Беларуская Служба

Польшча рыхтуецца да пераўтварэнняў на энергетычным рынку

16.04.2021 14:35
Удзельнікі Форуму 590 задумоўваліся, якім чынам польскія кампаніі могуць скарыстацца на ўкараненні ветраэнергетыкі ў Польшчы.
Аўдыё
  • Надоечы ў Польшчы прайшлі чарговыя дэбаты ў рамках Форуму 590.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Franz26/pixabay.com/CC0 Public Domain

Надоечы ў Польшчы прайшлі чарговыя дэбаты ў рамках Форуму 590 пад загалоўкам „Марская ветраэнергетыка - шанец для польскіх прадпрымальнікаў”. У мерапрыемстве, якое прайшло ў дыстанцыйным фармаце, прынялі ўдзел прадстаўнікі дзяржаўных уладаў, найбуйнейшых польскіх энергетычных кампаній і прыватныя прадпрымальнікі.  Удзельнікі дэбатаў абмяркоўвалі выклікі, якія стаяць перад польскім энергетычным сектарам і задумоўваліся пра тое, якім чынам польскія кампаніі могуць скарыстацца працэсам пераўтварэнняў.

Паводле Нацыянальнага плана па энергетыцы і клімаце на 2021-2030 гады, доля энергіі з аднаўляльных крыніц у нацыянальным энергетычным комплексе павінна пастаянна павялічвацца да 21% у 2030 годзе.

Гэтая мэта, а таксама факт, што ў Польшчы даволі добрыя ўмовы для вытворчасці ветраэнергіі, выклікаюць велізарнае зацікаўленне з боку энергетычных кампаній, пастаўшчыкоў тэхналогій, будаўнічых кампаній і ўсяго бізнес-асяроддзя „зялёнай энергіі”.

У гэткай сітуацыі адной з галоўных задач з'яўляецца неабходнасць распрацоўкі рашэнняў, якія дадуць шанец на развіццё польскім кампаніям у гэтай галіне.

Марская ветраэнергетыка - гэта велізарны выклік і шанец для польскай энергетыкі і эканомікі, канстатавалі ўдзельнікі Форума 590.

Намеснік міністра дзяржаўных актываў Артур Собань(Artur Soboń) заявіў, што польскі энергетычны сектар знаходзіцца ў гістарычным моманце. Гаворка ідзе пра пераўтварэнні на энергетычным рынку, мэта якіх - забеспячэнне энергетычнай бяспекі Польшчы і канкурэнтных цэн на энерганосьбіты для палякаў і польскай прамысловасці. „Такім чынам, мы хочам забяспечыць канкурэнтаздольнасць польскай эканомікі”, - нагадаў віцэ-міністр:

- У цяперашняй сітуацыі адмова ад інвестыцыйных выклікаў, у тым ліку інвестыцыяў у ветраэнергію, вырабленую ў ветрапарках у Балтыйскім моры, азначае пагрозу бяспецы і канкурэнтаздольнасці польскай эканомікі. Працэс пераўтварэнняў трэба эфектыўна запланаваць і добра выкарыстаць.

Віцэ-міністр падкрэсліў, што Балтыйскае мора з'яўляецца вельмі добрым месцам для рэалізацыі ветраэнергетычных праектаў. Ён паўтарыў, што вельмі важна выкарыстоўваць у гэтым  працэсе патэнцыял польскіх кампаній:

- Вельмі важна, каб выкарыстаць патэнцыял польскіх кампаній і стварыць добраплатныя, спецыялізаваныя месцы працы. Тэхнічны прагрэс у гэтай галіне гіганцкі. Гаворка ідзе, між іншым, пра магутнасць ветрапаркаў. Гэта азначае, на мой погляд, як мінімум 50 адсоткаў удзелу польскіх прадпрымальнікаў у гэтым праекце і каля 70 тысяч новых месцаў працы, якія могуць узнікнуць пры нагодзе.  

Паводле агульных падлікаў, будаўніцтва марскіх ветрапаркаў у Балтыйскім моры будзе каштаваць больш за 100 мільярдаў злотых(амаль 22 мільярды еўра).

Намеснік міністра клімату і навакольнага асяроддзя Ірэнэвуш Зыска(Ireneusz Zyska) нагадаў, што, згодна з Нацыянальным планам па энергетыцы і клімаце, да 2040 года магутнасць марскіх ветрапаркаў у Балтыйскім моры павінна складаць 11 гігават. Ён падкрэсліў, што ў Балтыйскае мора гарантуе выключна добрыя параметры ветру:

- Як мяркуюць эксперты, мы можам памножыць гэты патэнцыял да 2050 года, як мінімум удвая, або амаль утрая - да 28 гігават, што складае каля 50 адсоткаў попыту на электраэнергію польскай эканомікі.

Першы этап інвестыцый прадугледжвае стварэнне ветрапаркаў агульнай магутнасцю ў 5 мегават.

Ірэнэвуш Зыска, які з'яўляецца паўнамоцным прадстаўніком урада па пытаннях аднаўляльных крыніц энергіі, падкрэсліў, што ўжо падрыхтаваныя законапраекты, якія дазваляюць інвеставаць у ветрапаркі і гарантуюць прывабную цану ветраэнергіі. У той жа час ён запэўніў, што да інвестыцый будзе прыцягнута шмат польскіх кампаній.

- З кампаніямі з Вялікабрытаніі, Канады, Нарвегіі, Даніі польскія прадпрыемствы падпісалі дамовы аб стратэгічным партнёрстве. Гаворка ідзе пра тое, каб пераадолець адсутнасць досведу ў рэалізацыі настолькі буйных праектаў. На сённяшні дзень больш за сто польскіх прадпрыемстваў пастаўляе на сусветны рынак абсталяванне і паслугі, звязаныя з ветраэнергіяй.  
Ірэнэвуш Зыска дадаў, што па пытанні ветрапартаў у Балтыйскім моры прайшлі кансультацыі з экспертамі, каб іх размяшчэнне не перашкаджала ў працы суднаходных або паветраных маршрутаў, а таксама не паўплывала на ландшафт.

Старшыня кампаніі PGE Polska Grupa Energetyczna Войцех Дамброўскі(Wojciech Dąbrowski) сказаў, што змены на энергетычным рынку ў Польшчы – гэта велізарны арганізацыйны выклік для ўсёй польскай эканомікі.

Ён падкрэсліў, што ў адпаведнасці са стратэгіяй групы ў 2050 годзе кампанія PGE павінна мець нулявую эмісію:

- Для нас гэта велізарны арганізацыйны і фінансавы выклік. Дзеля гэтага неабходная эфектыўная арганізацыя і сродкі. Па гэтай справе мы чакаем падтрымкі з боку Еўрасаюза, які патрабуе, каб Польшча хутка адмовілася ад вугалю. Паводле нашых праектаў 25% кошту пераўтварэнняў будуць складаць сродкі з ЕС.

Нагадваем група PGE з'яўляецца найбуйнейшым вытворцам электраэнергіі ў Польшчы. Ейны ўдзел у рынку складае больш за 40 адсоткаў.

Форум 590 быў арганізаваны ў рамках падрыхтоўкі да Кангрэса 590, які запланаваны на пачатак траўня.

Нагадваем, Кангрэс 590 – гэта цыклічнае штогадовае эканамічнае мерапрыемства, якое збірае прадстаўнікоў польскага бізнесу, навукі, палітыкі і заканадаўства, а таксама замежных гасцей. Назва Кангрэс 590 паходзіць ад прэфікса штрых-кода, які выкарыстоўваецца для пазначэння тавараў, якія вырабляюцца альбо распаўсюджваюцца польскімі прадпрыемствамі.

аз