Беларуская Служба

Беларускія банкі пачалі ўкараняць бескантактавыя плацежныя бранзалеты

04.09.2019 12:08
Прадстаўнікі «Прыёрбанку» лічаць, што бранзалет можа атрымаць шырокае распаўсюджанне сярод беларусаў.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo:geralt/pixabay.com/CC0 Public Domain

Беларускія банкі пачалі ўкараняць бескантактавыя плацежныя бранзалеты. Новую тэхналогію першым прапанаваў насельніцтву «Прыёрбанк», дзе лічаць, што бранзалеты павінны стаць альтэрнатывай банкаўскім карткам для бескантактавай аплаты тавараў або паслуг, паведамляе «Радыё Рацыя» са спасылкай на БелаПАН.

Як паведамілі у «Прыёрбанку», бранзалет зроблены досыць проста. У ім знаходзіцца паменшаная картка Visa Classic для бескантактавых плацяжоў. З дапамогай бранзалета можна аплачваць у адзін дотык пакупкі, рахункі ў кавярнях, крамах, аптэках або праезд у метро. Бацькі могуць аформіць бранзалет дзіцяці.

Для плацяжу дастаткова паднесці бранзалет да тэрмінала, пасля чаго тавар або паслуга будуць аплачаныя імгненна. Для надзейнасці банк апавясціць аб кожнай аперацыі з дапамогай SMS.

Разлічвацца бранзалетам можна ў Беларусі і за мяжой — у любым месцы, дзе прымаюць бескантактавую аплату. У выпадку куплі да 80 рублёў працэс аплаты з дапамогай бранзалета адбываецца імгненна, бо ў большасці выпадкаў уводзіць ПІН-код не патрэбна. Кошт бранзалета на першым этапе знізілі да 40 рублёў.

«Бранзалет стане зручным дадаткам да карткі або смартфона з дадаткам для бескантактавай аплаты, а з улікам невысокай цаны і шырокага функцыяналу можа атрымаць шырокае распаўсюджанне сярод беларусаў», — лічаць у «Прыёрбанку».

аз