На старонках выдання «Gazeа Wyborcza» былы камандзір элітарнай адзінкі GROM і эксперт па бяспецы, палкоўнік Кшыштаф Пшэпюрка гаворыць, што пачатковы псіхалагічны профіль і метад дзеянняў кракаўскага нападніка – гэта хрэстаматыйны прыклад «адзінокага ваўка».
- Мы бачылі тую ж жахлівую карціну ў Андэрса Брэйвіка і вар'ятаў, якія забівалі дзяцей у школах ЗША, Чэхіі і Аўстрыі. Імёны і краіны мяняюцца, але механізм злачынства застаецца ранейшым – копія найгоршых сусветных трагедый. Метад дзеянняў такога нападніка просты. Гэта не злодзей, які ўрываецца ў банк па мяшкі з грашыма і плануе ўцячы. Профіль «адзінокага ваўка» азначае зусім іншую логіку. Для іх поспех – гэта не рабаванне, а максімальна магчымая колькасць ахвяр.
«Gazeta Wyborcza» піша, што матывацыя такіх людзей вельмі розная – ад жадання славы да ўплыву экстрэмальных поглядаў. Як правіла, гэта адзінокія людзі, якія дыстанцыяваліся ад астатняга грамадства і адчуваюць сябе адрынутымі. Праз жорсткі напад яны хочуць прыцягнуць увагу любой цаной. Кантэнт, які такія людзі спажываюць штодня ў інтэрнэце або па тэлебачанні, таксама адыгрывае вырашальную ролю.
- Наша сучаснае грамадства характарызуецца глыбокімі рознагалоссямі, якія яшчэ больш пагаршаюцца палітыкамі. Яны пастаянна падсілкоўваюць нас агрэсіяй. Абразы, хлусня і пагрозы сталі нормай у парламенце. Для таго, хто і без таго быў нестабільным, такая агрэсіўная мова ў грамадскіх месцах можа стаць стымулам зрабіць нешта жудаснае. Для людзей, якіх пастаянна падсілкоўваюць агрэсіўнай прапагандай у СМІ і інтэрнэце, таксічнае асяроддзе становіцца эмацыйнай бомбай запаволенага дзеяння, – гаворыць палкоўнік Кшыштаф Пшэпюрка.
Журналісты газеты запыталіся, як палкоўнік ацэньваеце дзеянні паліцыі. Адказ: узорна. Пры гэтым эксперт дадае, што немагчыма прадухіліць кожную трагедыю.
- Пытанні пра бездапаможнасць службаў выклікаюць натуральны страх, бо нікому не падабаецца думаць, што не ўсё можна кантраляваць. Спецслужбы і паліцыя старанна працуюць, пра што сведчаць поспехі, у тым ліку за апошнія два тыдні, калі іншыя пагрозы былі выяўлены і своечасова прадухілены. Аднак, сутыкнуўшыся з непрадказальнай сутнасцю, сістэма заўсёды будзе мець слабыя бакі. Часам, нягледзячы на найвышэйшыя аператыўныя навыкі, трагедыю проста немагчыма прадухіліць. Ідэальнага антытэрарыстычнага шчыта не існуе.
«Gazeta Wyborcza»/ав