Студэнтамі другога сезону сталі некалькі сотняў беларусаў сталага ўзросту. Сярод курсаў польская і ангельская мовы, гісторыя Беларусі, нейрагімнастыка і нутрыцыялогія, майстар-класы, лекцыі, экскурсіі і яшчэ шмат цікавага і карыснага для адаптацыі і камунікацыі.
Калісьці падобную ўстанову Лана і Вітаўт Руднікі стварылі ў Гродне. Універсітэт праіснаваў шмат гадоў і быў вельмі запатрабаваны сярод людзей ва ўзросце 55+. Пасля вымушанай эміграцыі ідэя стварыць нешта падобнае ў Польшчы рэалізавалася ў студзені 2026 года, калі пачаў працу УЗВ.
На сённяшні дзень УЗВ дзейнічае ў чатырох гарадах Польшчы — Беластоку, Варшаве, Гданьску і Уроцлаве. Хаця ахвотныя далучыцца ёсць і ў іншых гарадах. Не стае пакуль што валанцёраў, якія б былі гатовыя ўзяцца за каардынацыю ў гэтых гарадах.
Выкладчыкі, каардынатары, лектары працуюць тут на валанцёрскіх пачатках. Таксама бясплатна прадстаўляюць свае памяшканні для заняткаў беларускія грамадскія арганізацыі, што існуюць у Польшчы. Але арганізатары будуць вельмі ўдзячныя, калі хтосьці захоча матэрыяльна падтрымаць УЗВ.
Лана Руднік лічыць, што калі праца УЗВ будзе запатрабаваная, то будзе і трэці і пятнаццаты сезон:
— У нас доўгатэрміновыя планы. Таму што агонь у маім сэрцы, у сэрцы Вітаўта і сябраў нашых каманд у гарадах. Галоўнае, каб людзі прыйшлі і гэта ім было патрэбна.
Больш за ўсё з мінулага сезону Лане запомніліся людзі, ввыкладчыкі і валанцёры, якія гатовы былі аддаваць свой час, сваё цяпло.
Па меркаванні Вітаўта Рудніка УЗВ — гэта месца, дзе ты можаш працягваць жыць:
— Універсітэт дае шансы развівацца людзям, якія гатовыя і хочуць гэтага. Цікавостак у новым сезоне вельмі шмат. У нас больш за 36 курсаў. І аргентынскае танга, кітайская гімнастыка, скандынаўская хада. Маляванне, танцы, спевы. Заняткі па псіхалогіі, гісторыі. Гэта магчымасць інтэгравацца ў тое грамадства, дзе ты зараз жывеш і захоўваць сваю беларускасць. Развіваць свае здольнасці, навучацца і навучаць іншых.
Праца УЗВ не мае фінансавання. І таму Лану кожны раз здзіўляе, колькі беларусаў — выкладчыкаў і валанцёраў адгукаюцца на прапанову папрацаваць для УЗВ.
— У першым сезоне было толькі па аднаму каардынатару па гарадах, а ў гэтым — сабралася ўжо па 4–5 чалавек каманды. І вельмі шмат выкладчыкаў адгукнулася больш за 50. І што вельмі — важна самі студэнты прапануюць свае заняткі.
Дарэчы, з гэтага сезона кожны ахвотны можа падтрымаць працу УЗВ. Уся інфармацыя ёсць на адмысловым сайце.
А для тых, хто яшчэ не далучыўся да беларускага Універсітэта Залатога Веку, Лана і Вітаўт Руднікі хацелі б сказаць:
— Прыходзьце і тут вы знойдзеце ўтульную атмасферу і якасную адукацыю. Дайце сабе шанец. Проста праверце, ці гэта ваша, ці гэта для вас. І мы перакананыя, што вы нешта знойдзеце — альбо месца для навучання, альбо новыя знаёмствы, альбо новыя адкрыцці. Проста паспрабуйце.
Больш падрабязна слухайце ў нашым аўдыё.
Аксана Колб