Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Алесь Бяляцкі: Прыйдзе час, калі мы ўсе выйдзем на волю

13.10.2026 18:35
Паказ дакументальнага фільма «Бяляцкі/Нязломны» адбыўся пры поўнай залі. Шмат хто плакаў.
Аўдыё
  • Фільм, прысвечаны Алесю Бяляцкаму.
      .
Апладысменты залі для Алеся Бяляцкага пасля паказа.Беларуская служба Польскага Радыё

У Варшаве паказалі дакументальны фільм «Бяляцкі/Нязломны» (Bialiatski/Unbroken) — пра вядомага праваабаронцу, лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру 2022 года Алеся Бяляцкага.

Фільм зняла літоўская кампанія Ketvirta versija. Рэжысёр Эймантас Бяліцкас (Eimantas Belickas), аўтары сцэнару Аляксандра Глагольева і Юры Буцько, музыку да стужкі напісаў вядомы літоўскі кампазітар і музыка Андрус Мамантавас.

Праца над фільмам доўжылася тры гады і пачалася, калі Алесь быў у зняволеньні. А пад канец вытворчасці, 13 снежня 2025 года, Бяляцкага вызвалілі і гвалтоўна вывезлі ў Літву. Таму напрыканцы стужкі мы ўжо бачым Бяляцкага на волі, разам жонкай Наталляй.

Варшаўскі паказ — ужо трэці. Пасля Вільні і Вены.

На паказе, акрамя самога Бяляцкага, былі яго калегі — праваабаронцы з Азэрбайджану і Кыргызстану Джавід Агаеў і Талекан Ісмаілава. Дыстанцыйна ў дыскусіі ўдзельнічала спэцыяльная дакладчыца ААН аб сытуацыі з правамі чалавека Андрэа Баляньняс Варгас.

Пра тое, якія ўражанні пакінуў чарговы прагляд фільма, расказвае сам яго герой — Алесь Бяляцкі.

— Я ж не ведаў, што здымаўся гэты фільм. І гэта для мяне быў поўны сюрпрыз. Калі меня вызвалілі, у той жа вечар у Вільні апынулася рэдактарка, сцэнарыстка. Яны сказалі, што хочуць паздымаць маю сустрэчу з жонкай. У мяне галава кругам ішла, мне тады было — здымайце-не здымайце — без розніцы.  І калі потым яны гэта знялі і адбыўся першы паказ, які я паглядзеў (гэта было ў Вене), вось тады і ацаніў гэты фільм. Бо да гэтага я думаў, ну што можна здымаць пра чалавека, якога не было. Тым не менш яны паказалі агульную карціну барацьбы чалавека за свабоду. Адштурхоўваючыся ад беларускіх падзей яны выходзяць на міжнародны ўзровень.

І я пагадзіўся з тым, што фільм атрымаўся, хаця кожны раз, праглядаючы яго, знаходжу нешта новае, чапляюся за нешта новае. Тут шмат асабістых кадраў, якія датычацца сям’і, Мінска, тых падзей, таго жыцця, якога ўжо няма. А па-другое, выскокваюць нейкія моманты, на каторыя ты раней не звяртаў увагі. Напрыклад, кадры з першага суда, калі малады адвакат Дзмітрый Лаеўскі бароніць мяне ў судзе. А цяпер Лаеўскі сам атрымаў тры гады зняволення.

І гэта чапляе, бо ты бачыш, што мы жывыя людзі. І гэта прага да свабоды, да справядлівасці —яна невыкараняльная. І што б гэтыя ўлады не рабілі, усяроўна, прыходзяць іншыя людзі, іншыя пакаленні, іншая сітуацыя і гэтая барацьба ідзе.

Хоць сам гэты фільм атрымаўся мінорны, але канец яго — аптымістычны. Яго здымалі-здымалі, калі я знаходзіўся ў турме. А сканчаецца тым, што я выходжу на волю. Таму гэты аптымізм хацелася б перакласці на ўсё беларускае грамадства. Хоць мы зараз і сідзім у турме, але прыйдзе час, калі мы ўсе выйдзем на волю. Я ў гэтым перакананы.

Падчас дэманстрацыі фільма шмат хто плакаў. Я таксама плакала. Бо ў фільме паказалі трыццаць гадоў шматпакутнага шляху да вольнай Беларусі. Шляху даўжынёй у большую частку майго жыцця і жыццё многіх прысутных у залі.

І па вялікім рахунку, гэта фільм не пра Алеся Бяляцкага, гэта фільм пра Беларусь, пра прагу беларусаў да годнага жыцця.

Аксана Колб