„Мы павінны рэагаваць на санкцыі, якія наносяць шкоду Еўропе”, - заявіў кіраўнік Нямецка-расійскай гандлёва-прамысловай палаты Маціяс Шэп, каментуючы Закон аб бюджэце Пентагона, які прадугледжвае санкцыі для кампаній, якія будуюць газаправод Nord Stream 2, паведамляе партал niezalezna.pl.
Шэп асудзіў дзеянні ЗША і заклікаў урад у Берліне прыняць меры ў адказ. Паводле яго, амерыканскія санкцыі ствараюць пагрозу незалежнасці Еўропы і энергетычнай бяспекі.
„Наспеў час, каб Берлін і Брусель выказалі ясную пазіцыю і цвёрда адрэагавалі на дзеянні ЗША”, - заявіў Шэп у размове з нямецкім агенцтвам dpa.
Ён пераконваў, што Nord Stream 2 павышае энергетычную бяспеку ў Еўропе і забяспечвае пастаўкі газу па выгадных цэнах, таксама ў параўнанні са звадкаваным прыродным газам з ЗША.
Апрача таго, ён пераконваў, што ўводзячы санкцыі, ЗША хочуць падтрымаць продаж свайго звадкаванага газу ў Еўропу.
„Германіі патрэбныя энерганосьбіты па выгадных цэнах для падтрымання канкурэнтаздольнасці сваёй эканомікі ў свеце” , - сказаў кіраўнік Нямецка-расійскай гандлёва-прамысловай палаты ў Маскве. Ён не згадзіўся з ацэнкамі, што газаправод у значнай ступені зробіць Германію залежнай ад расійскага газу і дадаў, што ў выніку планаваных ЗША санкцый пацерпяць у першую чаргу еўрапейскія кампаніі і нямецкія энергетычныя інтарэсы, а не Расія.
Нагадваем, прыняты Палатай прадстаўнікоў „Закон аб бюджэце Пентагона” прадугледжвае санкцыі супраць кампаній, якія будуюць газаправод Nord Stream 2 з Расіі па дне Балтыйскае мора ў Германію. За гэта змагаўся, між іншым, рэспубліканскі сенатар Тэд Крус, паведамляе niezalezna.pl.
аз