Беларуская Служба

Польшча рыхтуецца да шырокамаштабных вучэнняў НАТА Defender Europe 2020

05.03.2020 16:13
Асноўная іх частка запланаваная на канец красавіка, пачатак мая.
Аўдыё
  • Польшча рыхтуецца да шырокамаштабных вучэнняў НАТА Defender Europe 2020
Нямецкая вайсковая калона ў Польшчы PAP/Marcin Bielecki

Польшча рыхтуецца да шырокамаштабных вучэнняў НАТА Defender Europe 2020. У рамках манеўраў у Еўропу будзе перакінуты найбольшы кантынгент амерыканскіх сіл за апошнія 25 гадоў. Агулам у вучэннях прыме ўдзел 37 тыс. ваеннаслужачых, у тым ліку 3 тыс. з Польшчы.

Сярод удзельнікаў вучэнняў найбольшую колькасць будуць складаць амерыканцы – 20 тыс. ваеннаслужачых. Да гэтага трэба дадаць 9 тыс. амерыканскіх марскіх пехацінцаў, якія пастаянна дыслакуюцца ў Еўропе, і 8 тыс. салдат і афіцэраў з іншых краін НАТА, у тым ліку, як зазначалася, 3 тыс. з Польшчы.

Асноўная задача манеўраў – павышэнне боегатоўнасці і прапрацоўка рэагавання ў выпадку ўзнікнення крызіснай сітуацыі. Сілы НАТА і перш за ўсё ЗША хочуць таксама праверыць, колькі часу займае перакідка амерыканскіх войск у Еўропу ў выпадку магчымага абвастрэння геапалітычнай сітуацыі. У сваю чаргу краіны пакту, якія прымаюць амерыканскія падраздзяленні, адпрацуюць сваю гатоўнасць да размяшчэння дадатковага буйнога кантынгенту сіл саюзнікаў.

У вучэннях прымуць удзел не толькі краіны НАТА, але і дзяржавы, якія цесна суцпрацоўнічаюць з пактам, напрыклад, Грузія. Дарэчы, на тэрыторыі Грузіі будзе таксама праходзіць частка манеўраў.
Акрамя Польшчы і Грузіі, вучэнні пройдуць на тэрыторыі Бельгіі, Чэхіі, трох краін Балтыі, Германіі, Італіі і Нідэрландаў.

Міністр нацыянальнай абароны Польшчы Мар’юш Юлашчак зазначыў, што вучэнні Defender Europe 2020 – найбольшыя ў Польшчы цягам апошніх 25 гадоў. Блашчак падкрэсліў, што агулам у манеўрах будзе задзейнічана 37 тыс. салдат і афіцэраў, у тым ліку 20 тыс. – узброеных сіл ЗША.

- Астатняя колькасць салдат – гэта ваеннаслужачыя членскіх краін НАТА. Мне далажылі, што з ЗША ў нашу краіну прыбылі 2 тыс. амерыканскіх салдат, не лічачы тых, якія дыслакуюцца ў Польшчы. Нагадаю, амерыканцы знаходзяцца ў нас з 2016 года, калі на саміце НАТА ў Варшаве было прынятае адпаведнае рашэнне.

Кіраўнік Мінабароны Польшчы падкрэсліў, што вучэнні не накіраваныя супраць ані якай краіны.

- Задача вучэнняў – удасканаленне метадаў супрацоўніцтва польскіх сіл і нашых саюзнікаў. Асабліва адпрацоўваецца лагістычная частка: гэта пытанні размяшчэння салдат, забеспячэння іх харчаваннем, а тэхнікі – гаруча-змазачнымі матэрыяламі. І гэта мы адпрацоўваем у вялікім маштабе.
Задача Войска Польскага – абарона айчыны, а такія вучэнні маюць прэвентыўны характар.

Вучэнні Defender Europe 2020 пройдуць на 12 вайсковых аб’ектах у Польшчы. Асноўная іх частка запланаваная на канец красавіка, пачатак мая.

У Польшчы, акрамя ваенных аэрадромаў, для перакідкі войск выкарыстоўваюцца грамадзянскія аэрапорты ў Гданьску, Познані і Уроцлаве. Акрамя таго, будуць выкарыстаныя марскія парты ў Гдыні, Гданьску і Шчэціне. Для перакідкі тэхнікі сухапутным шляхам выкарыстоўваюцца грамадскія дарогі і чыгунка. Дарэчы, рух войск перад вучэннямі пачаўся ўжо ў студзені бягучага года.

Перакідка войск ЗША ў Еўропу ўжо таксама пачалася, бо пасля прыбыцця на наш кантынент амерыканскія ваеннаслужачыя павінны ўзяць зброю і аснаджэнне з ваенных складоў у Бельгіі і Германіі. З ЗША салдат перакінуць паветраным шляхам, а тэхніка прыбудзе на суднах у парты Германіі, Нідэрландаў і Бельгіі.

Міністэрства абароны Польшчы паінфармавала, што для назірання за манеўрамі былі запрошаныя прадстаўнікі Мінабароны розных краін, у тым ліку суседніх, а таксама дзяржаў, якія з’яўляюцца членамі АБСЕ. Запрашэнні атрымалі ў тым ліку Беларусь і Расія. Дарэчы, міністр замежных спраў Расіі Сяргей Лаўроў скрытыкаваў вучэнні, зазначыўшы, што яны сведчаць пра тое, што планы НАТА «не прадбачаць умацавання з РФ мер дээскалацыі».

вс