Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

З рыдлёўкай у парк. Як замежнікі і палякі разам робяць Варшаву лепшай

09.11.2026 14:29
Часам дастаткова ўзяць у рукі рыдлёўку, разам пасадзіць расліны ў грамадскай прасторы і правесці некалькі гадзін з людзьмі, якіх раней нават не ведаў. 
Аўдыё
  • З рыдлёўкай у парк. Як замежнікі і палякі разам робяць Варшаву лепшай
      10 .  ,   , , 7  2026 .
Замежнікі і палякі разам разам садзяць 10 тыс. сібірскіх пралесак, Парк Марское Вока, Варшава, 7 лістапада 2026 г.Фота: Беларуская служба Польскага радыё

У вялікім горадзе інтэграцыя замежнікаў не абавязкова пачынаецца з моўных курсаў, афіцыйных дакументаў ці пошуку працы. Часам дастаткова ўзяць у рукі рыдлёўку, разам пасадзіць расліны ў грамадскай прасторы і правесці некалькі гадзін з людзьмі, якіх раней нават не ведаў. 

Менавіта на такім прынцыпе будуецца ініцыятыва Community Planting, якую ў Варшаве ладзяць ужо другі раз. На працягу трох суботніх сустрэч удзельнікі азеляняюць парк Морскае Вока: высаджваюць сібірскія пралескі, а таксама знаёміцца з гарадской прыродай падчас арніталагічнай прагулкі. Пра акцыю распавядае яе завадатарка з Міжнароднай арганізацыі па пытаннях міграцыі ў Польшчы (IOM Poland) Аляксандра Стоцкая:

— Ідэя была ў тым, каб арганізаваць праект пад назвай Community Planting. Мы высаджваем расліны ў розных частках горада, у тым ліку ў парках. Нам дапамаглі Варшаўскае ўпраўленне азелянення і яго эколагі: яны падказалі, дзе і што пасадзіць. З аднаго боку, мы клапоцімся пра прыроду і дапамагаем гораду стаць яшчэ зелянейшым, хоць Варшава і так вельмі зялёная і дагледжаная. З другога — збіраем разам мясцовых жыхароў і людзей, якія пераехалі сюды з іншых краін.

І ёсць яшчэ адна рэч, магчыма, адна з найважнейшых: людзі з розных краін могуць адчуць, што ў іх тут, у Варшаве, ёсць свой зялёны куточак. Тыя, хто не з Варшавы, могуць адчуць сябе тут крыху больш як дома. І мне здаецца, што гэта вельмі прыемна і важна, — кажа Аляксандра Стоцкая з польскага прадстаўніцтва IOM.

У арганізацыі гэты падыход называюць social mixing. Ён прадугледжвае некалькі сустрэч, на якіх усе ўдзельнікі маюць роўны абавязкі разам працуюць дзеля агульнай мэты.

— У нашым выпадку мы разам высаджваем расліны ў варшаўскім парку. Калі людзі нешта робяць разам і ў гэтым ёсць элемент гульні, ім лягчэй зблізіцца, лягчэй адкрыцца адно аднаму. Гэта і дапамагае інтэграцыі. IOM — Міжнародная арганізацыя па міграцыі.

Мы ўваходзім у сістэму ААН. Найперш мы падтрымліваем упарадкаваную міграцыю з павагай да правоў чалавека. Для нас таксама важна збліжаць людзей, якія пераехалі, і тых, хто іх прымае. Менавіта на такую інтэграцыю і скіраваныя гэтыя праекты, — тлумачыць Стоцкая.

Насенне, а таксама месца насаджэння вызначыла Варшаўская ўпраўленне па азеленні. Навошта гарадскія ўлады падтрымліваюць ініцыятывы па інтэграцыі замежнікаў, расказвае супрацоўнік упраўлення Стэфан Бароўскі: 

— IOM, арганізацыя, якая штодня працуе з мігрантамі, ужо каторы раз звярнулася да нас з прапановай зрабіць нешта разам. Звярнуліся і гарцэры з макотаўскіх дружын, якія таксама хацелі далучыцца. Мы зноў ладзім такую акцыю, упрыгожваем нашы паркі і стараемся, каб у іх было прыемна розным наведнікам.

Добра рабіць нешта разам, калі ёсць канкрэтная мэта. Думаю, сёння не мае значэння, хто адкуль, колькі каму гадоў і дзе хто нарадзіўся. Важная мэта: пасадзіць дзесяць тысяч цыбулін сібірскай пралескі, каб яны зацвілі ў наступным годзе. Вось такая ў нас мэта на сёння.

Аня Менджэцкая, кіраўніца 414-й варшаўскай дружыны гарцэрак, прыйшла ў парк з групай дзяўчат. Для іх, кажа яна, гэта і праца на карысць свайго раёна, і магчымасць пазнаёміцца з людзьмі па-за звыклым колам:

— Мы, гарцэркі, заўсёды шукаем, дзе можам быць карыснымі. Са мной тут гарцэркі гадоў дзесяці-дванаццаці, і нам вельмі падабаецца такая праца, калі можна разам пасадзіць расліны. Мы заўсёды шукаем такіх магчымасцяў. Для нас важна зрабіць нешта для свайго раёна, пазнаёміцца падчас працы з іншымі людзьмі, з іншымі супольнасцямі. Дзяўчаты шмат чаму вучацца: як дапамагаць іншым і як быць адкрытымі да людзей. Я нарадзілася ў Варшаве, але лічу, што з’яўленне ў горадзе людзей з розных краін дае магчымасць пазнаёміцца з іншымі культурамі.

У нашай дружыне  гэтая адкрытасць пачынаецца з размоў пра тое, што дзяўчаты бачаць у школе. Асабліва пасля пачатку вайны гарцэркі часта расказвалі, што ў іх класах з’явіліся дзеці з Украіны. Часам мы чулі негатыўныя выказванні пра іх. Мы стараемся ствараць такую атмасферу, каб падобнага не было і каб дзяўчаты былі адкрытыя да іншых людзей незалежна ад іх нацыянальнасці. Мы радыя бачыць іх у дружыне. Магчыма, хтосьці пакуль не адважваецца паспрабаваць, цяжка сказаць. Вядома, мы запрашаем і такіх дзяўчат, але ў маёй дружыне такой гарцэркі пакуль не было.

Марына з’ехала з Херсона разам з сям’ёй пасля паўгода расійскай акупацыі. У Польшчы яна жыве ўжо чатыры гады. Яна заўважае, што стаўленне да ўкраінцаў і беларусаў змянілася, але ў сваім атачэнні адчувае падтрымку:

— Я жыву ў Макотаве, часта тут гуляю і бегаю. Вельмі люблю гэты парк, таму для мяне гэта важна. Супольная праца аб’ядноўвае людзей. У іх ёсць агульная мэта — зрабіць нешта лепшым. Гэта цудоўна», — кажа Марына.

Для Надзеі, палітычнай мігранткі з Беларусі, гэта ўжо не першая такая акцыя. Звычайна яна бярэ з сабой дзіця. Ёй падабаецца, што ў Варшаве прырода побач з домам, а каб далучыцца да валанцёрскай працы, можна проста напісаць арганізатарам. Разам з тым думкі пра дом у Беларусі нікуды не зніклі.

— Сумую па бацьках, па сябрах і па сваім доме, які доўга будавала, але так і не паспела ў ім пажыць. Вярнуцца, каб зноў жыць у Беларусі, наўрад ці атрымаецца: дзіця расце, ходзіць у школу, і ў яго ўжо будзе сваё жыццё тут, у Польшчы. Але ў свой дом у вёсцы я абавязкова буду вяртацца, — кажа Надзея.

Слухайце аўдыё!

эж


«Мы ўсе перамяшаныя»: польская пісьменніца Анета Прымака-Онішк — пра міф монаэтнічнай Польшчы

18.05.2026 08:21
Анета Прымака-Онішк разважае, ці гатовае польскае грамадства прыняць сваю шматэтнічнасць.