Польшча плануе ажыццявіць праграму аднаўлення стану здароўя грамадзян. Праграма павінна даць пацыентам прасцейшы і шырэйшы доступ да медыцынскай дапамогі ў часе пандэміі каранавіруса.
Міністр аховы здароўя Адам Нядзельскі(Adam Niedzielski) заклікаў палякаў, якія маюць праблемы са здароўем, не баяцца наведваць лекараў.
На адмысловай прэс-канферэнцыі кіраўнік Міністэрства аховы здароўя прадставіў план аднаўлення здароўя палякаў падчас пандэміі каранавіруса.
Адам Нядзельскі падкрэсліў, што палякі надалей пакутуюць ад розных захворванняў, як да эпідэміі COVID-19, але многія з іх баяцца заражэння каранавіруснай інфекцыяй і адтэрміноўваюць лекарскія абследаванні ці запланаваныя раней візіты ў паліклініках. Гэта вельмі небяспечна тэндэнцыя, лічыць міністр:
- Лозунг „Застанься дома!” не датычыць працягу лячэння, ці сітуацыі, калі мы дрэнна сябе адчуваем. У гэткіх выпадках лекара абавязкова трэба наведаць. Гэта важная справа, паколькі яна можа вырашыць пра наш камфорт і стан нашага здароўя на бліжэйшыя гады.
Міністр Нядзельскі таксама прадставіў план аднаўлення стану здароўя палякаў, рэалізацыя якога павінна пачацца з пачатку наступнага года.
- Праграма будзе ахопліваць людзей, якім больш за 40 гадоў. Яна дазволіць асобам ва ўзросце, у якім традыцыйна паяўляюцца першыя сімптомы розных захворванняў, праверыць стан свайго здароўя і кандыцыю пасля пандэміі.
Адам Нядзельскі падкрэсліў, што колькасць смяротных зыходаў у Польшчы павялічваецца таксама па іншых, чым COVID-19 прычынах:
- Нашая сустрэча і супраца – гэта рэакцыя на рост смяротных зыходаў. Нас непакоіць таксама тое, што згаданы рост звязаны не толькі з COVID-19, які б’е чарговыя рэкорды, але з іншымі, чым каранавірус захворваннямі.
Таксама лекары-спецыялісты падкрэсліваюць, што пацыенты, якія пакутуюць ад іншых, чым COVID-19 захворванняў, маюць патрэбу ў непасрэдным кантакце з лекарам.
Кардыёлаг прафесар Марцін Грабоўскі (Marcin Grabowski) падкрэсліў, што кантакт па тэлефоне ідэальна падыходзіць для кантролю стабільнага пацыента, ацэнкі стану яго здароўя пасля шпіталізацыі ці, каб выпісаць рэцэпт на лекі.
Тым ня менш асабісты кантакт з лекарам неабходны і ў многіх сітуацыях, адзначыў прафесар:
- Гэта сітуацыі, калі ў пацыента паявяцца першыя сімптомы захворвання, калі захворванне абвастраецца, калі неабходнай з’яўляецца дадатковая дыягностыка. Гаворка ідзе таксама пра сітуацыі, калі пацыент мае рознага роду імпланты, напрыклад, кардыёстымулятар і ён не ахоплены дыстанцыйным маніторынгам.
Кардыёлаг нагадаў, што група каля 30% пацыентаў з хранічнымі захворваннямі патрабуе асабістага кантакту з лекарам.
Спецыялісты па некалькіх спецыяльнасцях, у тым ліку па такіх, як кардыялогія, неўралогія, анкалогія, унутраныя захворванні, пульманалогія, хірургія вызначылі клінічныя сітуацыі, калі асабісты кантакт паміж пацыентам і лекарам неабходны.
Рэкамендацыі, распрацаваныя экспертамі, накіраваныя не толькі для пацыентаў, але перш за ўсё для лекараў розных спецыяльнасцяў, у тым ліку лекараў першаснай медыцынскай дапамогі.
Да заклікаў уладаў і медыкаў далучыліся таксама арганізацыі пацыентаў. Яны заахвочваюць палякаў не адтэрміноўваць лячэння іншых захворванняў.
Гэта тым больш важнае, што паводле вынікаў апытанняў грамадскай думкі, ажно тры чвэрці пацыентаў у Польшчы плануюць пачакаць з працягам лячэння да канца пандэміі каранавіруса.
Магдалена Калодзей(Magdalena Kołodziej) з фонду „Мы пацыенты” нагадала, што арганізацыя ўжо некалькі месяцаў праводзіць кампанію „Лячыся, не чакай!”:
- Мы далучыліся да выдатнай каманды Continuo Curatio, падтрымліваючы каманду экспертаў і даючы пацыентам доступ да ведаў і інфармацыі. Гаворка ідзе пра тое, каб пераконваць хворых, каб яны не адтэрміноўвалі лячэння, клапаціліся пра сваё здароўе і нягледзячы на розныя праблемы, кантактавалі са сваімі лекарамі. Гэта вельмі важная справа і адсюль і нашыя заклікі.
У рамках праграмы аднаўлення стану здароўя палякаў Міністэрства аховы здароўя плануе пашырыць сетку медыцыйнскіх цэнтраў, якія займаюцца лячэннем кардыялагічных і анкалагічных захворванняў, зняць абмежаванні на амбулаторную медыцынскую дапамогу і прывесці да стварэння сістэмы псіхалагічнай дапамогі для падлеткаў і дарослых, якія маюць псіхічныя праблемы з-за пандэміі.
Нагадваем, праграма Міністэрства аховы здароўя павінна стартаваць з пачатку наступнага года.
аз