Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Расійская апазіцыя: Рукі прэч ад Беларусі!

17.08.2020 15:07
„Цяжка будзе растлумачыць расейцам, чаму Расія накіроўвае войскі ў Беларусь”, -лічыць актывіст Дзмітрый Гудкоў.
Сцяг РасііIGORN /pixabay.com/CC0 Public Domain

„Рукі прэч ад Беларусі!”, - напісаў у блогу „Эхо Москвы” лідар расійскай апазіцыйнай партыі „Яблоко” Рыгор Яўлінскі. Палітык падкрэслівае, што „ўмяшанне Расіі ў падзеі ў Беларусі будзе злачынствам”.

Іншы расейскі апазіцыйны актывіст Дзмітрый Гудкоў не верыць, што Уладзімір Пуцін вырашыць накіраваць расійскія войскі ў суседнюю краіну.

- Расейцы не падтрымаюць інтэрвенцыю, і прапаганда ў гэтым выпадку не дапаможа. Цяжка будзе растлумачыць расейцам, чаму Расія накіроўвае войскі ў Беларусь.

Апазіцыйны палітолаг Леанід Гозман адзначае, што ўмяшанне Расіі ў суседнюю краіну было б страшным для самой Расіі. „Калі б, не дай Бог, да гэтага дайшло, нас там будуць вітаць як агрэсара. Яны будуць страляць па нашых салдатах”, - папярэджвае расійскі эксперт.

На думку палітолага Уладзіміра Пастухова, Расія прыме найбольш зручнае для яе рашэнне. „Калі Крэмль зразумее, што перамога рэвалюцыі непазбежная, то ён не будзе супраць гісторыі”, - разважае расійскі палітолаг.

„Пуцін нікуды нічога не ўвядзе”, - супакойвае ў сваю чаргу гісторык Марк Саланін і дадае, што ў Расіі няма неабходных сіл для правядзення такой аперацыі.

Нагадваем, учора Уладзімір Пуцін і прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка размаўлялі пра магчымую ваенную дапамогу ў вырашэнні сітуацыі ў Беларусі.

аз