У цэнтры Любліна, на рацэ Чэхаўка, з'явіліся бабры. Грызуны ўжо павалілі два невялікіх дрэва і пашкодзілі некалькі вялікіх. Жывёл можна ўбачыць уначы, – распавядае жыхарка Любліна Магдалена, якая любіць шпацыраваць узбярэжжам Чэхаўкі:
-Я чатыры разы бачыла, па вечарах. Увогуле, яны вядуць начны лад жыцця. Гэта, верагодна, самец, таму што на вока ён мае з 30 сантыметраў. Яны ўжо прывыклі да цывілізацыі, але гэта звычайныя бабры. Яны ўжо пачынаюць наводзіць тут парадак з таполямі, а перад гэтым павалілі яшчэ нейкае дрэўка. Яны тут вылазяць каля дзесяці вечара. У самым цэнтры Любліна. Тут шмат жывёлаў на беразе Чэхаўкі: у траўні многа салаўёў, бачыла чапля, ёсць крыжанкі. Жывёлы навучыліся жыць побач з цывілізацыяй.
У гэтым раёне Чэхаўка ўпадае ў падземны канал, які праходзіць пад вуліцамі гораду. Побач будуюць вялікую сучасную лякарню, аднак гэта жывёлам не перашкаджае ствараць тут уласныя схованкі.
iar/эж