Сухайце далучаны гукавы файл
Месцам свайго новага жыцця ён свядома выбраў Беласток — горад, які добра ведаў яшчэ з 1990-х гадоў і з якім яго даўно звязваюць асабістыя і прафесійныя сувязі.
Як выглядае Беласток вачыма гарадзенца? Што сёння дапамагае адчуваць сябе тут бліжэй да дому і як закрытая мяжа змяніла горад?
Павал Мажэйка пацвярджае, што менавіта мясцовыя беларусы, іх памяць, культура і магчымасць вывучаць уласную мінуўшчыну былі важнай крыніцай натхнення для беларускага руху ў Гродне.
Павал Мажэйка: Воляй лёсу я быў прымусова выкінуты з Радзімы, з Беларусі. А ўжо быць у Беластоку — гэта быў мой свядомы выбар, бо я вельмі люблю гэты горад. Я, барані Божа, не хачу казаць сталым жыхарам і аўтахтонам, што гэта «мой горад», кaб не было, што «прыехаў тут нейкі прышлы і кажа, што гэта яго горад». Не, ні ў якім разе. Але Беласток я вельмі моцна люблю. Гэта такая правераная любоў яшчэ з самага пачатку 90-х, калі ўжо і па ўзросце, і пасля таго, як адкрыліся межы, я мог прыязджаць у Беласток і ў Польшчу.
Канешне, цяпер я наноў для сябе адкрываю гэты горад, бо ўсё ж такі раней для большасці беларусаў гэта быў такі гандлёвы цэнтр, або, хутчэй, транзітны пункт далей у свет. І таму я з такім захапленнем, са здзіўленнем адкрываю для сябе гэты горад.
Вядома ж, адчуваецца, што зараз ён трошкі заціснуты гэтай зачыненай мяжой, цяжкасцямі. І мясцовы бізнес, які яшчэ нядаўна — да пандэміі і да палітычных падзей — можна сказаць, квітнеў, усе гэта бачылі. Але, калі б мяне папрасілі адным выказваннем ацаніць Беласток сёння, то я б сказаў, што гэта такі зубр, які за дрэвамі чакае лепшай сітуацыі, каб сапраўды выйсці на гэтыя вялікія прасторы.
Вядома ж, Беласток — не Варшава, а Гродна — не Мінск. Можа, менавіта ёсць нейкае падабенства паміж гэтымі гарадамі — Гроднам і Беластокам, — і таму ён табе падабаецца?
Павал Мажэйка: Хутчэй, я б сказаў, што гэта блізкасць, гэтая заўсёдная даступнасць, ну, прынамсі, да 2020 года. Ты не паспяваеш, едучы ў маршрутцы Гродна — Беласток, нават прыснуць, а ты ўжо ў горадзе, дзе табе вядомыя месцы. Гэта, безумоўна, стварае такую атмасферу ўвесь час, адчуванне свойскасці, што ты, прынамсі, недалёка ад дома.
Хаця, канешне, калі глядзець на архітэктуру, забудову, гарадскую сістэму, транспартную сістэму — гэта розныя гарады. Яны доўгі час развіваліся побач, але паміж імі існавалі гістарычныя сувязі, напэўна, ва ўсе часы.
Плюс, калі глядзець на гісторыю беларускага адраджэнскага руху ў 80-я гады, то, канешне, без такога ўдзелу ці без натхнення, якое прыносілі беластоцкія беларусы, назавем іх так, наш беларускі рух у Гродне, мне здаецца, некалькі пазней ажывіўся б, быў бы больш запаволеным, быў бы менш глыбокім у сэнсе ідэі. Таму, што тут захоўвалася беларускасць людзей, якія жылі тут спрадвеку. І як бы там ні было, але ў сацыялістычнай Польшчы было дазволена трошкі больш — і ў захаванні памяці, і ў вывучэнні сваёй мінуўшчыны. Таму гэта было вельмі важна.
Я хоць у 80-я яшчэ быў за малы, але ўжо ў 90-я, чытаючы «Ніву» і кантактуючы з беларусамі, якія прыязджалі з Беласточчыны, для мяне гэта было вельмі істотна. Я магу сказаць, што я ў іх вучыўся.
Гутарыў Яраслаў Іванюк