітэт не спыніцца на дакументаванні злачынстваў, асабліва смерці.
— Я лічу, што ні нам, ні СМІ, ні людзям, ні праваабаронцам, не трэба забываць ніводнае прозвішча, трэба памятаць пра людзей, якія загінулі па віне рэжыму, якіх забіў рэжым. Наша задача, як мінімум, не забываць гэтыя выпадкі, не забываць гэтых людзей, памятаць і ўвесь час пра гэта казаць.
Задача праваабаронцаў — дакументаваць і апублікаваць інфармацыю, бо раней ці пазней гэтыя доказы сыграюць сваю ролю.
Вось імёны 21 ахвяры: Дзяніс Кузняцоў, Вадзім Храсько, Ігар Леднік, Аляксандр Кулініч, Дзмітры Шлетгаўэр, Андрэй Паднябенны, Валянцін Штэрмер, Ганна Кандраценка, Віталь Бычкоў, Валянцін Іваноўскі, Тамара Каравай, Валеры Богдан, Валеры Цімашэнка, Раман Раманаў, Алена Панкова, Станіслаў Чур, Святлана Круцікава, Кірыл Шчаглоў, Аляксандр Будніцкі, Віталь Шышоў, Павел Сібілеў.
ав
слухайце аўдыё