Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Урад Даніі хоча пашырыць паўнамоцтвы настаўнікаў, каб яны маглі сілаю супакойваць вучняў

13.10.2026 14:35
 Гэта адказ на рост колькасці нападаў на педагогаў.
 .
Ілюстрацыйная графіка.Фота: pixabay.com / azmeyart-design

Пасля амаль 60 гадоў поўнай забароны дацкія настаўнікі змогуць фізічна рэагаваць на агрэсію з боку вучняў. Гэта адказ на рост колькасці нападаў на педагогаў. Адпаведны законапраект унёс міністр адукацыі. Аб гэтым чытаем у выданні «Forsal».

У Даніі ўсё часцей адбываюцца выпадкі вербальнай і фізічнай агрэсіі ў школах. Ахвярамі становяцца настаўнікі, якія, баючыся страціць працу, часта не вырашаюцца рашуча рэагаваць на паводзіны вучняў. Урад хоча дакладна вызначыць, у якіх сітуацыях педагогі маюць права ўжываць фізічную сілу.

Паводле даследаванняў, з фізічнай агрэсіяй з боку вучняў сутыкаецца кожны пяты настаўнік у Даніі. Цяпер, калі вучань адмаўляецца пакінуць клас пасля патрабавання настаўніка, педагог не мае права прымусова вывесці яго. Новыя правілы дазволяць утрымаць вучня сілаю або з дапамогай сілы вывесці яго ў іншае памяшканне.

Гаворка ідзе, напрыклад, пра сітуацыі, калі вучань пагражае іншым, кідаецца прадметамі, псуе маёмасць, ужывае псіхалагічны гвалт або настолькі гучна ўключае музыку, што перашкаджае весці заняткі.

Міністр адукацыі Магнус Хэйніке (Magnus Heunicke) падкрэсліў, што фізічнае ўмяшанне павінна прымяняцца толькі ў выключных выпадках, калі іншымі спосабамі немагчыма навесці парадак і прадухіліць абвастрэнне канфлікту.

Паводле апытанняў, амаль палова настаўнікаў падтрымлівае такія змены. Аднак эксперты папярэджваюць, што новыя правілы могуць аслабіць давер вучняў да педагогаў і павялічыць напружанасць у школах.

Урад плануе ўвесці новыя нормы ў 2027 годзе. Першае чытанне законапраекта ў парламенце прызначанае на 10 лістапада 2026 года. Калі змены ўступяць у сілу, Данія стане адзінай краінай Еўрасаюза, якая дазваляе ўжываць фізічную сілу ў дачыненні да вучняў не толькі ў выпадках самаабароны. У Еўропе падобнае права для навядзення парадку на ўроках мае толькі Англія.

нг