У адным з найбуйнейшых расследаванняў, звязаных з карупцыяй падчас пандэміі каранавіруса, ужо больш за 500 чалавек маюць статус падазраваных або абвінавачаных, аб чым паведамляе выданне Onet.
Гісторыя пачалася з перапіскі ў месенджары WhatsApp. У снежні 2020 года прыватны дэтэктыў Кшыштаф Ш., вядомы сваім удзелам ў скандале з праслухоўваннем, прапанаваў сваім знаёмым магчымасць атрымаць дакументы, звязаныя з вакцынацыяй ад COVID-19. Неўзабаве з'явілася прапанова аформіць фіктыўныя прышчэпкі. «Кліентаў» цікавіла не столькі сама вакцына, колькі сертыфікат, які дазваляў, між іншым, падарожнічаць без тэстаў і каранціну.
У канцы чэрвеня 2023 года паліцыя паведаміла пра ліквідацыю трох арганізаваных злачынных груповак, якія гандлявалі фальшывымі сертыфікатамі. Яны дзейнічалі, у прыватнасці, у Любліне, Варшаве і Замасці. У затрыманых канфіскавалі маёмасць на суму больш за 3 мільёны 200 тысяч злотых.
Паводле следчых, адной з груповак кіравала Марта Ч., доктар медыцынскіх навук, раней звязаная з люблінскімі ўніверсітэтамі. За фіктыўны запіс у медыцынскай інфармацыйнай сістэме яна брала ад тысячы да паўтары тысячы злотых. Да гэтага часу ёй прад'явілі больш за 500 абвінавачанняў. У схеме дапамагала яе дачка Ноэмі Я., медсястра і выкладчыца, якая таксама прызнае свой удзел у злачынстве і супрацоўнічае са следствам.
Фальшывыя запісы датычыліся таксама замежнікаў, у тым ліку грамадзян Германіі, Італіі і Аўстраліі. Сярод кліентаў былі і прафесійныя вайскоўцы. Адзін з медыцынскіх ратавальнікаў прызнаў, што асабіста зрабіў каля 300 запісаў без рэальных уколаў і зарабіў на гэтым нават 200 тысяч злотых.
Паліцыя праводзіла расследаванне пад кодавай назвай «Ігла». Следчыя выкарыстоўвалі праслухоўванне тэлефонных размоў і канфіскавалі тысячы дакументаў.
У сярэдзіне 2026 года больш за 500 чалавек, якія заплацілі за фіктыўныя прышчэпкі, ужо апынуліся на лаве падсудных. Аднак пракуратура падкрэслівае, што расследаванне працягваецца, а спіс абвінавачанняў можа павялічыцца.
нг