Госці Польскага радыё, трэнеры па бегу, звяртаюць увагу, што мэта іх працы ў заключаецца ў тым, каб іх вучні фінальна апынуліся на чэмпіянатах. А таму і трэнер, і спартсмены з вялікай увагай сочаць за спаборніцтвамі такога тыпу, звяртаючы ўвагу на кожную дэталь.
Лёгкая атлетыка — гэта спорт, у якім прайграць можна адной тысячнай долі секунды. Як растлумачыць вучням, што гэта такі від спорту, у якім ажно так дробныя дэталі бяруцца пад увагу. Як нягледзячы на гэта заахвоціць трэніравацца, прыкладаць максімум намаганняў і не пераймацца тым, што можна быць так блізка, але лёгка прайграць.
— На жаль, у спаборніцкіх відах спорту гэтыя дэталі адыгрываюць такую вялікую ролю, і мы таксама, трэніруючы дзяцей і моладзь з ранняга ўзросту, стараемся навучыць іх, што ў кожным спаборніцтве яны павінны выкладвацца на 100%, але ёсць і сітуацыі, ёсць фактары, пры якіх пэўныя рэчы знаходзяцца па-за нашым кантролем, і гэта такі спорт, — гаворыць спецыяліст па фізіятэрапіі, бегу і сілавых трэніроўках Габрыела Тапалеўска.
Прафесійны спорт кіруецца іншымі прынцыпамі. А калі казаць пра дарослага чалавека ў сярэднім узросце, які хацеў бы больш глыбока акунуцца ў свет лёгкай атлетыкі, то якімі павінны быць першыя крокі? Адказвае спецыяліст па маторыцы і бегу, асабісты трэнер Шыман Дзічак.
— Пачатак знаёмства са светам лёгкай атлетыкі пачынаецца са здаровага ладу жыцця. Проста кажучы, лёгкая атлетыка — гэта скачкі, кіданні, бег — іншымі словамі, усё, чым мы займаліся з дзяцінства. Але потым мы часта забываемся, што можам хутка бегаць, кідаць і скакаць. І з часам мы проста пачынаем гэтага баяцца, бо нешта можна пашкодзіць, нешта можа нас кудысьці пацягнуць, і — бум, усё скончана, а гаворка ж не пра гэта. Лёгкая атлетыка для пачатку — гэта, мабыць, лепшае, што вы можаце зрабіць.
У такім выпадку што з намі адбываецца? Будучы дзецьмі мы бегалі, скакалі, стартавалі ў спрынтах, а цяпер часамі цяжка дабегчы да аўтобуса.
— У нашы дні, з-за нашага маларухомага ладу жыцця, мы забываемся, як бегаць, скакаць і кідаць. Аднак, калі мы вырашаем трэніравацца, няхай гэта будзе з трэнерам ці ў групе, я думаю, што гэта магчымасць паспрабаваць нагадаць сабе, на што здольны наш арганізм. Мы з Шымaнам, напэўна, пагодзімся, што сілавыя трэніроўкі будуць асабліва важным элементам, які дазволіць нам бяспечна займацца ўсімі згаданымі намі відамі дзейнасці.
Ці ў такім выпадку гэта лепш рабіць пад кантролем трэнера?
— Калі казаць пра спрынт, то гэта даволі спецыфічная актыўнасць, вельмі схільная да траўмаў, калі мы не ведаем, як гэта рабіць ці як да гэтага падрыхтавацца. Аднак, калі казаць пра рэгулярны бег — гэта значыць, я хачу палепшыць сваю фізічную форму, трохі развіць сваю кандыцыю — я думаю, што кожны здольны, скажам так, працаваць самастойна ў пэўнай ступені. Аднак, калі я сапраўды хачу палепшыць свае вынікі, няхай гэта будзе спрынт ці скачкі, я б настойліва раіла рабіць гэта пад наглядам трэнера.
Трэнер вельмі патрэбны, калі гаворка, у прыватнасці, ідзе пра спрынт. Габрыела Тапалеўска раіць пачаць з візіту да добрага трэнера ці фізіятэрапеўта, які праверыць стан нашага здароўя, бо рэзкія заняткі спортам у людзей, якія шмат сядзяць, могуць закончыцца траўмай.
Каб іх пазбягаць трэба быць у прымальнай фізічнай кандыцыі, бо той жа спрынт — гэта не толькі стопы, нагадвае Шыман Дзічак.
Моцна нагружаюцца як ікры, так і мышцы спіны, двухгаловая цягліца сцягна і ягадзічныя мышцы. Спрынт — гэта сапраўды трэнажорная зала для ўсяго цела, таму ўсё цела павінна быць вельмі моцным.
Czwórka/ав