Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Знайшоўся бацька айца Надсана. Антон Бочка пасля вайны жыў у польскай Сілезіі (ФОТА)

16.11.2026 17:35
Сапраўднае прозвішча айца Надсана — Бочка. Лёс бацькі, Антона Бочкі, доўгі час заставаўся невядомым. Цяпер удалося высветліць яго пасляваенны лёс.
Аўдыё
  • Дзе знік бацька айца Аляксандра Надсана? Яго магіла знайшлася ў Польшчы
  ,  .
Пахаванне Антонія Бочкі, бацькі а. НадсанаPolskie radio dla Zagranicy/Y.Likhtarovich

Сёлета адзначаецца 100-годдзе з дня нараджэння айца Аляксандра Надсана — дырэктара Беларускай бібліятэкі імя Францішка Скарыны ў Лондане. Да юбілею выдавецтва «Skaryna press» рыхтуе біяграфічную кнігу Уладзіслава Гарбацкага пад працоўнай назвай «Партрэт лонданскага беларуса (Сэнсы жыцця а. Аляксандра Надсана)».

Падчас працы над кнігай аўтар і ўкладальнік сутыкнуўся з прагаламі ў сямейнай гісторыі айца Надсана. Калі пра жыццё яго маці пасля вайны вядома даволі шмат, то лёс бацькі доўгі час заставаўся загадкай.

— У мяне была інфармацыя пра маці: дзе яна жыла, дзе памерла. А вось пра бацьку звестак было зусім мала. Гэта цікавая, але вельмі таямнічая постаць.

Нядаўна Уладзіслаў Гарбацкі знайшоў у архіве Скарынаўскай бібліятэкі ў Лондане ліст ад бацькі айца Надсана.

— Калі пачаў корпацца ў архівах, шукаць інфармацыю, дакументы, то звярнуўся перадусім у Скарынаўскую бібліятэку, дзе захоўваецца вялікі архіў айца Аляксандра. У скрыні з лістамі ёсць асобная тэчка з дакументамі ягоных бацькоў. Там была інфармацыя пра маці, яе здымкі з БССР, якія нейкім чынам трапілі ў Лондан. А яшчэ знайшоўся адзін ліст, звязаны з бацькам айца Аляксандра Надсана.


«Ліст ад бацькі айца Надсана» 

Антон Бочка пісаў сваёй былой жонцы Ганне, распытваў пра сына і цікавіўся магчымасцю сустрэчы.

— Анна, слышал, что ты на пенсіі жівеш в Городеі, Шура в Англіі, может пішет до тебя. Я тоже на пенсіі, жіву не плохо. Напіші мне, тогда я пріеду до Городеі. Жду ответа. 10/І/1970.

Ліст падпісаны: Антон Бочка, Будзаў, 42, Замбкавіцкі павет, Уроцлаўскае ваяводства. На канверце — паштовы штэмпель Будзава.


. .

Едзем у Будзаў шукаць сляды Антона Бочкі. У базах звестак мясцовай адміністрацыі інфармацыі пра яго не знаходзіцца. Затое ў вёсцы жывуць людзі, якія яго памятаюць.

Распавядае жыхарка Будзава Марыя Карнась.

— Я жыву тут у Будзаве з 1953 года. Я вучылася ў пачатковай школе і чула шмат добрых слоў пра спадара Бочку, бо ён быў цудоўным матэматыкам, і ўсе дзеці хадзілі да яго на прыватныя ўрокі. Апроч таго, мой муж быў настаўнікам, і школа здавала яму кватэру ў доме спадара Бочкі. Ён жыў са спадарыняй Бочкай у доме, што застаўся пасля немцаў. Спадарыня Бочка потым пражыла з намі яшчэ 16 гадоў пасля смерці мужа, трымаючы пад падушкай сухі хлеб, бо перажыла дзве войны. Яна распавядала нам пра беднасць, пра тое, як не было чаго есці.

Дзявочае прозвішча ў яе было Паўлінка Ставічна, і недзе непадалёк жыла яе сястра, а ў Замбкавіцэ — брат. Дачка сястры некалькі разоў наведвала яе, але яна была адзінокая асоба, бяздзетная. Сам Бочка быў аднекуль з Львова, так казалі. Я ведаю, што ў яго, напэўна, быў адзін сын, бо пані Бачкова згадвала пра яго, але той нідзе не мог яго знайсці. Яны жылі разам: яна гатавала, даглядала дом, хадзіла ў краму, а ён паліў печкі. Усе хвалілі яго за матэматыку, шмат дзяцей хадзіла на тыя прыватныя ўрокі. Гэта ўсё, што я пра яго ведаю. На нашых могілках ёсць магіла спадарыні Бочкавай і спадара Бочкі. Ён ляжыць каля галоўнага ўваходу, такі стары помнік.


Пахаванне Антонія Бочкі, бацькі а. Надсана ў вёсцы Будзаў Пахаванне Антона Бочкі, бацькі а. Надсана ў вёсцы Будзаў

Антон Бочка пахаваны на вясковых могілках у Будзаве. Ён памёр 6 кастрычніка 1973 года. Гэтая знаходка дазволіць дапоўніць біяграфію бацькі айца Надсана, — радуецца Уладзіслаў Гарбацкі.

— Цяпер карціна ўжо досыць поўная, і ў кнігу можна будзе ўключыць інфармацыю пра бацьку. Нават гэтыя невялікія звесткі дапамагаюць лепш зразумець яго як чалавека. Ва ўспамінах людзей, якія сёння яго згадвалі, ён паўстае стрыманым чалавекам, але пры гэтым пра яго гавораць вельмі пазітыўна. Такіх станоўчых характарыстык мы не сустракалі ва ўспамінах блізкіх айца Аляксандра. Відаць, тыя ўспаміны грунтаваліся на аповедах самога Надсана. У іх бацька паўстае прынцыповым, стрыманым, нават крыху халодным чалавекам. На жаль, дакументальных сведчанняў захавалася няшмат, і архіўнай спадчыны Антона Бочкі пакуль знайсці не ўдалося.

Ці можаце падсумаваць, што на сёння вядома пра Антона Бочку — бацьку айца Надсана?

— Вядома, што ён працаваў настаўнікам у той самай школе, дзе вучыўся малады Алесь Бочка. Прозвішча на Надсан ён змяніў ужо падчас вайны, калі перабраўся на Захад — спачатку ў Францыю, потым у Італію, у войска Андэрса. Таксама вядома, што Антон быў досыць строгім бацькам.

Беларускія гісторыкі мелі пэўныя звесткі пра яго ўдзел у Слуцкім збройным чыне. Ён актыўна ўдзельнічаў у гэтых падзеях, уваходзіў у так званую «тройку» — вайсковую групу, звязаную з БНР. Ён нават пакінуў невялікія ўспаміны пра Слуцкі збройны чын.

Да вайны Антон Бочка навучаўся ў Віленскай настаўніцкай семінарыі. Пазней ажаніўся з маці айца Аляксандра — настаўніцай з Расіі, якая нейкім чынам апынулася на беларускіх землях. Пазнаёміліся яны ў Клецку.

Яшчэ адзін цікавы факт: падчас Другой сусветнай вайны Антон Бочка ўдзельнічаў у Беларускай краёвай абароне ў якасці інструктара. Ён меў значны вайсковы досвед, бо служыў яшчэ падчас Першай сусветнай вайны, а пазней удзельнічаў у Слуцкім збройным чыне.

Калі вайна скончылася і прыйшлі Саветы, ён знік. Гісторыкі меркавалі, што Антоні быў вымушаны хавацца, каб выратаваць жыццё. Было зразумела, што ён, хутчэй за ўсё, выехаў на Захад. Але куды менавіта — мы не ведалі, пакуль не знайшлі гэты ліст з Польшчы, з Сілезіі.

Што застаецца невядомым? Пра што вам хацелася б даведацца больш?

— Найперш мяне цікавяць адносіны паміж бацькам і сынам. Думаю, што высветліць гэта ўжо наўрад ці ўдасца, хаця, магчыма, я памыляюся. Але цяпер мы бачым, што Антоні ўсё ж цікавіўся сынам, Шурам, хваляваўся за яго.

Ва ўспамінах згадваецца, што ён не хацеў размаўляць з сынам па-беларуску. Магчыма, гэта была рэакцыя на тагачасныя рэпрэсіі, калі арыштоўвалі прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі, настаўнікаў. Не думаю, што гэта сведчыць пра нейкую беларусафобію. Хутчэй, ён проста імкнуўся аберагчы сына, клапаціўся пра яго бяспеку. З падобнымі сітуацыямі беларусы неаднаразова сутыкаліся ў сваёй гісторыі. Таму хацелася б больш даведацца пра гэтыя адносіны.

Цікава таксама, як Антон Бочка жыў у апошнія гады, чаму выбраў менавіта Польшчу, як апынуўся ў Сілезіі. Ён добра валодаў польскай мовай, таму пераезд у Польшчу выглядае цалкам натуральным. Верагодна, ён імкнуўся апынуцца як мага далей ад мяжы з Савецкім Саюзам. Пры гэтым прозвішча не змяніў.

Магчыма, адказы на некаторыя з гэтых пытанняў удасца знайсці ў Варшаве. У Архіве новых актаў (Archiwum Akt Nowych, AAN) захоўваецца калекцыя дакументаў, звязаных з рэпатрыяцыяй. Яна можа дапамагчы даведацца больш пра паваенны лёс Антона Бочкі.

Юры Ліхтаровіч

слухайце аўдыёфайл