Беларуская Служба

Цэнтральнай тэмай старшынства ФРГ у Радзе ЕЗ стане пандэмія

23.06.2020 08:28
Адпаведная дамоўленасць была дасягнутая ў Берліне паміж прадстаўнікамі Хрысціянска-дэмакратычнага саюза( ХДС), Хрысціянска-сацыяльнага саюза (ХСС) і Сацыял-дэмакратычнай партыі Германіі (СДПГ).
Berlin - zdjęcie ilustracyjne
Berlin - zdjęcie ilustracyjneShutterstock

Партыі, якія ўваходзяць у кіруючую кааліцыю Германіі, прынялі рашэнне прысвяціць старшынства краіны ў Радзе Еўрапейскага Звязу барацьбе з пандэміяй каранавіруса. ФРГ распачне кіраванне Радай з 1 ліпеня. Адпаведная дамоўленасць была дасягнутая ў панядзелак, 22 чэрвеня, у Берліне паміж прадстаўнікамі Хрысціянска-дэмакратычнага саюза( ХДС), Хрысціянска-сацыяльнага саюза (ХСС) і Сацыял-дэмакратычнай партыі Германіі (СДПГ).

«Пандэмія COVID-19 ставіць Еўразвяз перад лёсавызначальным выклікам», – гаворыцца ў сумеснай заяве па выніках пасяджэння. Германія, паводле дакументу, выконваючы ролю старшыні Рады ЕЗ будзе «прыкладаць усе сілы для таго, каб разам, думаючы пра будучыню, справіцца з гэтай задачай і зноў зрабіць Еўропу моцнай».

Раней кіраўнік нямецкага ўраду Ангела Мэркель заявіла, што бачыць у старшынстве ФРГ у Радзе ЕЗ магчымасць надаць новы імпульс адносінам з Расіяй. Канцлер аднесла да магчымых тэмаў для абмеркаванняў з Масквой сітуацыю ў Лівіі і Сірыі, абарону клімату і глабальную ахову здароўя.

Чакаецца, што нямецкі Кабінет міністраў прадставіць зацверджаную праграму старшынства ў Радзе ЕЗ 24 чэрвеня. Дзяржава-старшыня Рады Еўразвязу абіраецца на шэсць месяцаў. Германія апошні раз займала гэтую пасаду ў 2007 годзе 1 ліпеня Берлін па ратацыі зменіць Харватыю. А з 1 студзеня 2021 года старшынёй Рады ЕЗ будзе Партугалія.

dw.com/эж