Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Перакладчыца Яанна Бэрнатовіч: Мой шлях да беларускай ідэнтычнасці

11.11.2026 14:14
Адкуль узялося гэтае захапленне, ці цяжка вывучыць беларускую мову да ўзроўню літаратурнага перакладу і як сёння зацікавіць ёю моладзь на Беласточчыне? 
Аўдыё
Пераклоадчыца Яанна БэрнатовічФота: Я. Іванюк, Беларуская служба Польскага радыё

Яанна Бэрнатовіч, перакладчыца беларускай літаратуры на польскую мову, скончыла польскі а не беларускі ліцэй у Бельску Падляскім, але менавіта беларуская мова з часам стала важнай часткай яе жыцця і прафесійнай дзейнасці. Сёння яна перакладае на польскую мову творы Васіля Быкава, Альгерда Бахарэвіча ды іншых беларускіх аўтараў. Адкуль узялося гэтае захапленне, ці цяжка вывучыць беларускую мову да ўзроўню літаратурнага перакладу і як сёння зацікавіць ёю моладзь на Беласточчыне? Пра гэта з Яаннай Бэрнатовіч размаўляў Яраслаў Іванюк.

Як гэта здарылася, што бяльшчанка, выпускніца польскага ліцэя, у які, скажу, можа, крыху перабольшваючы, ідуць апаненты беларускасці ў Бельску, занялася перакладам беларускай літаратуры на польскую мову?

— Ну, у Бельску гэта заўсёды выглядала даволі проста: католікі ідуць у першы ліцэй, а праваслаўныя — у другі, беларускі. Я, дарэчы, шкадую, што не пайшла менавіта ў беларускі ліцэй, бо гэта быў і ёсць добры ліцэй. Прынамсі ў мае часы ён заўсёды займаў высокія месцы ў розных рэйтынгах і быў адным з лепшых у нашым ваяводстве.

Але мой шлях да беларушчыны пайшоў крыху інакш. Мая бабуля паходзіць з Кнарыдаў, гэта недалёка ад Бельска, але зацікаўленне Беларуссю прыйшло да мяне хутчэй з боку дзядулі. Ён паходзіў з Беліцы над Нёманам. Падчас вайны апынуўся ў Добрамілі пад Бельскам, там застаўся і там пазнаёміўся з маёй бабуляй.

Пакаленне маіх бацькоў — мая мама, яе браты — яшчэ ў 80-я гады паспела паехаць у Беларусь, сустрэцца і пазнаёміцца з тамтэйшай сям’ёй. А з майго, маладзейшага, пакалення паехала ўжо толькі я.

Проста аднойчы мой дзядзя прапанаваў мне такую паездку. Мне было тады 19 гадоў, і мы паехалі ў Беліцу. І раптам аказалася, што там ледзь не палова вёскі носіць такое самае прозвішча, як мой дзядуля — Шмукста. Прозвішча не вельмі беларускае, але мне патлумачылі, што гэта збеларушчаная форма літоўскага прозвішча.

І вось тады прыйшло не столькі нават захапленне, колькі ўсведамленне: я адтуль. Я адчула, што гэтае месца нейкім чынам вельмі мне блізкае.

Беларуская культура і раней не была для мяне чужой. Я ж з Падляшша, бывала на розных беларускіх святах, на Басовішчы, на Спаса. Але менавіта тады ўпершыню адчула, што гэта не проста культура, якая мне падабаецца, а частка маёй уласнай ідэнтычнасці.

Калі вярнулася, я ўжо вучылася ў Кракаве на паланістыцы. Беларускай філалогіі там тады не было. Беларускую мову можна было вывучаць толькі на лектараце — як дадатковую пры расейскай філалогіі ці расіязнаўстве.

Таму я вырашыла пайсці яшчэ і на расіязнаўства. Але вельмі хутка зразумела, што расейская мова — гэта не тое, чаго я шукаю. Мяне цікавіла менавіта беларуская.

І тады ўжо пайшло: беларуская мова ва ўніверсітэце, паездкі ў Мінск, Полацк, Гомель. Мы аб’ездзілі Беларусь, і так гэта ўжо са мной засталося.

Складана было вывучыць беларускую мову да такога ўзроўню, каб перакладаць Васіля Быкава ці Альгерда Бахарэвіча?

— Так, напэўна, складана. Не магу сказаць, што гэта лёгка. І шчыра скажу: галоўны інструмент працы перакладчыка для мяне — гэта слоўнік. Я пастаянна ім карыстаюся.

Я не давяраю словам толькі таму, што яны здаюцца знаёмымі. Асабліва не давяраю так званым «фальшывым сябрам перакладчыка»: словы могуць быць вельмі падобныя ў беларускай і польскай мовах, але значыць зусім розныя рэчы. Таму я заўсёды стараюся вельмі дакладна праверыць значэнне.

Нават цяпер, калі чытаю новы раман Бахарэвіча, разумею: калі б узялася яго перакладаць, то, напэўна, на кожнай старонцы зноў сядзела б са слоўнікам.

Гэта проста вельмі марудная праца.

Яраслаў Іванюк

Слухайце аўдыё!

эж

У Польшчы выходзіць пераклад аўтабіяграфіі Васіля Быкава. Гутарка з перакладчыцай

21.06.2023 11:12
«Доўгая дарога дадому» ахоплівае каля 70 гадоў жыцця пісьменніка. 

Ці мае шанец беларуская літаратура на камерцыйным рынку Польшчы

25.11.2025 07:01
Беларуская літаратура ў польскіх перакладах, па-за адзінкавымі прыкладамі, амаль не прысутнічае на польскім камерцыйным кніжным рынку.

«Сабакі Еўропы» па-польску: пра свабоду, мову і «чамадан з будучыняй»

07.10.2026 13:40
Пра польскае жыццё «Сабак Еўропы» і пра працу над перакладам размаўляем з перакладчыцай Яаннай Бэрнатовіч.